it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 25

Гэты плякат я сфоткаў у рэдакцыі шведскай газэты Sydsvenskan. Ідэя класная -- на гуглмэп яны знайшлі будынкі, аб'екты, дарожныя разьвязкі свайго горада, якія блізка нагадваюць літары альфабэту. Пагадзіцеся -- арыгінальна! Як бачым, у Мальмё няма усяго некалькіх літар. А ў Менску? ))))

А ў Даніі са скаргамі чытачоў у газеце разбіраецца грамадскі амбудсмен. Некаторыя асаблівасці польскай, шведскай і дацкай прэсы

Давялося пабываць на вельмі цікавым навучальным курсе для журналістаў – тыдзень у Варшаве, тыдзень у Капенгагене. Арганізоўвала курс Амбасада Польшчы ў Мінску, фінансаванне адбывалася праз МЗС Польшчы і МЗС Даніі. На курс былі запрошаны 15 журналістаў беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных медыяў. Здавалася б, журналісцкі семінар – чаго дурыць гэтым галаву шаноўнаму чытачу, якому і так ёсць чым заняцца? Аднак некалькі дэталяў, думаю, могуць падацца цікавымі кожнаму. Бо ў нас такога пакуль няма.

Польшча: галаграмы і віртуальная студыя

На польскім тэлебачанні TVN24 нам паказалі рэчы, якія раней кожны бачыў хіба што ў фільме “Зорныя войны”.

Спачатку – віртуальную студыю. Гэта – невялічкі пакой, цалкам зялёны – падлога, столь, сцены. Яго здымаюць тры камеры – дзве статычныя і адная на аператарскім кране. Працаўнікі ставяць стол, крэслы. Вы сядаеце – і пачынаеце размаўляць. У цалкам зялёным, пустым пакоі. А на экране тэлевізара гледачы бачаць, як вы сядзіце ў шыкоўнай студыі, з дарагімі дызайнерскімі дэкарацыямі!.. Усе яны робяцца выключна з дапамогай кампутарнай графікі. Але дэкарацыі – гэта што. Майстар націскае адзін гузік – і мы апынаемся на плошчы ў Старым горадзе Варшавы. Вакол вас пачынаюць хадзіць людзі, вось праязджае нейкая машына. Узнікае мэбля – драўляны столік і крэслы, як у кавярні. Ці можна сесці за гэты намаляваны столік і паставіць на яго кубачак кавы? Можна. Наш гід прыносіць цалкам зялёныя кубы (пад колер усёй студыі), ставіць так, каб яны супадалі з мэбляй на экране. Вы сядаеце на куб, ставіце на іншы куб філіжанку кавы – а на экране сядзіцё за тым, намаляваным столікам. Гэты эфект дасягаецца вельмі проста. Абсталяванне наладжана так, што яно не ўспрымае зялёны колер, проста не бачыць яго. І куб, які ставіцца на месца намаляванага на экране століка, робіцца “празрыстым”.

фоткі на гэтую тэму я ўжо выстаўляў ТУТ

Майстар націскае гузік зноў – і мы апынаемся ў салоне самалёта. Роўна на месцы намаляваных крэслаў ахайна ставяцца сапраўдныя, і вось – мы ляцім, а нехта, бы сцюардэса, ходзіць па пакоі. Кампутарная графіка настолькі дасканалая і прадуманая, што дакладна прамаляваная нават структура тканіны на крэслах самалёта – і калі камера “наязжае” на вас – крэслы падаюцца сапраўднымі!

Шчоўк – і мы ў цалкам белай студыі. Каля вядоўцы “вырастаюць” слупкі і дыяграмы з лічбамі ды адсоткамі. Можна хадзіць сярод іх, паказваць рукамі і тлумачыць гледачу, што да чаго. Прычым – для адчування рэальнасці – слупкі могуць быць “непразрыстыя”, то бок, вы можаце схавацца за кожным з іх. Шчоўк – і яны, наадварот, апынаюцца за вашаю спінаю.

-- Я не падлічваў дакладна, колькі каштавала нам гэтая студыя, -- кажа Мацей Сламчыньскі, прадусар TVN24, адказны за новыя тэхналогіі. – Але магу сказаць дакладна, што на ёй мы эканомім сотні тысяч еўра ў год! Бо раней даводзілася выкручвацца з дэкарацыямі. Памяняў тканіну на заднім плане – вось і ўся новая дэкарацыя. Гэтая студыя дазваляе нам маляваць шыкоўнейшыя дэкарацыі, якіх у рэальнасці не існуе! Калі вырабляць іх сапраўды – гэта астранамічныя сумы. Цяпер жа, дзякуючы віртуальнай студыі, мы здымаем тут 14 праграм за дзень – не выдаткоўваючы на дэкарацыі ні гроша!..

Другая тэхналогія, якую паказвае Мацей, шакуе яшчэ больш. Вядоўцу праектуюць у студыю… як галаграму!.. Вось у віртуальнай студыі стаіць сапраўдны журналіст – і размаўляе з жанчынай-карэспандэнткай. Кабета насамрэч у гэтую хвіліну знаходзіцца ў Бруселі, яе “скануюць” – і перадаюць у варшаўскую студыя як галаграму, праекцыю! А выглядае як сапраўдная!

-- Самымі першымі такую мажлівасць выкарысталі на канале CNN, -- кажа Мацей Сламчыньскі. – Мы сталі думаць, як нам паўтарыць гэта – бо не ведалі, як дакладна яны зрабілі гэта. Нашыя майстры выпрацавалі тэхналогію. А пасля мы даведаліся, што канал CNN аддаў за гэта 200 тысяч даляраў. Мы доўга пасміхаліся, бо зрабілі гэта ў параўнанні з CNN практычна бясплатна!.. Больш за тое, у нас атрымалася настолькі рэалістычна, што мы вырашылі “разрэзаць” карэспандэнтку на палосачкі з дапамогай кампутара. Інакш – які сэнс у галаграме, калі яна выглядае як чалавек у студыі? Нам жа хацелася паказаць гледачам, якія дзівосы мы вынаходзім для іх камфорту і забавы!..

На гэтым жа канале ў нас было некалькі творчых сустрэч з журналістамі і тэхнікамі. На семінары з Магдаленай Рачкоўскай нашага брата здзівіла сістэма аплаты працы. Марта паказвала два свае рэпартажы. Адзін – як у Варшаве паліцыя застрэліла цемнаскурага мужчыну – падчас нейкай патасоўкі на кірмашы. Другі – як у касцёле за сотні кіламетраў ад Варшавы знайшлі невядомыя парэшткі ў крыпце. Журналістка першая – разам са святарамі – спусцілася туды, каб прысутнічаць пры ўскрыцці трунаў.

-- Магда, а наколькі рознілася аплата гэтых двух рэпартажаў, -- запыталіся мы.

-- Ні на колькі, -- адказала Магда. – Я атрымоўваю сталы заробак, за рэпартажы мне нічога не прыплочваюць.

Для нашых рэаліяў і менталітэту гэта дзіўна. У Беларусі вельмі часта журналісту даюць невялікую стаўку, астатняе ён мусіць зарабіць ганарарамі. А як яшчэ прымусіць журналіста пісаць? Дай вялікі заробак – будзе ляжаць на печы і ў столь пляваць. І залянуецца ездзіць па камандыроўках, калі за “мінскія” артыкулы даюць столькі ж.

Холдынг Agora, які выдае Gazetu Wyborczu і сайт Gazeta.pl

Яшчэ адно здзіўленне было ў нас у часе наведвання рэдакцыі сайта Gazeta.pl – аднаго з самых папулярных навінных сайтаў Польшчы. Ён належыць да холдынгу Agora, які сярод іншых выдае прэстыжную Gazeta Wyborcza і бясплатную рэкламную газету Metro. Не буду пераказваць журналісцкія фішкі, з якімі дзяліліся польскія калегі. Згадаю тэхнічны момант. Рэдакцыя ўзяла ў найм суперабсталяванне – заплечнік з адным-адзіным гузікам. Журналіст прыязджае на месца падзеі, дастае відэакамеру, падлучае да заплечніка, націскае гэты адзіны гузік – і на сайт адразу ж ідзе жывая (!) відэатрансляцыя падзеі! Такі заплечнік набыць немагчыма – адзіная фірма, якая імі валодае ў Польшчы, не прадае, а здае ў найм. Зразумела, гэтак выгадней – бо пракат каштуе 2000 еўра за месяц. Сайт Gazeta.pl наймае 5 такіх заплечнікаў.

Швецыя: што ні напішы – адказвае рэдактар

У шведскім горадзе Мальмё мы правялі адзін дзень – у рэдакцыі мясцовай газеты Sydsvenskan. Запомнілася мілая дэталь. Паводле шведскіх законаў, адказнасць за ўвесь змест газеты нясе асабіста галоўны рэдактар. Што журналіст ні напіша, як бы на яго ў суд ні падавалі – плаціць штраф і сядзець за кратамі будзе рэдактар. У Беларусі, напрыклад, можна засудзіць і газету, і асабіста журналіста. Як вы думаеце, што больш справядліва?

Від з балкона рэдакцыі Sydsvenskan

Данія: карыкатуры і амбудсмены

У Даніі мне запомніўся візіт у рэдакцыю газеты Politiken. Яна вядомая тым, што надрукавала 5 гадоў таму карыкатуры на прарока Мухамеда. Дакладней, не сама Politiken, а «Jyllands-Posten», якая ўваходзіць у гэтую ж кампанію. З таго часу рэдакцыя наняла ўзброеную ахову, якая адзін раз ужо затрымала на парозе рэдакцыі тэрарыста, каторы ішоў з імі разбірацца. Перыядычна рэдакцыя атрымлівае лісты з пералікам, у якім парадку будуць зарэзаныя журналісты і рэдактары газеты. А нядаўна, роўна на пятую гадавіну выхаду карыкатур, той самы мастак даваў прэсавую канферэнцыю ў рэдакцыі. Лішне казаць, што ахоўваць мерапрыемства была сцягнутая ўся паліцыя Капенгагена.

Адная з трох галоўных рэдактарак Politiken (іншыя два -- мужыкі)

Дык вось, у гэтай газеце ёсць нязвыклая для нас пасада грамадскага амбудсмена. Ён прызначаецца галоўным рэдактарам кожныя два гады – выбіраецца вопытны і аўтарытэтны журналіст. За працу на гэтай пасадзе чалавек атрымлівае столькі ж, колькі за ранейшую.

Задача амбудсмена – адсочваць памылкі ў газеце і выпраўляць іх, для гэтага існуе спецыяльная калонка Ў КОЖНЫМ НУМАРЫ. А таксама – прымаць усе скаргі і заўвагі ад чытачоў, даносячы іх да журналістаў і друкуючы ў сваёй калонцы.

-- А гэта не паказвае чытачам, што вы Ў КОЖНЫМ НУМАРЫ робіце памылкі, -- спыталіся мы ў дацкіх калегаў.

-- Не, гэта вельмі добры спосаб паказаць, што мы працуем над сабой і прызнаем свае памылкі. І добры спосаб не даводзіць справу да суда. Зазначу, што траціна заўваг ад чытачоў – што мы кепска ведаем дацкую мову і нас трэба расстраляць!..

Амбудсмен кажа, што журналісты, якія самі знайшлі недакладнасць ва ўласным артыкуле, павінны самі падыходзіць да яго і паведамляць. Але (як мы і самі падумалі) вельмі часта журналісты “забываюцца” гэта рабіць. А рампам не заўважаць?..

Тэгі: ,