it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 22


Напярэдадні канцэрта 28 кастрычніка праект “Ў нескладовае” быў прадстаўлены мінскім журналістам. Да гэтага часу ў інтэрнэце ўжо з’явіліся 2 песні і першы кліп. Мэты праекта самыя амбіцыйныя – скарыць маскоўскі музычны рынак беларускамоўнымі песнямі. Як і навошта – у гутарцы з Раманам АРЛОВЫМ, (які вядомы нам як экс-гітырыст J:Морс і па-сумяшчальніцтву сын пісьменніка Уладзіміра Арлова).

-- Рамане, я правільна разумею, што праект “У нескладовае” арыентаваны збольшага на Маскву і маскоўскую публіку?

-- Гэта сапраўды так.

-- А ў вас не пыталіся там, “што за назва такая прыкольная”?

-- Вось менавіта яна, можа быць, і прыдуманая, у першую чаргу для Масквы маім сябрам і партнёрам Вадзімам Марголіным. Бо гэта – тое, што сапраўды робіць нас адметнымі і ўнікальнымі. Калі мы ў Маскве здымалі кліп з Міколам Батвіннікам, розныя людзі абсалютна – узбекі, турысты, італьянцы, самі масквічы – падыходзілі да нас, актыўна цікавіліся, што гэта такое, што гэта за літара. І мы сапраўды адчувалі, што робім нешта важнае.

-- Асноўная ідэя – каб гэта было на беларускай мове? Бо і раней жа некаторыя беларускія гурты і выканаўцы спрабавалі скарыць Маскву, спяваючы пры гэтым па-руску…

-- Так, беларуская мова – тут галоўнае, гэта безумоўна. Ёсць амбіцыйная мэта – зрабіць пры гэтым праект яшчэ і камерцыйна папулярным у Маскве. Мы лічым, што гэта абсалютна магчыма. І такія людзі, як Арцём Троіцкі (славуты расійскі рок-журналіст і крытыкГ.Л.)ў сваіх інтэрв’ю кажуць таксама, што гэта магчыма. І цікавяцца, калі ж ужо нарэшце з’явяцца спробы. А пакуль што нам даводзяць скептычныя беларускія журналісты, што гэта – немагчыма. Але мы будзем усё-ткі спрабаваць. І ёсць вельмі добрыя арыентыры, такія як “Песняры”, “Ляпис Трубецкой”, які ў апошні час прасоўвае там беларускамоўны матэрыял дастаткова актыўна.

-- Дык вось, на каго вы раўняецеся!..

-- Ну, гэта было б для нас вельмі прэстыжна – раўняцца на іх. Але маючы такіх высокакласных вакалістаў як Рудэнка (гурт “Далі”) і Чалышаў (гурт “Харлі”), я думаю, ёсць шанец стварыць матэрыял, які будзе сапраўды ўспрымацца як нейкі сэнсавы працяг “Песняроў”.

-- Як вы лічыце, чаму нашым паўднёвым суседзям, украінцам, удалося лепш за нас прасунуць на расійскі рынак музыку на сваёй роднай мове?

-- Я думаю, што гэта моўна-псіхалагічнае пытанне. Беларусы – вельмі таленавітыя людзі, вельмі таленавітыя майстры. Заўсёды ў Маскве яны цаніліся: і на тэлебачанні, і Каломенскае пабудавана беларускімі майстрамі, Сімяон Полацкі вучыў грамаце цара, цэлыя кварталы стварылі беларусы. Беларусы вельмі шмат зрабілі і ў шоу-бізнэсе. Сярога, “Краскі” – гэта вельмі паспяховыя праекты, якія зарабілі вельмі шмат грошай і аўтарытэт. Але беларус – ён у гэты момант проста займаўся музычным шоу-бізнэсам. А ўкраінец – ён чамусьці ставіў пытанне яшчэ і так: каб гэта было па-ўкраінску, каб папулярызавала ўкраінскую мову і культуру. Хаця, і ўкраінцы не ўсе – бо і “ВіаГРА” ж адтуль… Але ў тым канвееры ёсць не толькі “Акеан Эльзы” і “Воплі Відаплясава”. Ёсць “Друга ріка”, якая рабіла дуэт з “Токио”, дзе “Друга ріка” спявала па-ўкраінску, а “Токио” па-руску. Як гэта часта робіцца – англа-італьянская песня, альбо англа-французская. І гэта была істотная вельмі з’ява, я бачыў гэты кліп па розных тэлевізійных каналах у топах. І я ведаю, што Ала Барысаўна Пугачова на сваю апошнюю буйную імпрэзу спецыяльна цягнула “Другу ріку” – на ўкраінскай мове, у Маскву. Чаму не?

-- Можа, гэта эпатаж, мода?

-- А што перашкаджае зрабіць модным беларускі праект?

-- Вам не замінае папулярны стэрэатып, што многія расіяне ўспрымаюць нас як дадатак да Расіі, “северо-западный край”?

-- Ведаеце, я заўважыў, што беларусы ў значна большай ступені самі вераць у тое, што вы кажаце. Гэта нашыя стэрэатыпы – нібыта ўсе яны пра нас так думаюць. Масква – гэта Вавілон. Там цікава тое, што можа быць цікавым. Трэба спрабаваць, гэты стэрэатып трэба ламаць. І мэнэджэр, які працаваў з J:Морсам, у часы, калі я быў у гэтай камандзе, Табрыз Шахідзі (дастаткова аўтарытэтны ў Маскве чалавек, мы даўно з ім знаёмыя), ён у сваіх інтэрв’ю заўсёды падкрэсліваў, што беларускамоўны матэрыял ў J:Морса ён лічыць камерцыйна больш перспектыўным. Бо гэта адрозніваецца ад рускамоўных спеваў. А ён – музычны аўтарытэт, гэта не я вам зараз кажу.

-- У вас у рэлізе заяўлена каля двух дзесяткаў удзельнікаў праекта. Ясна, што не ўсе яны будуць удзельнічауць адначасова. Хто зараз найбольш актыўны?

-- З вакалістаў адназначна найбольш актыўна прымаюць удзел Віктар Рудэнка і Яўген Чалышаў. Цяпер вось запісалі адну песню з Аляксеем Хлястовым – думаю, гэтае супрацоўніцтва працягнецца.

-- Рамане, вы збіраецеся рабіць беларускамоўны праект для Масквы, але ж не ўсе ўдзельнікі вашага праекта могуць два словы па-беларуску звязаць!..

-- Могуць яны звязаць!.. Тут рэч у іншым, як кажа мой партнёр Вадзім Марголін. Для Беларусі максімальна клёва і шакаладна, калі гэтых прозвішчаў будзе 20, а можа і 25. Для Масквы сітуацыя мусіць уніфікавацца. Усё мусіць зводзіцца да бэнда з адным вакалістам, максімум двума. І час пакажа. Гэта селекцыя – хочаш-не хочаш, яна абудзецца, само жыццё яе правядзе. І, напэўна, ўсё звядзецца да такой формы. Бо як толькі мы тут – гэта “AllStars” і ўсё па-максімуму, а як там…

--… проста беларуска каманда прыехала.

-- Менавіта.

-- І вы гатовы на сябе ўзяць ролю гэтага фронтмэна?

-- Ну, на канцэрце 28 кастрычніка ў Мінску я буду сам выконваць пару песень. Але ідэальны расклад для мяне – гэта 2-3 вакалісты. У нейкім сэнсе, як у “Песняроў”. Гэта можа і амбіцыйна прагучыць, але я адчуваю, што гэта -- правільны арыентыр.

-- Чаму вырашылі скараць Маскву, а не Варшаву ці Кіеў? Таму, што там больш грошай?

-- Таму што Масква – гэта бліжэйшы Вавілон да нас. Кіеў – гэта ўсё-ткі не Вавілон. У Кіеве запланаваны сякія-такія рухі. Трэба аддаць належнае, спрацоўваюць старыя кантакты. Сяргей Васільевіч Кузін (колішні генеральны прадзюсер мінскага “Альфа-Радыё”, цяпер паспяхова працуе ў КіевеГ.Л.) салідарызаваўся з намі, было вельмі прыемна. Ведаеце, такі скепсіс у Мінску!.. А Кіеў і Масква радуюцца!

-- А скепсіс з чым звязаны?

-- З тымі самымі стэрэатыпамі, пра якія вы казалі. Кшталту “Чаго вы паедзеце да гэтых маскалёў музыку па-беларуску спяваць, ды яшчэ вашую, нецікавую”.

-- Рамане, дык чым вы Маскву “браць” сабраліся? Гэта тут усе ўдзельнікі вашага праеку – зоркі. А там – “хто ўсе гэтыя людзі?”…

-- Глеб, мы пачынаем там з нуля, праз нейкія кантакты... Раскручваем гэта як новы прадукт, адначасова даем магчымасць зацікаўленым людзям прасоўвацца таксама з намі…

-- А якая асноўная канцэпцыя – чаму расійская публіка павінна слухаць песні па-беларуску?

-- Апошні канцэрт, які быў на пачатку лета, паказаў, што яна слухае проста таму, што ўспрымае гэта як якасны матэрыял. А беларуская мова прыцягвае дадатковую ўвагу.

-- Які план баявых дзеянняў па далейшаму піяру праекта?

-- Зараз мы знялі першы кліп на песню “У нескладовае”, і будзем старацца зняць другі кліп – на песню “Не кожны”. Таму што я лічу Саша Памідорава цікавым персанажам, і ягоны хіп-хоп у гэтай песні “на незнаёмай мове” – гэта ўжо цікавей, чым поп-рок на знаёмай мове. Паралельна хочам запісаць некалькі трэкаў на англійскай мове. Я адчуваю, што гэта можа быць запатрабавана. Але мы будзем выпускаць песню па-англійску, а потым адразу ж рабіць яе беларускамоўную версію, ужо з іншымі артыстамі. Будзем старацца эксперыментаваць.

МАЙ НА ЎВАЗЕ

Паслухаць песні праекта “Ў нескладовае” і паглядзець першы кліп можна задаўшы назву гурта ў любую пошукавую сістэму (напрыклад, www.google.by). Таксама гэта можна спампаваць на маім сайце www.labadzenka.by

Канцэрт “Ў нескладовага” адбудзецца 28 кастрычніка а 19.00 у мінскім клубе “Рэактар”

ХТО ПРЫМАЕ ЎДЗЕЛ У ПРАЕКЦЕ

У рэлізе, які патрапіў да журналістаў, заяўлена, што ў праекце “Ў нескладовае” бяруць удзел сапраўды вядомыя ў Беларусі музыкі:

* Раман Арлоў (экс-гітарыст J:Морс)

* Вадзім Марголін

* Алег Хаменка (“Палац”)

* Віктар Рудэнка (“Далі”)

* Ганна Хітрык (“Дзецідзяцей”, “Сундук”)

* Яўген Чалышаў (“Харлі”)

* Аляксандр Памідораў

* Аляксей Хлястоў

* Руся (“Індзіга”, Akana)

* Уладзімір Пугач (J:Морс)

* Зміцер Вайтэнка

* Барыс Штэрн

* Канстанцін Гарачы

* Андрэй Сапоненка

* Аляксей і Ціхан Золатавы

* Валеры Дасюкевіч

* Андрэй Краўчанка

Тэгі: ,