it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 26

У 2002 годзе паэтка Валянціна Аксак, якая працуе на "Радыё Свабода" папрасіла мяне перадаць Сяргею Грахоўскаму кнігу "Верш на свабоду", дзе быў і ягоны верш. паэту на той час было 89 гадоў. Спадарыня Валянціна сказала, што для мяне гэта будзе добрая нагода пазнаёміцца зь ім асабіста.

Я прынёс кнігу. Ён пачаў распытваць, што ды як. Тады я вучыўся ў Беларускім гуманітарным Ліцэі імя Якуба Коласа. Спадар Сяргей шмат распытваў пра навучаньне, бо многіх зь Ліцэя ведаў асабіста.

Потым ён пачаў нешта шукаць на паліцы. Дастаў дзьве аднолькавыя кніжачкі.

-- Гэта мая першая кніга, -- сказаў Сяргей Грахоўскі. -- У мяне захавалася 2 экзэмпляры, адзін я хачу падараваць табе.

І падараваў вось гэтую кніжачку "Дзень нараджэння" 1958 году. Сэнс яе назвы я зразумеў пазьней, калі прачытаў біяграфію Грахоўскага ў "Красе і сіле" Міхася Скоблы (гл. ніжэй)

Аўтограф быў крыху ніякаваты для мяне, 16-гадовага. "Глебу Лабадзенка. Жыць Вам у шчаслівай Беларусі. Сяргей Грахоўскі. 24 лістапада 2002. Менск. Яшчэ жывы аўтар "

Вось здымак з таго дня. Тады я працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты "Голас Радзімы". Першая кніжка Грахоўскага настолькі ўразіла мяне, што ў наступным нумары я даў вялікую публікацыю зь яе -- колькі словаў пра паэта і дужую падборку вершаў. Прынёс гэтую газэту Сяргею Грахоўскаму. Чытаў яму ўголас (вочы ў яго ўжо былі вельмі слабыя). А праз тыдзень Сяргей Грахоўскі памёр.

Тая самая публікацыя 2002 году...

Адзін зь вершаў з "Дня нараджэння"

Біяграфія з кнігі "Краса і сіла" Міхася Скоблы

СЯРГЕЙ ГРАХОЎСКІ

(1913, м. Нобель Пінскага пав.)

Гадаваўся ў мястэчку Глуск на Магілёўшчыне, куда сям'я пераехала, ратуючыся ад Першай Сусветнай вайны. Закончыў літфак Менскага педінстытута (1935), працаваў у рэдакцыях, на радыё, выкладчыкам на рабфаку пры БДУ. Двойчы – у 1936-м і 1949 гг. – арыштоўваўся і высылаўся ў Горкаўскую і Новасібірскую вобласці. Пасля рэабілітацыі ў 1955 г. вярнуўся ў Менск. Трынаццаць гадоў быў супрацоўнікам часопіса “Вясёлка”, шмат пісаў для дзяцей. Аўтар многіх кніг паэзіі, дакументальнай прозы. Лепшыя з іх выйшлі ў часы галоснасці – зборнік вершаў “І радасць і боль” (1988) і мемуары пра перажытае ў лагеры “Споведзь” (1990). Што цікава -- нават у часы татальнага кантролю з боку Галоўліта прэтэнзій да твораў С. Грахоўскага ніколі не было. Паводле ўспамінаў дырэктара “Мастацкай літаратуры” М. Дубянецкага, пісьменніка ў той звышпільнай канторы лічылі “стэрыльным”. Ад страху, што ўеўся ў людскія душы за сталінскім часам, не так проста было пазбавіцца. Памятаю, прыйшоў я да старога паэта на дамоўленае інтэрв'ю для радыё «Свабода». Грахоўскі пачытаў пытанні і – катэгарычна адмовіўся ад гутаркі, кажучы, што за сябе ўжо адбаяўся, а вось за жыццё ўнучкі… Тады я, каюся, абурана працытаваў паэту яго самога: “І толькі класікі маўчаць – ні бэ, ні мя, ні кукарэку”. Я наўрад ці меў права папракаць чалавека, які шаснаццаць гадоў правёў на лесапавалах і высылках.

ПРЫЗНАННЕ
Як я жыў без цябе?

І не ведаў, што недзе на свеце,

За глухімі лясамі, за сотнямі ўзгоркаў і меж,

Не на дальнім сузор’і, а ў нас, на планеце,

Ты ў зялёным і ціхім завулку жывеш.

Як я жыў без цябе?

А маглі ж не сустрэцца ніколі,

За паўкрока адно аднаго абмінуць,

Разысціся, як сцежкі расходзяцца ў полі,

І не знаў бы за страту каго папракнуць.

Мабыць, трэба было праваліцца у пекла,

Траціць блізкіх, пакутаваць, мерзнуць, гарэць,

Ратавацца, каб лютая сцюжа не ссекла,

Каб цябе пад Палярнаю зоркай сустрэць

І пазнаць, і адразу забыцца аб крыўдзе,

Каб праменьчыкі ўбачыць у зрэнках тваіх,

Нарадзіцца ізноў і паверыць, што прыйдзе

І збавенне, і шчасце адно на дваіх.

Падабрэць, памякчэць, назаўсёды скарыцца

Непадкупнай суровай тваёй чысціні,

Каб істоты тваёй адкрываць таямніцы,

Каб душу гартаваць на высокім агні.

Час ляціць і ляціць. Завіруха завеяла скроні,

Пакідаюць насечкі гады на ілбе.

Я гляджу на цябе, я дзіўлюся і сёння,

Чым я жыў без цябе, як я жыў без цябе.

1967

СЦЮЖЫ

Ад сцюжы сэрца халадзела

І прамярзала навылёт,

Шурпацела, як тарка, цела,

Не раставаў на вейках лёд.

Не сунімалася завея,

Збівала і валіла з ног,

Здавалася – душа сівее,

А праведных карае Бог.

За паслушэнства і бязволле,

За непавагу да сябе,

За абыякавасць да болю,

Да гругана, што лоб дзяўбе.

А сцюжы? Сцюжы лютавалі,

Сляпілі вочы ледзяшы,

І часам рэбры прыставалі

Да пасівелае душы.

Я так настыг у маладосці

І навучыўся так цярпець,
Што толькі спадзяюся косці

У крэматорыі сагрэць.

* * *

Не паверу хлусам,

Не згаджуся з Каінам,

Што заснуў я беларусам,

А ўстаў расіянінам.

1996

Тэгі: ,