it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 22

Я атрымаў СМС аб выйгрышы 1 мільёна фунтаў стэрлінгаў. А міліцыя не пабачыла тут факта махлярства

Трэцяга лістапада "Звязда" напісала пра кур'ёзны выпадак. Мінскаму пенсіянеру прыйшла эсэмэска: вы выйгралі 450 тысяч фунтаў стэрлінгаў (каля 715 тысяч долараў)! Шчасліўчыку прапаноўвалася для атрымання выйгрышу патэлефанаваць на нумар, адкуль прыйшло паведамленне, або зайсці на сайт і далей кіравацца інструкцыямі. Дзядуля накруціў тэлефон міліцыі. Але не каб паведаміць пра махлярства, а каб... папрасіць міліцыянераў дапамагчы яму атрымаць выйгрыш! Ці трэба казаць, што ў міліцыі небараку засмуцілі: гэта — выхадкі аферыстаў? Каментуючы тады выпадак, прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі заклікаў грамадзян не весціся на такія прапановы: халявы не бывае.

Вы будзеце смяяцца, але назаўтра такая смс прыйшла мне. Толькі мне пашчасціла ўдвая больш, чым таму дзеду: я "выйграў" цэлы мільён фунтаў стэрлінгаў. Каб пацвердзіць, што я не супраць такога прыза, я быў павінен выслаць ліст на пазначаны адрас электроннай пошты. Як законапаслухмяны грамадзянін, я неадкладна накруціў "102".

— Міліцыя, слухаем, чым можам дапамагчы?

— Ведаеце, мне тут эсэмэска прыйшла, што я мільён фунтаў выйграў. Я чуў, што гэта махлярства. Разбярыцеся!..

— Чакайце, зараз вышлем вам спецыялістаў!

Чакаць давялося хвілін 10 — спецылістам аказаўся дзяжурны бліжэйшага да мяне гарадскога аддзела міліцыі №3.

— Трэба напісаць заяву, будзем разбірацца.

Я, акрылены ідэяй раскрыцця міжнароднай аферы, нават сам пайшоў у аддзяленне пісаць заяву.

Гарадскі аддзел міліцыі №3 сустрэў мяне трохпавярховымі мацюкамі. Гэта міліцыянты высвятлялі ў п'яненькага мужычка, навошта ён ляжаў пасярод дарогі.

— Якога х.. ты ляжаў там, табе што, б..., жыць надакучыла?!

Я запытаўся, ці з усімі затрыманымі яны размаўляюць так.

— Дык гэта, ён інакш не разумее!.. — адказаў мне чалавек у форме і пры пагонах.

Я напісаў заяву, дзе пазначыў нумар, адкуль прыйшла эсэмэска і акалічнасці справы.

Праз пару дзён — званок.

— Я — ваш участковы Сяргей Сушчыц. Трэба вас дадаткова апытаць, што да чаго.

— Дык я ўсё што ведаў, напісаў у заяве.

— Усё адно, трэба яшчэ апытаць. Вам гэтае паведамленне з Расіі прыйшло?

Тут я ўвайшоў у ступар. Як так? Вы за некалькі дзён нават не даведаліся, адкуль гэтае СМС? А чаму я, увёўшы гэты код у пошукавую сістэму, адразу пабачыў, што яно з Ірландыі?!

— Нічога, ажно з Ірландыі!.. — прысвіснуў участковы. — Будзем разбірацца.

Мяне яшчэ раз апыталі. Ці адзін раз прыходзіла паведамленне. Ці дасылаў я адказ. Ці плаціў якія грошы.

...І вось учора ў паштовую скрыню ўкінулі ліст з УУС Фрунзенскага раёна. У завядзенні крымінальнай справы (менавіта так паводле правілаў складалася заява) мне адмоўлена. Пішуць, што я магу гэта абскардзіць у судзе ці пракуратуры. Матывавалі міліцыянеры адмову тым, што я ніякія грошы не пералічваў, а паведамленне прыходзіла адзін раз. Маўляў, пацярпелых няма, складу злачынства таксама.

Аднак мяне такі адказ засмуціў. Я звяртаўся ў міліцыю не таму, што мяне надурылі. Я журналіст, і ўцяміў, што гэта "лахатрон". Але колькі такіх пенсіянераў, як той дзед, ці проста даверлівых людзей могуць купіцца на такі падман? І бывалі выпадкі — чалавек адказвае на СМС, а з ягонага нумара спісваецца кругленькая сума. Я прасіў абараніць не сябе, а іншых, даверлівых грамадзян. І пішучы першую заяву, і размаўляючы з участковым, я вусна тлумачыў, што мая мэта — каб яны праз сотавага аператара заблакавалі нумар махляроў. Але гэта для мінскай міліцыі, відаць, апынулася невыканальнай задачай.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

Каментар міліцыі

"Але ад такіх "лістоў шчасця"
паратунак адзін — не звяртаць увагі"

Участковы Сяргей СУШЧЫЦ патлумачыў: ён зрабіў усё, што мог.

— Я перадаў матэрыялы кіраўніцтву, яны кансультаваліся, вырашалі, што вам адкзаць. Гэта не я вырашаў. Магчыма, вам трэба напісаць заяву мабільнаму аператару, каб яны заблакавалі гэты нумар. Вы на гэтую СМС не адказвалі, грошы ім не слалі — фармальна складу злачынства тут няма.

Прэсавы сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр ЛАСТОЎСКІ кажа, што ад жадання атрымаць задарма нейкі прыз людзей абараніць вельмі цяжка.

— Разумееце, мінская міліцыя да ірландскіх правапарушальнікаў мае вельмі ўскоснае дачыненне. Магчыма, быў пададзены запыт праз Інтэрпал — такія запыты апрацоўваюцца вельмі доўга, бо ідуць туды з усяго свету. Калі адказ прыйдзе, што асобы, якія даслалі вам СМС, высветленыя, тады справа будзе адноўленая. Але ад такіх "лістоў шчасця" паратунак адзін — ставіцца да іх скептычна, не звяртаць увагі. Гэта ж відавочна: калі чалавек нічога не зрабіў — і раптам атрымлівае паведамленне, што выйграў вялікія грошы — гэта ашуканства! Але вы сапраўды можаце альбо абскардзіць рашэнне міліцыі ва ўсталяваным законам парадку, альбо звярнуцца ва Упраўленне "К", якое займаецца злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій.

— Спадар Аляксандр, але я не прасіў злавіць ірландскіх бандзюкоў. Я спадзяваўся, што міліцыя заблакуе праз мабільнага аператара гэты нумар...

— А якое дачыненне мае міліцыя да мабільнага аператара? Факту злачынства няма — таму і паўнамоцтваў адпаведных у нас няма. У мінскай міліцыі няма ўпраўлення, якое займаецца злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій. Гэтае ўпраўленне выведзена з нашага падпарадкавання. Таму вы можаце звярнуцца непасрэдна туды — ва Упраўленне "К".

Тэгі: