it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Nov 02

Фільм Андрэя Кудзіненкі мне карціць параўнаць з прэзідэнтам Злучаных Штатаў. На абодвух былі ўскладзеныя вельмі вялікія спадзяванні. Апраўдаць якія немагчыма чыста фізічна.

На ўваходзе ў кінатэатр я спытаўся ў білецёркі:

-- Даруйце, а дзе тут можна пабачыць Андрэя Кудзіненку? (майстар паабяцаў дапамагчы прайсці на закрыты паказ).

-- Каго-каго? Мы такіх ня знаем!

-- Дык гэта рэжысёр фільма, на які вы зараз квіткі правяраеце!

-- Малады чалавек, дзе ж я вам усіх рэжысёраў знаць буду?!

У глядацкай залі я сеў на вольныя месцы ў цэнтры. Побач уселіся дзве цётушкі. Раззнаёміліся. Супрацоўніцы “Беларусьфільма”. “Масакру” яшчэ не глядзелі, але начутыя.

-- Мы ўвогуле нашымі фільмамі не вельмі цікавімся. Вось глядзелі “На спіне ў чорнага ката”. Лухта нейкая. І ўсе ганяць.

Пра Кудзіненку таксама нічога пэўнага сказаць не могуць. Здзіўляю жанчынак навіной, што “Акупацыя. Містэрыі” Кудзіненкі, які ён зняў “за 100 баксаў, на голым энтузіязме”, сабрала больш міжнарожных узнагарод, чым хвалёная “Анастасія Слуцкая” за мільён даляраў ці колькі там. Жанчынкі пачынаюць завочна паважаць Кудзіненку.

…Адчуванні пасля прагляду “Масакры” блытаныя. Але я адразу наказаў сабе: гаворым не ў абсалюце, а ў параўнанні. Нельга параўноўваць кінавытворчасць краін, якія развіваліся гарманічна ўвесь час і краіны, якая з 1917 па 1991 год знаходзілася ў дупе.

У параўнанні з тымі нецікавымі стужкамі пра вайну, што здымаў “Беларусьфільм” апошнія два дзесяцігоддзі, “Масакра” – гіганцкі скачок наперад. Апошняя “беларусьфільмаўская” стужка, якая выклікала ў мяне захапленне – “Ідзі і глядзі” Элема Клімава, якая датуецца 1985 годам. Смута, звязаная з развалам Саюза, адбілася на айчыннай кінавытворчасці знішчальна. І зразумела, што пра пабудове новай дзяржавы важнейшымі задачамі было напоўніць прылаўкі і зрабіць у хаце цёпла. Да кіно дагэтуль рукі не дайшлі.

Тое, што нацыянальная кінастудыя пераўтварылася ў танную здымачную пляцоўку для расійскага “шырспажыва” – ганебна. Зразумела, што грошы зарабляць неяк трэба. Але такія рэчы павінны быць “хаўтуркамі”, а не асноўным відам дзейнасці.

Міністр культуры Павел Латушка не так даўно, на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы выказаў меркаванне, што маладых айчынных рэжысёраў, сцэнарыстаў, аператараў трэба за дзаржаўныя грошы пасылаць вучыцца за мяжу, на прызнаныя кінастудыі, да аўтарытэтных майстраў. Каб яны вярталіся і рабілі па-іншаму тут. Бо сітуацыя такая, што на “Беларусьфільме” панакуплялі дарагога абсталявання, а здымаюць так, як і 30 гадоў таму. Я не кажу, што 30 гадоў таму было дрэнна. Але цяпер трэба па-іншаму.

“Масакра” зраблена недасканала ў тэхнічным плане. У двух месцых фільм змантаваны неахайна – наступная сцэна пачынаецца з паўслова. Калі я, глядач-лузер заўважыў гэта, што ж заўважаць прафесіяналы? Аператарская праца таксама, мякка кажучы, захаплення не выклікае. Няма “лоску”, “фірмы”, “глянцу”. Нашыя суседзі ўжо навучыліся рабіць так (напрыклад, расійскі “Адмірал” ці польская “Катынь”). І гэтая аператарская праца забівае многія задумы рэжысёра.

Другі істотны мінус “Масакры” – цьмяны сюжэт. Калі б я не прачытаў анатацыю да фільма перад праглядам – далібог, не разабраўся б, што да чаго. У фільме няма празрыстай сюжэтнай лініі, застаецца шмат пытанняў: што гэта за жанчына ляжала там у труне? навошта граф-пярэварацень забівае абсалютна “левых” людзей? чаму лёкай, якога я таксама падазраваў у “вампірызме” апынаецца звычайным чалавекам? Усё гэта мікшыруецца тым, што гэта жудзік і гледачу страшна. Я спецыяльна азіраўся ў часе паказу па баках. Дзяўчаты і праўда заплюшчвалі вочы на некаторых сцэнах, ціснучыся да сваіх бойфрэндаў. Бойфрэнды карысталіся гэтым і мацней сціскалі дзяўчат. Таму ўсе незразумелыя месцы стужкі спісваем на тое, што гэта – жудзік, трылер і бульба-хорар (як вызначае жанр сам рэжысёр).

У мяне склалася ўражанне, што Кудзіненка да апошняга не верыў, што яму дадуць зняць “Масакру” так, як ён хоча. Што ён працаваў не на ўсю моц. У тых варунках, якія былі, Андрэй здзейсніў подзвіг. Я быў на здымачнай пляцоўцы. Бачыў, у якіх умовах жыла творчая група. Бачыў, як некаторыя рэчы рабіліся на “чэсным слове”. Чуў, з якой бюракратыяй сутыкаецца рэжысёр – каб пачаць здымачны дзень, трэба было сабраць каля 7 подпісаў розных начальнікаў нашага “Партызанфільма”…

“Нацыянальная” лінія ў “Масакры” прасочваецца нашмат менш, чым тое анансавалася. Здагадацца, што гаворка ідзе пра паўстанцаў Каліноўскага без знешніх падказак у вас не атрымаецца. У фільме ярка паказаныя расейцы – хамаватыя, разгульныя, п’янчугі, недавукі. Можа, у гэтым і ёсць “нацыянальная” лінія – сыграць на кантрасце з мясцовымі жыхарамі, якія выглядаюць нашмат выгадней?

Больш за ўсё мне не хацелася б ганіць асабіста Андрэя Кудзіненку. Ён – баец, які кінуўся на амбразуру, каб іншыя маглі ісці наперад. Зняць “Масакру” пасля ўтапічнай прорвы нецікавых фільмаў пра вайну – гэта подзвіг. Зразумела, што пасля папярэдніх “шэдэўраў” “Беларусьфільма” не варта было адразу разлічваць на галівудскі жудзік. Але тое, што будзе пасля “Масакры” павінна раняцца ўжо на яе. А гэта – добры прыклад.

Раю паглядзець.


Відэа-кавалкі з “Масакры”, зьнятыя фотаапаратам з экрана кінатэатра можна паглядзець ТУТ

Тэгі: