it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 30

ЖУРНАЛІСЦКАЕ РАССЛЕДВАННЕ. ЧАСТКА 2. Чаму Беларусь не абаранілі ад нашэсця наркатычных «бубак»?

Апрацаванае опіем насенне маку прадаецца прама на папулярных рынках. У гэтым, правёўшы сваё журналісцкае расследаванне, упэўніўся журналіст «Звязды» (нумар за 26 кастрычніка).

«Чаму такое дапускаецца?» — звярнуліся мы да кампетэнтных чыноўнікаў. Аказалася, у некаторых ведамствах таксама б’юць трывогу: «Бубкі» — самы «брудны» і самы папулярны ў Беларусі ін’екцыйны наркотык.
Але наша заканадаўства пакуль працуе так, што праваахоўнікі папросту не могуць пакараць наркагандляроў.


70% беларускіх наркаспажыўцоў — «бубачнікі». Такую лічбу журналісту «Звязды» паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя (звесткі за 2009 год). Пры гэтым уздзеянне апіоідаў, якія вылучаюцца з «бубак», можа прывесці да гібелі.

— Самы страшны эфект — гэта смерць з-за спынення дыхання. Менавіта так паміраюць у перадазіроўцы, — папярэджваеАлег АЙЗБЕРГ, дацэнт кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. — Небяспечны і ўплыў хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца падчас прыгатавання наркатычнага раствору, на печань, ныркі і іншыя органы. Раствор утрымлівае апіоіды (кадэін, марфін, монаацэцілмарфін), якія выклікаюць залежнасць, аналагічную гераінавай. Залежнасць абумоўленая моцнай цягай да спажывання наркотыку, фізічным і псіхічным дыскамфортам, калі спрабуеш кінуць.

Пасля змен у дзяржаўным стандарце, што здарылася гэтым летам, людзям стала цяжэй знаходзіць наркотык, яны пачалі часцей звяртацца па медыцынскую дапамогу. Усё больш і больш людзей прыходзяць, каб зняць ломку, некаторыя звяртаюцца ў рэабілітацыйныя цэнтры, каб назаўсёды пазбавіцца ад наркатычнай залежнасці.

Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час мы зможам ахапіць назіраннем усё большую колькасць наркаспажыўцоў і прапанаваць ім лячэнне.

— Падчас падрыхтоўкі матэрыялу я ўпэўніўся, што «бубкі» па-ранейшаму прадаюцца. І на рынках, і праз наркагандляроў…

— Ніякая мера не прыводзіць да абсалютнага эфекту. Гандаль на рынку забаронены, цяпер справа за кантралёрамі, якія павінны не дазваляць прадаваць і караць парушальнікаў. Але гэтым павінны займацца не мы. Наша справа лячыць. Мы — не змагары, а медыкі.

Міністэрства ўнутраных спраў: «Як вырашыць праблему,
мы ведалі з самага пачатку, але… нашы меры не прайшлі»

Калі гутарка заводзіцца пра гандаль «бубкамі», то абывацель звычайна ва ўсім вінаваціць міліцыю. «Яны павінны штодня класці тварам у асфальт барыг (наркагандляроў — «Звязда»), а замест гэтага дазваляюць такое бяспраўе», — не раз чуў я ад зацікаўленых грамадзян, абмяркоўваючы з імі праблему.

Але ў Міністэрстве ўнутраных спраў хавацца ад журналіста не сталі. Аказалася, тут выдатна разумеюць праблему і ведаюць, як яе вырашыць.

У МУС патлумачылі, што паставіць заслон «бубкам» было магчыма яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Але па гэтым пытанні ўзніклі непаразуменні з іншымі зацікаўленымі ведамствамі.

— Гэта праблема сапраўды сур’ёзная і адна з прыярытэтных. Калі рэгулярна ўжываць опій, саматужна выраблены з насення маку, тэрмін жыцця такога наркамана — ад двух да пяці гадоў, — распавядаеДзмітрый МЯДЗВЕДЗЕЎ, оперупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі. — Першая інфармацыя пра «бубкі» з’явілася з канца 2004 года. Мы адразу ж пачалі гучна заяўляць пра праблему, звярталіся ў разнастайныя органы ўлады. Ёсць думка, што калі справа звязана з наркотыкамі, то вырашыць яе здольныя толькі ў міліцыі. На жаль, гэта не так, гэта агульная праблема. Шэраг органаў павінен быць зацікаўлены ў яе вырашэнні. Не ведаю, чаму так доўга нашы прапановы не маглі пачуць, але толькі з гэтага года мы дабіліся станоўчых змен. Не сакрэт, што насеннем маку гандлявалі на рынках, на вагу. Нават мяхамі закуплялі для далейшай рэалізацыі. Як вы ведаеце, з 26 ліпеня гэтага года ўступілі ў сілу новыя правілы гандлю макам. Сёння па законе прадаваць насенне можна толькі ў пакетах, вага якіх павінна быць не большай за 200 грамаў. Мак павінен быць расфасаваны афіцыйнымі вытворцамі або юрыдычнымі асобамі, якія маюць сертыфікат адпаведнасці на серыйную вытворчасць. Такім чынам мы паспрабавалі абмежаваць распаўсюджанне маку і далейшае яго выкарыстанне для прыгатавання наркотыку.

— Дзмітрый Анатольевіч, тым не менш наркатычнае насенне маку па-ранейшаму прадаецца. Гэтых мераў недастаткова.

— Я хачу патлумачыць, што само насенне маку не ўнесена ў рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў. Іх абарот не забаронены. Пераносіць насенне, гандляваць ім магчыма, крымінальнай адказнасці за гэта не прадугледжана.

Праведзеныя даследаванні паказалі, што само насенне маку ўтрымлівае алкалоіды опію ў мізэрнай колькасці, як, напрыклад, трава, лісце, ягады. Наркатычнага эфекту дасягнуць нельга. Але гэтае насенне апрацоўваюць опіем альбо дадаюць у яго макавую саломку. Знешне насенне чыстае, але падчас «варкі» опій выцягваецца, аддзяляецца ад вады шляхам экстракцыі і выкарыстоўваецца.

— Атрымліваецца, што з «бубак» вырабляюць страшны наркотык, а барыгам пагражае ўсяго толькі адміністрацыйная адказнасць. У гэты ж час яны рэальна дапамаглі пасадзіць на іголку многіх нашых суайчыннікаў…

— З самага пачатку, калі мы даведаліся пра «бубкі», падымалася пытанне, каб увогуле забараніць продаж насення маку. Пакінуць дазвол на гэта мы прапаноўвалі толькі Дэпартаменту па хлебабулачных вырабах Міністэрства сельскай гаспадаркі. Яны маюць канкрэтных пастаўшчыкоў, якія, у сваю чаргу, прывозяць вельмі «чысты» харчовы мак. Але прапанова не прайшла…

Чаму меры па абароне Беларусі ад «бубак» не прайшлі і якія чыноўнікі паставілі міліцыянерам палкі ў колы, Дзмітрый Мядзведзеў не паведаміў: «Гэта, на жаль, мне невядома».

Што спрыяе «бубачнай» наркаманіі?

Асобнай структуры па наркакантролі ў нас няма, хоць такія спецыяльныя падраздзяленні даўно створаныя ў суседніх краінах. А ў МУС ёсць толькі ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Структура па ўсёй краіне налічвае ўсяго каля 400 чалавек. З іх — толькі каля 270 змагаюцца непасрэдна з наркотыкамі. Як разумееце, барыг і наркаспажыўцоў у сотні разоў болей.

Пра беларускае заканадаўства асобная гутарка. Маку завозіцца ў краіну колькі хочаш — з Чэхіі, Польшчы, Расіі, Украіны. Прытым на ўвоз насення не трэба ніякіх спецыяльных ліцэнзій. Дазваляе від дзейнасці — вазі колькі хочаш, хоць «бубкі», хоць мак харчовы.

За шэсць гадоў, пакуль наркабароны садзяць на іголку беларускую моладзь з дапамогай «бубак», ніводзін такі пастаўшчык не быў арыштаваны. Акрамя таго, аб’ёмы паставак наркатычных «бубак» невядомыя, пра гэта можна толькі здагадвацца.

У МУС спрабавалі завесці некалькі крымінальных спраў за кантрабанду «бубак». Але заканадаўства пакуль працуе так, што даказаць злачынства амаль немагчыма. Крымінальныя справы збіраюцца прыпыніць.

Усе ведаюць, што насенне маку выкарыстоўваецца як капсула для пастаўкі опію, што кілаграм нармальнага харчовага маку не можа каштаваць 120.000, 150.000 і 200.000 беларускіх рублёў. Але прызнаваць такое насенне наркотыкам не спяшаюцца.

Я звяртаўся ў разнастайныя ведамствы, якія маюць дачыненне да рынкаў, да паставак «маку». І паўсюль кажуць, што пра праблему «бубак» нічога не чулі.

У гэты ж час наркотык, як ужо пісалася, займае топ-радкі ў справе наркатызацыі Беларусі.

Падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу я не раз чуў пра існаванне «макавага лобі». Але пра канкрэтныя факты я не даведаўся. Мая журналісцкая справа — паказаць сітуацыю, а не выводзіць тых ці іншых людзей на чыстую ваду.

Мяркую, выявіць, хто канкрэтна спрыяе макавым баронам увозіць «бубкі» ў Беларусь, нескладана.

Яшчэ адно меркаванне: некаторыя чыноўнікі праяўляюць банальную легкадумнасць і недасведчанасць у пытаннях наркатычнай небяспекі. І гэта прывяло да трагічных наступстваў.

Як уратаваць Беларусь
ад наркатычнага насення?

Калі дадаць да колькасці беларускіх наркаспажыўцоў нашых алкаголікаў (іх толькі на афіцыйным уліку болей за 180 тысяч чалавек, гэтую лічбу можна памнажаць у некалькі разоў), то вымалёўваецца пагрозлівая карцінка.

Не пабаюся сказаць, што такая сітуацыя рэальна пагражае развіццю беларускай нацыі.

У гэты ж час у некаторых ведамствах, якія так ці інакш звязаныя з праблемай распаўсюджання «бубак», пра наркотык увогуле нічога не ведаюць. І шчыра здзіўляюцца, калі журналіст задае падобныя пытанні.

— Набалелая праблема будзе вырашана толькі тады, калі ўсе ведамствы на справе зразумеюць глыбіню і небяспеку праблемы распаўсюджання «бубак», — лічыць намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Васіль Лосіч. — А для гэтага патрэбна моцная воля чыноўнікаў самага высокага ўзроўню. Калісьці на беларускіх вуліцах мы змаглі выкараніць арганізаваную злачыннасць, бандытызм. Значыць, і гэтай праблеме можна даць рады.

— Сёння жыццёва неабходна звярнуць увагу на «бубкі». І шукаць меры ўсім разам, — прапаноўвае Ірына Лук’яновіч, старшыня грамадскага савета РГА «Маці супраць наркотыкаў«. — Праваахоўныя органы гатовыя прасоўваць новыя ідэі ў барацьбе з наркаманіяй: займацца прафілактыкай, дапамагаць нам. Мы гатовыя аб’яднацца і бамбіць усе магчымыя інстанцыі, каб гандаль «бубкамі» выразалі пад корань. Іначай нашу краіну чакаюць сур’ёзныя непрыемнасці.

Наркатычная
статыстыка

Колькі ў Беларусі сталых наркаспажыўцоў? Калі я пачаў цікавіцца гэтым пытаннем, быў уражаны лічбамі.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на ўліку ў наркадыспансэрах — няма і 15 тысяч чалавек.

Значыць, пераважная большасць наркаспажыўцоў да медыкаў не трапляе.

У 2007 годзе Цэнтр маніторынгу на базе Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта правёў даследаванне наконт рэальнай лічбы наркаспажыўцоў — каля 85 000 чалавек.

— Наша лічба па наркаспажыўцах — 140 тысяч, не менш, — запэўнівае Ірына Лук’яновіч, старшыня грамадскага савета РГА «Маці супраць наркотыкаў». — У міліцыі гэтыя лічбы пацвярджаюць. Нядаўна да нас па дапамогу звярнулася залежная дзяўчынка. Яна мне сказала: «Вы не ўяўляеце: я, калі пачала спажываць, трапіла ў другое жыццё. З жахам убачыла, колькі людзей звязана з наркотыкамі. На кропцы, дзе купляла, сустракала сваіх аднакласнікаў, суседзяў, на якіх ніколі б не падумала…»

Колькі зарабляе дробны барыга?

Кілаграм «бубак», які закупляюць наркапастаўшчыкі за мяжой, каштуе ад 1,5 да 3 долараў ЗША. Гэта звесткі Упраўлення ААН па наркотыках і карупцыі.

З улікам дастаўкі ў Беларусь кілаграм абыходзіцца максімум у шэсць долараў ЗША (каля васямнаццаці тысяч беларускіх рублёў). Дробны барыга плаціць за кілаграм «бубак» каля 40 тысяч беларускіх рублёў.

Калі ўлічыць, што атруту ён потым прадае мінімум па 120 тысяч, то на адным кілаграме барыга наварвае 80 тысяч рублёў. А на адным 25-кілаграмовым папяровым мяху за суткі можна зарабіць аж 2 мільёны беларускіх рублёў. Атрымліваецца, што ў месяц можна лёгка мець пад 60 мільёнаў рублёў (каля 19700 долараў ЗША). І гэта чысты навар дробнага барыгі.

Уявіце сабе, колькі маюць буйныя наркапастаўшчыкі..

Як дзейнічаць, калі ваша сям’я сутыкнулася
з наркотыкамі?

У краіне дзейнічае шэраг аўтарытэтных арганізацый, якія дапамагаюць і непасрэдна нарказалежным, і іх сваякам.

Усю неабходную інфармацыю вы зможаце атрымаць на сайце nаrkоtіkі.bу.

Таксама прапануем звязацца з прадстаўнікамі РГА «Маці супраць наркотыкаў», якія падкажуць, як вырашыць праблему. Тэлефоны арганізацыі: (017) 293 07 59, (017) 210 07 07, +375 29 677 21 85.

Гэта толькі тыя беларускія наркаспажыўцы, якіх выпадкова зняла
відэакамера карэспандэнта «Звязды». У сапраўднасці іх ад 85
да 140 тысяч чалавек і больш.

ЖУРНАЛІСЦКАЕ РАССЛЕДВАННЕ. Ці прадаецца самы папулярны ў Беларусі наркотык на кожным кроку?
27.10.2010 waloshyn

«Так званыя «бубкі» адкрыта рэалізуюцца на некаторых рынках і наркакропках!..» Такія сігналы неаднаразова паступалі ў аддзел журналісцкіх расследаванняў «Звязды» на працягу апошняга месяца. І гэта пасля таго, як мінулым летам міліцыя дабілася заканадаўчых змен, гандаль смяротнай атрутай павінен быў спыніцца, але…

Каб праверыць інфармацыю пра наркакропкі, карэспандэнт «Звязды» выправіўся туды пад выглядам наркаспажыўца. Вынікі журналісцкага расследавання аказаліся абуральнымі.

Сонечная суботняя раніца, гандлёвы цэнтр у раёне Камароўскага рынку амаль у сэрцы Мінска. Я пераапрануўся ў спартыўную вопратку, нацягнуў капялюш, каб хоць трошкі быць падобным на наркаспажыўца. Падыходжу да аднаго з бакалейных кіёскаў. Менавіта тут ужо на працягу некалькіх гадоў прадаюцца «бубкі» — з выгляду звычайнае насенне маку, але прапітанае алкалоідамі опію. Наркаманы, зварыўшы «бубкі», атрымліваюць небяспечны для жыццядзейнасці арганізма раствор. На выхадзе атрымліваецца наркотык, які па ўздзеянні падобны да гераіну, толькі яшчэ больш брудны.
"Бубкі" знешне вельмі падобныя на харчовы мак. А на справе — гэта страшны наркотык,
«Бубкі» знешне вельмі падобныя на харчовы мак. А на справе — гэта страшны наркотык,

Пра гэты самы кіёск «Звязда» пісала мінулым летам. Матэрыял быў шырока перадкрукаваны ў інтэрнэце, разышоўся вялікім тыражом. Здавалася б, ужо ў дзень выхаду скандальнага матэрыялу кіёск у гандлёвым цэнтры ў раёне Камароўскага рынку павінны былі гучна «прыкрыць».

Прыкладна ў той жа перыяд начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Аляксандр Гаўрылаў паведаміў, што міліцыя «вяла доўгую эпапею з «бубкамі» і нарэшце была падпісана пастанова Савета Міністраў № 779″.

Фармальна гандаль любым макам на вагу быў забаронены. Больш за тое, змянілі дзяржаўны стандарт «Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы». Цяпер ў насенні забараняліся любыя дамешкі (раней наркагандляры дадавалі для лепшага эфекту макавую салому).

З часу зменаў у заканадаўстве прайшло больш як тры месяцы. І вось я зноўку падыходжу да таго самага кіёска.

— Дайце «бубак», грамаў 200, чыста разагнацца, — кажу прадавачцы. «Разагнацца» — на мове наркаспажыўцоў азначае мінімальна задаволіць патрэбу.

— Выйдзе 24 тысячы, — адказвае жанчына і ў мяне на вачах насыпае «бубкі» ў празрысты пакет, які, у сваю чаргу, кладзе ў чорны, непразрысты.

Што мяне ўразіла найбольш? Прадавачка — звычайная беларуская цётка гадоў шасцідзесяці. Мае, напэўна, і дзяцей, і ўнукаў. Накладаючы «бубкі» пластыкавай лапаткай, зірнула на мяне са спачуваннем. Цікава, ці падумала яна пра тое, што толькі адна доза можа пераўтварыць чалавека ў наркаспажыўца і ўжо праз два гады мяне магло б не быць на гэтым свеце? Адразу ж за мной прыстроіліся два мужыкі, відаць, «рабацягі», з вялікімі дарожнымі торбамі. Аднаму — гадоў 35, другому — пад 50. Той, што маладзейшы, паказаў на чорны пакет, зразумеў, што мы прыйшлі па адзін тавар, і загаварыў:

— Ну як, нармальныя?

— Яшчэ не ведаю, — адказваю.

Мужык мацюкнуўся.

— А што, ёсць зусім паганыя? — пытаюся ў яго.

— Ёсць па 70 за кілаграм. Палову на дваіх зробіш — чыста на разгон хапае, а пра цягу і размовы няма…

Так я ўпершыню ўбачыў сапраўднага «бубачніка». Ведаеце, што самае страшнае? Калі алкаголіка можа вылічыць, напэўна, кожны, то заўважыць, што чалавек — наркаман, куды больш складана. У іх запаволенае маўленне, свая тэрміналогія, позірк у нікуды. Такое ўражанне, што чалавеку на вочы павесілі пудовыя гіры.

Уздоўж гандлёвага цэнтра за суткі праходзяць цэлыя натоўпы наркаманаў, але вылічыць іх нетрэніраваным вокам няпроста. А значыць — нам, звычайным людзям, няпроста ўсвядоміць сапраўдныя маштабы трагедыі…

Прадавачка прызнае ўва мне наркамана і насыпае «бубкі»…

Выпраўляюся на яшчэ адну вядомую сталічную наркакропку — бокс з арэхамі і сухафруктамі на тэрыторыі гандлёвага цэнтра «Ждановічы». Здавалася б, тут, сярод соцень кіёскаў з харчовымі прадуктамі, знайсці наркакропку будзе не так лёгка. У васьмі кіёсках з бакалеяй, дзе я спытаў пра мак, грубавата адмовілі. Гандляркі відавочна разумелі, што мне патрэбныя «бубкі»:

— Тут вашага маку няма і ніколі не было!

У дзявятым кіёску мне, здаецца, «пашанцавала». Поўная прадавачка ўсходняй знешнасці занепакоена ўзіраецца ў мой твар. Я носам шморгаю, імітую пусты і шалёны позірк, у чорным капелюшы, маю гематому пад вокам — сапраўдны наркаман. Прашу ўсё тыя ж 200 грамаў «бубак».

Пакуль прадавачка па стандартнай тэхналогіі насыпае «бубкі» ў празрысты пакет, які потым кладзе ў чорны, заўважаю на боксе імя ўладальніцы — Анжэла Г.
Прадавачка дае мне рэшту за мак, кошт якога 120 тысяч за кг,
Прадавачка дае мне рэшту за мак, кошт якога 120 тысяч за кг, у пакеціку «бубкі», опій з якіх спажываюць наркаманы.

Адразу за мной у чаргу прыстройваецца хлопец у аранжавай куртцы.

«Семкі» тут самыя лепшыя, праверанае месца, — заводзіць ён гутарку.

«Семкі» — яшчэ адна назва «бубак». Хлопец (з выгляду і не скажаш, што чалавек дайшоў да ручкі) набывае кілаграм і разам са мной адыходзіць ад бокса.

— Кажуць, што тэма можа прыкрыцца, — кажа ён.

— І што тады рабіць?

— Кідаць.

— А ты даўно ў тэме? — спрабую высветліць я наркастаж хлопца.

— Ужо 12 год. Два апошнія — на «семках». Мне трэба кілаграм на дзень. Працую прама тут, на рынку, зарабляю паўтары штукі баксаў, і ўсё ідзе на «семкі»… Трэба завязваць, а не магу…

Па дарозе адкрываю набыты чорны пакет — такія ж «бубкі», як на папярэдняй кропцы, адзін у адзін. З выгляду звычайны мак, трошкі «забруджаны» прымесямі саломы, трошкі гаркаваты на смак. На справе — смяротная зброя для знішчэння беларускай моладзі.

Праз некалькі дзён пасля наведвання сталічных рынкаў я даведаўся, як менавіта «вараць» і спажываюць «бубкі». Для гэтага пад выглядам наркаспажыўца патрапіў у сапраўдны наркапрытон пад Салігорскам. Вось як гэта было.

«Кампаньён», каб разам укалоцца, знайшоўся тут жа

— Павер, мой горад у справе наркатызацыі даўно пераплюнуў і Мінск, і Светлагорск, — выказвае меркаванне Алег, актывіст кампаніі «Антымак» з Салігорска, пакуль едзем у яго родны горад са Слуцка. — Пры гэтым «бубкі» ў нас каштуюць па 150 тысяч за кілаграм. Толькі з аднаго двара, які знаходзіцца побач з маім домам, асабіста ведаю пяцярых наркаманаў. Разам раслі. Там жа жывуць два браты С… Тыя працавалі шахцёрамі, добра зараблялі, але з часам зразумелі, якія фантастычныя грошы можна зарабляць на «бубках».

— І што, за гады ніхто не даў ім пад хвост?

— А навошта? «Бубачнікаў» вялізная колькасць, яны па драбязе крадуць і рэгулярна трапляюць за краты. Такім чынам, ствараецца добрая статыстыка, а буйныя барыгі, якія непасрэдна спрыяюць наркаманіі, як быццам не пры справах. Яны даюць хабар каму трэба — і ўсім добра. Тым часам наркатызацыя насоўваецца шалёнымі тэмпамі…

Мая задача ў Салігорску — трапіць у наркапрытон пад выглядам спажыўца. Але любое неасцярожнае слова можа выклікаць падазрэнне, што я — міліцэйскі агент. Нарэшце трапляем у горад, даязджаем да таго самага двара. Алег паказвае з машыны на нейкага мужчыну:

— Гэта знаёмы «нарык», відавочна хоча ўкалоцца, а грошай не мае, стопудова, — усміхаецца Алег.

Падыходзім да Сашы (так звалі таго мужчыну). Алег кажа, што я — мінскі студэнт, хачу паспрабаваць «бубкі». Саша аглядае мяне падазроным позіркам. Я нахлусіў, што «бубкі» ў сталіцы забаранілі і купіць іх цяпер можна толькі ў Салігорску.

— Сам сяджу на «спайсе», прыколваюся (на слэнгу наркаспажыўцоў азначае — спажываю зрэдку), хачу паспытаць «бубкі» адзін разок, але як прыгатаваць, не ведаю…

І адправіў бы мяне Саша на тры непрыгожыя літары, але грошай у яго і праўда няма. А ўкалоцца, відаць, хочацца страшэнна.

Прага перамагла розум — Саша пагадзіўся быць маім «наркатычным кампаньёнам». Алега адправілі прэч.

«Пагрэйся ў машыне, каб лягчэй было трапіць у вену»

Месца, дзе прыгатаваць наркотык, у Сашы не было. Таму ён патэлефанаваў яшчэ аднаму знаёмаму (той называўся Бурацінам). У Бураціны была свая дача і ўсё неабходнае абсталяванне.

«Кампаньёны» ўзялі з мяне 70 тысяч рублёў і пачалі тэлефанаваць барыгам. Ды ў той дзень набыць «бубкі» было не так проста: толькі з пятага тэлефанавання Саша знайшоў тавар у нейкай Віктараўны. Мы пад’ехалі на адну з вуліц непадалёк ад салігорскага лядовага палаца, Саша з нянавісцю паказвае на чорны «Фальксваген Туарэг»:

— Гэта машына барыгі. С..і, нас сколваюць і на такіх тачках ездзяць…

Прамовіўшы гэта, Саша знік у адным з пад’ездаў і ўжо хвіліны праз тры выйшаў з таварам пад пахай — як аказалася, такі ж чорны пакецік, які даюць на мінскіх наркакропках.

Далей мы заехалі ў краму з бытавой хіміяй, дзе «кампаньёны» набылі растваральнік. Потым заскочылі ў аптэку па «баяны» (так на наркатычным слэнгу называюць шпрыцы) і аспірын. Праехаўшы пакручастымі дарогамі па Салігорску, выязджаем за горад, на дачу да Бураціны. Па дарозе хлопцы расказваюць пра сябе.

Абодва судзімыя (калі б я аказаўся міліцыянерам, то кожнаму пагражала б па дзевяць гадоў пазбаўлення волі). Абодва — яшчэ тыя «наркалыгі», стабільна сядзяць на «бубках».

Саша, аказваецца, калісьці меў свой бізнэс, гандляваў аксесуарамі для мабільных тэлефонаў на рынку. Але два гады таму пачаў спажываць «бубкі» і ўсе свае капіталы «пратырчаў». Ён распавядае, што колецца толькі два-тры разы на тыдзень, хоць гэта відавочная няпраўда. Саша ўжо сёння выглядае без аднаго года трупам: позірк у нікуды, пацямнелы колер скуры, праколатыя ўшчэнт вены. Пры гэтым ён неаднаразова заяўляў, што «бубкі» — гэта «зло, якое наўмысна прывозяць «чорныя». Бураціна ж наадварот не адмаўляўся, што спажывае двойчы-тройчы на дзень. Раніцай ён працуе аўтаслесарам, рэгулярна падманваючы «калгаснікаў»: каму паставіць таннейшую дэталь замест фірмовай, каму пакіне старыя тармазныя калодкі і гэтак далей. Новыя дэталі збывае на аўтарынку ўдвая танней.

За размовамі прыязджаем на лецішча. Тут — цэлы стол неабходнага абсталявання: так званая «лазня», вялікі шпрыц, нейкія ваткі і гэтак далей (не буду апісваць усе камплектуючыя наркалабараторыі).
"Бубкі" варылі вось у гэтай капронавай панчосе.
«Бубкі» варылі вось у гэтай капронавай панчосе.

Хлопцы спяшаюцца, настрой у іх відавочна паляпшаецца, час ад часу жартуюць, вочы ў абодвух пачалі ажываць.

Бубкі высыпалі ў капронавую панчоху, зварылі ў растваральніку, ад чаго смурод разышоўся, напэўна, на сотні метраў вакол. Гэта толькі 5% ад усяго працэсу прыгатавання. Астатняе дазвольце не апісваць. Скажу толькі, што на ўсё пайшло каля 50 хвілін. У выніку ўтварыўся раствор балотнага колеру, які з дапамогай вялікага шпрыца прагналі праз падроблены аспірын і пачалі размяркоўваць па «баянах».

У выніку атрымліваецца наркатычны раствор балотнага колеру.

Мне прыгатавалі немалую дозу, сказалі, што ў шпрыцы 12 «кропак». З-за гэтага Бураціна раскрычаўся на Сашу страшнымі мацюкамі:

— Б…, ты што, хворы? Канькі ж адкіне чалавек, першы раз жа!

Тады дозу зменшылі да васьмі «кропак». Але і гэтага, як я пазней даведаўся, хапіла б, каб мяне выкруціла на вонкавы бок.

Калі наркаманы пачалі спажываць, мяне прабіла потам.

Саша ўкалоў Бураціну ў вену на левай руцэ. Страшнае відовішча: «умазаны» наркаспажывец адразу ж павесялеў і лагодным дуракаватым голасам папрасіў мяне:

— Братка, падай ватку!

Наступным калоўся Саша, проста лёг на ложак і тыркнуў шпрыцам сабе ў падмышку. Яго закалаціла, як эпілептыка. Тут жа наркаспажывец бадзёра падскочыў, выдыхнуў і падышоў да мяне:

— А цяпер ты! Цябе ўкалоць ці ты сам?

Але калоцца ў мае планы не ўваходзіла:

— Слухайце, баюся «ўмазаным» кіраваць машынай, вазьму з сабой.

Ад гэтых маіх слоў наркаспажыўцы асалапелі:

—Ты што! Не! Ніхто цябе не выпусціць з крыміналам! Ідзі ў машыну, пагрэйся, каб лягчэй было трапіць у вену.

Сітуацыя абвастрылася яшчэ больш, калі Саша, былы гандляр аргтэхнікай, рассакрэціў маю замаскіраваную камеру і нечакана выцягнуў яе з курткі.

— Ты што… запісваеш нас?.. — ціхім (без пагрозы, як мне падалося) голасам сказаў Саша. А я ясна зразумеў, што ў любы момант можа здарыцца што заўгодна.

— Што ты, гэта цацка, — таксама спакойна паспрабаваў адказаць я. Можаце сабе ўявіць, як некамфортна сябе ў той момант адчуваў? Добра, што наркаспажыўцоў было толькі двое.
У выніку атрымліваецца наркатычны раствор балотнага колеру.
У выніку атрымліваецца наркатычны раствор балотнага колеру.

Вядома, яны зразумелі, што я далёка не студэнт, які проста прыехаў паспытаць «бубкі». Не буду ў фарбах распісваць, як я супакойваў Сашу і Бураціну, але мне ўдалося захаваць відэазапісы і зрабіць фотаздымак прыгатаванага для мяне наркотыку. Пазней шпрыц са смяротнай атрутай я растаптаў на дарозе і зняў гэты працэс на відэа.

Р.S.

І хоць мэту свайго журналісцкага расследавання я выканаў, гэты ваяж у Салігорск пакінуў горкі адбітак. Маладыя яшчэ людзі забівалі сябе на маіх вачах. Пад уздзеяннем эмоцый склалася ўражанне, што Беларусь патанае ў гэтых «бубках». І маё журналісцкае расследаванне пацвердзіла, што наркатычная смерць прадаецца амаль бес-пе-раш-код-на. Прынамсі пакуль…

Па прыездзе ў Мінск я выправіўся ў Міністэрства ўнутраных спраў з пытаннем, чаму так адбываецца. Аказалася, яшчэ ў сярэдзіне 2000-х гадоў МУС прапанавала комплекс мераў, якія з вялікай верагоднасцю маглі ўратаваць Беларусь ад «бубак». Але… насустрач міліцыі некаторыя ведамствы не пайшлі.

ХРОНІКА НАРКАТЫЗАЦЫІ

2004 год. У Беларусь завезлі так званыя «бубкі» (іншыя назвы — «семкі», «бубасы», «бумбосы»). З выгляду рэчыва было падобнае на звычайны харчовы мак, якім пасыпаюць булачкі. Але на справе насенне выкарыстоўвалі як своеасаблівы кантэйнер для опію. Кілаграма «бубак» хапала прыкладна на чатыры дозы. Кошт новага наркотыку — ад пяці да васьмі тысяч беларускіх рублёў. Бубкі адкрыта прадаюцца на рынках і ў звычайных крамах.

2005 год. Большасць наркаспажыўцоў пераходзіць на новы, амаль легальны наркотык. Кошт на «бубкі» імкліва расце. Насенне маку, прапітанае алалкоідамі опію, бесперашкодна завозіцца ў Беларусь з Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі. Было заведзена ўсяго некалькі крымінальных спраў на дробных гандляроў і кантрабандыстаў. Іх асудзілі за захоўванне макавай саломы, якую адсеялі з мяхоў з «бубкамі». Ніхто з буйных пастаўшчыкоў пакараны так і не быў.

2006, 2007, 2009 гады. Кілаграм «бубак» у сталіцы каштуе каля 120 тысяч беларускіх рублёў. У Салігорску — каля 150 тысяч, у Гомелі — каля 200 тысяч. Гэта, напэўна, адзіны тавар у краіне, які за шэсць гадоў падаражэў болей як у 20 разоў. Наркотык робіцца самым папулярным. Медыкі папярэджваюць: працягласць жыцця «бубачнага» наркаспажыўца ад двух да пяці гадоў.

2010 год. Змяніўся дзяржаўны стандарт «Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы». Цяпер забароненыя хоць нейкія дамешкі ў насенне, мак нельга прадаваць на вагу і гэтак далей. Але праблему гэтыя меры не вырашылі — яны толькі абмежавалі продаж. Дагэтуль «бубкі» маюць такі ж статус, як звычайны мак. Ніхто з наркабарыг і буйных пастаўшчыкоў наркатычнай смерці так і не быў пакараны.

Тэгі: