it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 18

На «Белай яблыні грому» 16 снежня Лявон Вольскі выканае новыя кампазіцыі і заспявае па-харвацку.

Першы канцэрт «Белая яблыня грому» на вершы класікаў (ад Чачота да Барадуліна) прайшоў у сакавіку ў Купалаўскім тэатры – у камерную залу тады змясціліся далёка не ўсе ахвотныя. Але цяпер і гэтага не паўторыш – тэатр закрылі на рэканструкцыю. Таму і было прынятае рашэнне – даць «Белую яблыню грому» ў канцэртнай зале «Мінск». Адметна, што на канцэрт ужо збіраюцца гледачы, якія бачылі праграму ў Купалаўскім. Самы першы квіток набыў… амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

– Я быў на першым канцэрце, – кажа спадар Стэфан. – Наш Клуб беларускамоўных амбасадараў стараецца не прапускакць падобныя мерапрыемствы. Тады разам са мной хадзілі амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, амбасадар Польшчы Генрык Літвін, амбасадар Украіны Ігар Ліхавы. Гэтым разам на канцэрт я запрасіў яшчэ амбасадараў Эстоніі, Славакіі і Францыі.

Ці ж варта ісці на канцэрт тым, хто ўжо быў тады у Купалаўскім? «Варта», – заўпэўнівае Вольскі.

– У праграму дадаліся два новыя спевы – на вершы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. Так атрымалася, што яны не патрапілі на дыск. Таму хто патрапіць на канцэрт – пачуе эксклюзіўнае выкананне!..

Лявон кажа, што зараз «Крамбамбуля» рыхтуе альбом з традыцыйных і фолькавых песень. Прычым – не толькі беларускіх.

– Ёсць французская песня, ірландская, харвацкая… У альбоме будуць 2 версіі – на мове арыгіналу і па-беларуску. На канцэрце, каб падзівіць народ, збіраюся заспяваць па-харвацку – а потым спраўдзіць, колькі словаў зразумее зала!..

«Белая яблыня грому»

16 снежня (чацвер) а 19-й гадзіне

КЗ «Мінск»

Квіткі (017) 2801510, (029) 6555596

www.soundline.by

Тэгі: ,