it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 03

Казка

Пераклад  з ангельскай Тацьцяны Шапуцькі, Блог Тацьцяны Шапуцькі

Калісьці на поўначы краіны жыў вельмі дасьведчаны чалавек – Майстар, які ведаў усе мовы, што толькі існуюць на белым сусьвеце, і валодаў усімі таямніцамі стварэньня. Меў ён адну велізарную кнігу ў вокладцы з чорнай цялячай скуры з жалезнымі куткамі й зашпількаю. Кніга гэтая была прымацаваная да стала, а стол у сваю чаргу быў прымацаваны да падлогі. Калі чалавек зьбіраўся чытаць гэтую кнігу, ён адмыкаў яе жалезным ключом. Ніхто, акрамя яго, не чытаў тае кнігі, бо яна ўтрымлівала ў сабе ўсе сакрэты таго таямнічага сьвету. Яна апавядала й пра тое, колькі анёлаў на нябёсах, і як яны гуртуюцца і сьпяваюць у сваіх хорах, і якім ёсьць іх прызначэньне, і якімі ёсьць імёны найстарэйшых анёлаў. Гаварылася ў кнізе й пра дэманаў: колькі іх, і якую ўладу яны мелі, і пра іх заданьні, і пра іх імёны, і як іх можна выклікаць, і якія задачы ім можна даручыць, і як іх зрабіць служкамі чалавека.

У таго чалавека быў вучань – дурасьлівы хлапец, які прыслужваў Майстру. І вучню ніколі не дазвалялася заглядаць у чорную кнігу, роўна як і ўваходзіць у пакой Майстра.

Аднойчы Майстар зьехаў, і надзвычай цікаўны хлапец пасьпяшаўся ў пакой, дзе Майстар трымаў свой чароўны апарат, які ператвараў медзь у золата, а сьвінец у срэбра; і дзе знаходзілася люстэрка, у якім адбівалася ўсё, што адбывалася ў сусьвеце; і дзе ляжала ракавінка, прыклаўшы да вуха якую, можна было пачуць усе словы, сказаныя любым чалавекам, якія прагнуў ведаць Майстар. Хлапец безвынікова пасправабаў ператварыць медзь і сьвінец у золата й срэбра; ён доўга углядаўся ў люстэрка, але бачыў там толькі туман і аблокі; і з ракавінкі раздавалася няяснае цурчаньне, як быццам бы далёкія воды біліся аб невядомыя берагі. “Я не магу нічога зьдзейсьніць!”, - усклікнуў ён, – “Я ня ведаю чарадзейных словаў, а яны замкнёныя ў той кнізе!”.

Ён азірнуўся – і што пабачыў! Кніга была адкрытая; Майстар забыўся яе зашпіліць, бо сьпяшаўся. Хлапец імкліва падбег да кнігі. Тэксты ў ёй былі напісаныя чырвоным й чорным атрамантам. Большасьць з напісанага хлапец не разумеў, але ён прыклаў палец да нейкага радку й павольна вымавіў чароўную замову.

У той жа час у пакоі пацямнела й хата задрыжала. Грукат грому скалынуў стары пакойчык – і жахлівая істота, што дыхала вагнём, а вочы яе пылалі як запаленыя лямпы – узьнікла перад хлопцам. Гэта быў дэман Вэльзэвул, якога хлапец выклікаў прыслужваць сабе.

“Прамаўляй мне, што рабіць!”, – рыкнуў дэман голасам, падобным на фурыканьне жалезнага горану.

Маладзён толькі дрыжаў, як дрыжала кожная валасінка на ягонай галаве.

“Дай мне заданьне, альбо я прыдушу цябе!”

Але хлапец ня мог гаварыць. Дэман падплыў да яго і выцягнуў рукі, дакранаючыся да горла небаракі. Пальцы дэмана ўжо апальвалі скуру. “Дай мне заданьне!”.

“Палі вунь тую кветку”, – ускрыкнуў у адчаі хлапец, паказваючы на герань, што стаяла ў пасудзіне на падлозе. Дэман імгненна зьнік, але праз сэкунду павернуўся з бочкаю вады на сьпіне й пачаў паліваць кветку; зноўку й зноўку ён зьнікаў і вяртаўся і прыносіў усё больш і больш вады, аж што хлапец стаяў па ладыжкі ў вадзе.

“Хопіць, хопіць!”, - узмольваўся ён , але дэман не зьвяртаў на яго ўвагі; маладзён ня ведаў словаў, каб прымусіць яго павернуцца ў пекла, і дэман усё паліваў кветку.

Вада ўжо даставала хлопцу да каленак, а яе ўсё болела й болела. Вада паднялася да ягонай таліі, а Вэльзэвул працягваў прыносіць бочкі з вадою. Вада ўжо была ля плячэй хлопца, і ён быў вымушаны ўскараскацца на стол. Цяпер вада ў пакоі даставала вокнаў і амывала шкло, ўтварыўшы вір ля ягоных ступняў на стале. Вады прыбаўлялася, яна даставала грудзяў хлопца. Ён дарма крычаў – дэман не зьнікаў. І да гэтага самага дня ён мусіў прыносіць ваду й мог бы затапіць увесь Ёркшыр.

Але Майстар, вандруючы, узгадаў, што забыўся зашпіліць сваю кнігу, й таму павернуўся. У гэты момант вада ўжо бурліла ля падбародзьдзя агонага вучня. Майстар імкліва ўварваўся ў пакой і прамовіў словы, што прымусілі Вэльзэвула павернуцца ў свой палымяны д’ябальскі дом.

P.S Пры перакладзе выкарыстоўвываўся тэкст казкі, запісаны by Joseph Jacobs.

Тэгі: