it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 25

У Мінску выйшла “Выбранае” Міколы Ермаловіча – уключна з бестселерам “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае”

Ладная кніга больш чым на 600 старонак выйшла ў серыі “Беларускі кнігазбор”. Міколы Ермаловіча не стала яшчэ ў 2000 годзе. Усё жыццё ён меў дрэнны зрок – праз гэта не пайшоў на фронт, праз гэта і загінуў – пад коламі таксоўкі, пераходзячы дарогу. Але Мікола Ермаловіч меў добры зрок гістарычны. Ягоная галоўная праца – кніга“Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае” – ад з’яўлення выклікала неадназначную рэакцыю адных (“як так – “літоўскае” і адначасова “беларускае”?!) і захопленыя водгукі іншых (“нарэшце!”). Ермаловіч быў адным з першых, хто ў працах пра ВКЛ пачаў цягнуць коўдру на Беларусь. Бо нашыя суседзі па Княству не саромеюцца рабіць гэта даўно: палякі лічаць яго выключна польскім, літоўцы – выключна літоўскім. І адныя беларусы моўчкі пагаджаліся і з тымі, і з другімі. Мікола Ермаловіч, не адмаўляючы, што ў Княстве жылі не толькі беларусы, не стамляўся падкрэсліваць БЕЛАРУСКІ складнік там.

Пра кнігу Міколы Ермаловіча і ягоную асобу мы гутарым з Анатолем ГРЫЦКЕВІЧАМ, доктарам гістарычных навук, прафесарам Унiверсiтэта культуры i мастацтваў, правадзейным сябрам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

-- Анатоль Пятровіч, вы доўга ведалі Міколу Ермаловіча?

-- Мы пазнаёміліся ў Нацыянальнай бібліятэцы на пачатку 1970-х, тады яна называлася Дзяржаўная бібліятэка. Мікалай Іванавіч, хоць і меў вельмі кепскі зрок, хоць і жыў у Маладэчне, але, не шкадуючы сябе, штодня ездзіў адтуль электрычкамі ў залу беларускай літаратуры. Я тады працаваў над тэкстамі па феадальнай гісторыі для першага тома «Гісторыі Беларускай ССР» (выйшаў у 1972 годзе), а яго спачатку цікавіла старажытная гісторыя Беларусі — ад ІХ да XIV стагоддзя. Сталі гутарыць. Высветлілася, што па большасці пытанняў мы – аднадумцы, так і зблізіліся. Мікола Ермаловіч працаваў са стосам кніг па гісторыі роднай Беларусі. Ён рыхтаваў сваю першую кнігу. Яму ніхто не плаціў за гэта грошай, ніхто не вызначаў пяцігадовых планаў, як іншым навукоўцам. Але, што добра,  яму ніхто не загадваў, як і пра што пісаць. Яму толькі перашкаджалі. Тое, што Ермаловіч не знаходзіўся на працы ў афіцыйных навуковых установах (напрыклад, у Інстытуце гісторыі АН БССР ці ў БДУ), пайшло яму на карысць. Ніхто з начальства не перашкаджаў яму працаваць, не забараняў выбіраць тэму даследаванняў ці абмяжоўваць яе вельмі сціплымі рамкамі…

Мікола Ермаловіч

-- Як Мікола Ермаловіч пачынаў сваю навуковую дзейнасць?

-- Ад 1957 года ён даследаваў старажытныя летапісы, аналізаваў працы і даводзіў ацэнкі гісторыкам, ранейшым і сучасным. Абмежаваны фізічнымі здольнасцямі (вельмі дрэнным зрокам), Ермаловіч вывучаў крыніцы самастойна і спачатку ў дыскусіях не ўдзельнічаў. Ён меў мужнасць у сваёй працы выступаць супраць афіцыйнай гістарычнай навукі, закаванай у браню марксісцка-ленінскай дагматыкі і вялікадзяржаўнай расійскай традыцыі. Ужо ў 1975–1976 гадах метадам самвыдату (на друкарцы) ён выпускаў лісток «Гутаркі», у якім абвяргаў погляды савецкай гістарыяграфіі на гісторыю сярэднявечнай Беларусі. У 1980 годзе яго рукапіс «Па слядах аднаго міфа» ў скарочаным выглядзе быў узяты ў выдавецтва «Мастацкая літаратура» для адмысловага зборніка артыкулаў. Мне пашчасціла спрыяць гэтаму цудоўнаму чалавеку: я напісаў рэцэнзію з рэкамендацыяй да друку (хаця былі і заўвагі), бо лічыў кірунак яго даследаванняў перспектыўным. Аднак у ЦК кампартыі Беларусі было вырашана зборнік не друкаваць. Гэты рукапіс Ермаловіча разыходзіўся сярод чытачоў у машынапісных копіях.

Анатоль Грыцкевіч

-- У гэтым і былі перашкоды, якія чыніліся Ермаловічу?

-- Што вы, далёка не толькі ў гэтым! У 1982 годзе я быў запрошаны на пасяджэнне вучонай рады Інстытута гісторыі Акадэміі навук па абмеркаванні працы пра Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Я быў адзіным аўтарам (з пяці), які не згаджаўся з іншымі аўтарамі і навуковымі рэдактарамі. Іх канцэпцыя заключалася ў тым, што Вялікае Княства Літоўскае было выключна літоўскай дзяржавай. Я бараніў свае пазіцыі, абвяргаючы іх канцэпцыю. Дарэчы, кніга не выйшла, бо ўжо тады маральна састарэла. Нечакана для мяне кіраўніцтва Інстытута гісторыі і некаторыя гісторыкі, што вывучалі гісторыю феадальнага перыяду (доктар навук З. Ю. Капыскі і інш.), прапанавалі вучонай радзе прыняць рашэнне і накіраваць ліст у ЦК КПБ, у якім звярнуліся да высокага партыйнага начальства з просьбай забараніць публікацыю артыкулаў і твораў Мікалая Іванавіча. Гэта было найлепшай формай бальшавіцкай крытыкі! ЦК КПБ, зразумела, ахвотна задаволіў гэтую просьбу. На некалькі гадоў Ермаловічу перашкодзілі выдаваць свае творы. Але Мікалай Іванавіч выступаў перад прыхільнікамі беларускай гісторыі ў клубе «Спадчына». Памятаю, як у 1986 годзе, праслухаўшы яго выступ-лекцыю пра летапісную Літву, я, падтрымаўшы яго канцэпцыю, адзначыў, што па сваіх ведах Мікалай Іванавіч мог бы быць акадэмікам, калі б тады гэтае званне давалася не з палітычных, а навуковых меркаванняў. З вялікай цяжкасцю ішла публікацыя твораў Ермаловіча нават у гады перабудовы. Згаданая яго кніга «Па слядах аднаго міфа» ішла ў выдавецтве «Навука і тэхніка» з вялікімі перашкодамі... У сваім пасляслоўі да гэтай кнігі «З ліхтаром праўды» я адзначыў, што Мікола Ермаловіч абгрунтавана абверг міф пра заваёву літоўцамі беларускіх земляў у ХІІ стагоддзі, а таксама, што канцэпцыя Міколы Ермаловіча перспектыўная. Наступныя даследаванні іншых навукоўцаў пацвердзілі гэта.

-- Анатоль Пятровіч, у чым заключалася адрозная канцэпцыя Міколы Ермаловіча адносна Вялікага Княства Літоўскага?

-- Канцэпцыя Міколы Ермаловіча адпавядае высновам археолагаў пра тое, што да VIII–IX стагоддзя на сучаснай тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны. Рэшткі іх паступова асіміляваліся беларускім насельніцтвам ажно да XVI стагоддзя ўключна (раён Вільні і сучаснага літоўска-беларускага памежжа). Міф пра літоўскую заваёву тэрыторыі Беларусі створаны ў XVI стагоддзі ўпершыню з’явіўся ў літаратурна-публіцыстычным творы «Сказание о князьях владимирских». Нараджэнне гэтага міфа звязана з тагачасным імкненнем вялікіх князёў маскоўскіх давесці іх уяўныя правы на землі Беларусі і Украіны. Таму ў «Сказании…» вялікія князі Віцень і Гедымін выступаюць як захопнікі гэтых земляў, якія павінны быць вернуты законнаму гаспадару — вялікаму князю маскоўскаму. Ермаловіч падкрэсліў, што значнай перашкодай для аб’ектыўнага асвятлення пачатковага перыяду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага з’яўляецца атаясамліванне летапіснай Літвы з усходняю часткаю сучаснай літоўскай рэспублікі. Мікола Ермаловіч слушна пісаў, што стварэнне Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у Наваградку найперш адпавядала інтарэсам беларускіх феадалаў. Не выпадкова і тое, што ў Вялікім Княстве Літоўскім пануючае месца заняла беларуская культура, а тагачасная беларуская мова стала дзяржаўнай! Тым, хто сумняецца, я прыгадваю такі факт з гісторыі. Калі ў той час, нават у глыбіні цяперашняй Летувы, з горада ехаў суддзя ў вёску судзіць сялян, то ён браў з сабой перакладчыка, які ведаў летувіскую (жамойцкую) мову, бо судзіў, згодна са Статутам Вялікага Княства Літоўскага, на беларускай мове. У кнізе Міколы Ермаловіча шаноўны чытач знойдзе багата такіх цікавостак!..

ДАВЕДКА

Мікола ЕРМАЛОВІЧ нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі Менскага павета (цяпер Дзяржынскі раён), вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце на факультэце беларускай мовы і літаратуры. З-за слабога зроку ў вайне не ўдзельнічаў. Быў настаўнікам сярэдняй школы ў Мардоўскай АССР. У канцы 1943 года вярнуўся ў Беларусь, працаваў у тагачасным Суражскім раёне Віцебскай вобласці, быў завучам сярэдняй школы ў Дзяржынску. У 1947 годзе скончыў Менскі педагагічны інстытут. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1992 год).

Тэгі: ,