it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 18

Балкон, з якога скокнула Лера. Справа -- лясочак, дзе паводле некаторых сведкаў дзяўчына выпівала разам з дваравой кампаніяй незадоўга да трагедыі...

Новыя звесткі ў справе падзення мінскай дзевяцікласніцы з балкона 19-га паверха: гутарка з дзяўчынай, якая размаўляла з загінулай за паўгадзіны да трагедыі

Працяг. Пачатак ТУТ

Увечары 11 кастрычніка мінская дзевяцікласніца Валерыя М. загінула пры падзенні з балкона 19-га паверха дома па вуліцы Матусевіча. Скокнула? Штурханулі? Скінулі?

Апытванне настаўнікаў, аднакласнікаў і сваякоў засведчыла некаторыя факты. Першы – Валерыя некалькі разоў казала сяброўкам, што “нешта зробіць з сабой”. Другі – дзяўчынка злавалася з-за таго, што яе цёця-апякунка празмерна дбае пра яе навучанне, а не пускае гуляць дапазна разам з іншымі. Трэці – што ў Валерыі ўзніклі праблемы з ужываннем алкаголя. І цёця – зразумела – старалася з гэтым змагацца. Часам – на эмоцыях – магла нават “пужануць”, што калі Валерыя не спыніцца, яна аддасць яе абратна ў інтэрнат (адкуль узяла пад апеку 5 гадоў таму – пасля таго, як маці дзяўчынкі пазбавілі бацькоўскіх правоў з-за алкагалізму).

У мінулай публікацыі мы разгледзелі гэтыя акалічнасці. Заставалася пытанне – што ж адбылося ў той трагічны дзень – панядзелак, 11 кастрычніка – між 14 гадзінамі (калі скончыліся заняткі ў школе) і 21.30, калі дзяўчына разбілася пры падзенні з 19-га паверха?

Валерыя і раней бывала з кампаніяй на гэтым балконе?

Па недарэчным збегу акалічнасцяў, дом, дзе жыла Валерыя з цёцяй-апякункай і зводнай сястрой – такі ж самы, з якога яна ўпала. Абодва яны – 19-павярховыя, практычна новыя, збудаваныя ў мікрараёне “Кунцаўшчына”.

Таццяна – цёця і законная апякунка Валерыі – распавядае, што пэўны час таму дзяўчына стала выходзіць з-пад кантролю – прыходзіць дадому пазней за ўмоўлены час (21.00), ад яе патыхала алкаголем, некалькі разоў Валерыя не ночыла дома, адказвала пасля, што была “у сяброў”. Таццяна звязвае гэта з тым, што дзяўчынка “патрапіла ў дрэнную кампанію” старэйшых падлеткаў, якія і пераканалі яе, што выпіваць – гэта “крута”, што так “можна пакайфаваць”.

Лера (у цэнтры) выглядала значна меншай за сваіх аднагодак

За пэўны час да трагедыі Таццяна забрала ў Валерыі мабільнік – каб тая не магла дамаўляцца са сваёй праклятай кампаніяй аб сустрэчах. І радавалася – што на пэўны час Лера супакоілася, стала больш сядзець дома, рабіць урокі… Таццяна дазволіла мне зазірнуць у мабільнік Валерыі. Разам мы ўважліва праглядаем спіс кантактаў. Я выпісваю каля 4 дзясяткаў тэлефонаў і імёнаў, якія Таццяна чуе ўпершыню ці чула між справай. Гэта тлумачыцца проста – звязаўшыся з “кампаніяй”, дзяўчынка не казала пра яе нічога канкрэтнага ні сваякам, ні сяброўкам у школе. Відаць, асаблівай падставы хваліцца новымі знаёмцамі не было…

Для многіх кантактаў запісаныя хатнія нумары, усе яны – з Кунцаўшчыны, з навакольных двароў, бо пачынаюцца на аднолькавыя лічбы. Сярод кантактаў – шмат мянушак, даволі “блатных”. У эсэмэсках цікавая сітуацыя. Выглядае, што дзяўчынка выдаляла іх (навошта?) – бо ад пачатку верасня захаваліся толькі тры паведамленні ад аднаго і таго хлопчыка. Тэлефаную яму, не кажу нічога пра трагедыю, распытваю.

-- Калі вы бачыліся апошні раз?
-- Даўно.
-- Калі прыкладна, можаце згадаць?
-- Месяц назад – дакладна.
-- Яна вам не распавядала пра якія-небудзь праблемы?
-- Распавядала.
-- Што гэта былі за праблемы?
-- Ну, тое, што яна сварылася з цёткай. Што цёця яе хацела ў дзіцячы дом здаць.
-- Як вы мяркуеце, гэта былі сур’ёзныя праблемы?
-- Не ведаю, але яна з-за гэтага плакала.
-- З кім яна яшчэ магла сябраваць у сваім двары? Ці праўда, што быў нейкі пад’езд, у якім яна збіралася са сваёй кампаніяй?
-- Кампаніяй? Я даўнавата не дачыняўся з ёй, не ведаю…
-- Наколькі блізкія ў вас былі дачыненні?
-- “Прывітанне-пакуль”.
-- З кім яна яшчэ сябравала? Магчыма, яна называла нейкія імёны.
-- Вы ведаеце, дзе 179-я школа? Там, атрымліваецца, Міша жыве – гэта непадалёк ад яе дома. Потым Віця – таксама недалёка. Там Антон непадалёк – яго ўсе заўсёды называюць “Тоха”…
-- Вы не ведаеце, ці быў у яе хлопец?
-- Гэтага я не ведаю.

Гм… Зразумела, што гэты хлопец ні пра што не ведае… Такія ж вынікі – пры размовах з некаторымі іншымі асобамі са спісу.

Я іду да таго дома, з якога ўпала Валерыя. Мужчына ля пад’езда шчыра здзіўляецца такой інфармацыі – ён нічога не чуў. Кажа, што часам у іх у пад’ездзе між паверхамі збіраецца кампанія падлеткаў, якія п’юць піва.

На балкон 19-га паверха патрапіць не праблема – адразу з ліфта туды вядзе калідор, абедзьве дзверы незамкнёныя. На балконе стаіць бляшанка з-пад рыбы з недапалкамі – выглядае, тут паліць нехта з жыхароў паверха. На самім балконе і ў тамбуры – усе сцены спрэс спісаныя. Пісалі падлеткі, нават дзеці: “Улад лох”, “Не, ён не лох”, “Рытка руліць”, “Улад – пі…я скрыня”, “Кірыл – круты перац”.

Дзверы балкона на 19-м паверсе. Падлеткі яўна збіраліся тут рэгулярна

Некалькі імёнаў супадаюць з імёнамі з тэлефона Валерыі. Каля адных каракуляў стаіць дата – 09.10.2010. за два дні да трагедыі. Выглядае, што кампанія падлеткаў збіралася тут стала і рэгулярна. Ці бывала сярод іх Валерыя? Цалкам магчыма. І гэта – верагодны адказ на пытанне, чаму яна пайшла менавіта на гэты балкон менавіта гэтага дома.

Ад сведкаў мне ўдалося даведацца, што непасрэдна перад трагедыяй Валерыя выпівала разам з “кампаніяй” у лясочку, які знаходзіцца проста перад гэтым домам…

Але на цяперашні момант так і не ўдалося высветліць ніводнага чалавека з той кампаніі. Выглядае, што дзеці ўжо дамовіліся між сабой прыкрываць адно аднаго, нічога не казаць. Можа, следчыя знойдуць сродак прымусіць іх распавесці, як развіваліся падзеі?..

“Я казала ёй: папрасі прабачэння ў цёці і кладзіся спаць”

Пошукі і апытанні прывялі мяне да дзяўчынкі, якая гутарыла з Валерыяй за паўгадзіны да трагедыі. Яна была адной з апошніх, хто ўвогуле размаўляў з Лерай. Каб не перашкодзіць следству, назавем яе адасоблена – Алісай.

-- Аліса, калі ў той дзень ты пабачыла Валерыю?
-- Першы раз -- калі ішла на баскетбол, гэта было каля 18 гадзін. Лера была з нейкай дзяўчынкай, якую я ўпершыню бачыла, і з хлопцамі, якія гулялі ў футбол.

-- Ты ведаеш гэтых хлопцаў, іх імёны?
-- Я на іх не звяртала ўвагу – павіталася з Валерыяй і пайшла сабе, бо спазнялася на баскетбол. Валерыя спыталася: “Ты куды”. Я кажу: “Я на баскетбол на школу”

-- А які ў яе быў настрой, ты не звярнула ўвагі?
-- Настрой у яе быў пакуль нармалёвы, але алкаголем ад яе ўжо троху патыхала.

-- Пасля баскетбола ты зноў пабачыла яе?
-- Так, гэта было прыкладна а палове на дзевятую вечара. Яна сядзела ў двары са сваёй кампаніяй.

-- Каго ты пазнала з той кампаніі?
-- Нікога, бо было цёмна, а тая лаўка была далёка ад ліхтароў. Я бачыла, што там сядзела нейкая кампанія. Там ёсць дзве сцежкі – у адзін бок, і ў другі. Я завярнула ў другі, да свайго дома. Падбегла Валерыя: “Ты куды?” Я кажу, што дадому. “А чаго так рана?” Я сказала, што ў мяне сястра дома адная сядзіць. Я гляджу, яна нейкая сумная.

Пытаюся: “Ты чаго, што здарылася? З-за таго, што цёця цябе хоча адправіць у інтэрнат?” Яна кажа: “Так, а таксама з-за хлопчыка, Сяргея”

Мы адыйшлі з ёй і прыселі на лаўку каля ўвахода ў школу. Я кажу “Лера, чаго ты так засмучаешся? Не адправіць яна цябе ў інтэрнат, яна ж твая родная цётка! Яна проста цябе пужае!” Лера паўтарала: “Мне ўсё адно, я туды не хачу, я туды не вярнуся ніколі. Я зараз пайду і выкінуся з апошняга паверха!” Я пачала яе адгаворваць ад гэтай справы: “Лера, што ты такое кажаш!? Ты ўяві, што будзе з тваёй цёткай, калі ты такое зробіш!..” Яна маўчала, маўчала… Нават не тое, каб маўчала. Села, галаву апусціла ўніз – як усё роўна спала. “Лера, ты мяне чуеш?” Яна: “Угу, чую” Кажу: “Лера, не рабі гэтага, навошта табе гэта?!” Яна: “Мне ўсё надакучыла, мне ўсё адно, не хачу так больш”

-- Як ты лічыш, з гэтых дзвюх прычын, якія яна табе назвала, што яе больш напружвала – што цётка хоча ў інтэрнат аддаць ці Сяргей?
-- Хутчэй, што цётка ў інтэрнат. Яна шалёла ад гэтага. Такімі словамі мне жорсткімі пра гэта казала – што яна не пойдзе туды…

-- Ты лічыш, што цётка яе сапраўды збіралася ў інтэрнат адправіць?
-- Я не ведаю, збіралася ці не… Лера казала мне, што цётка ці то сабрала, ці то збірае дакументы…

-- Табе не падаецца, што цёця проста “брала яе на понт”, каб тая ўзялася за розум?
-- Я ёй казала тое самае: “Яна так кажа, каб ты спужалася і стала слухацца яе, вяртацца дадому своечасова, а не ночыць дзе прыдзецца… Старайся дачыняцца з ёй лепш і паводзіць сябе нармалёва. Ідзі зараз дахаты, папрасі прабачэння і кладзіся спаць” Яна кажа: “Добра, пайду дахаты, лягу спаць”. Я пайшла сабе дахаты. А потым мне ў школе распавялі плёткі, што яна яшчэ падыйшла да той кампаніі, развіталася з імі і сказала, што яна п’яная і пойдзе дахаты, а ім “патэлефануе заўтра” . Потым некаторыя з іх пайшлі дахаты, некаторыя ячшэ сядзелі. І яны пачулі крык, ці то “глядзіце!”, ці то “памажыце!” Нешта яна там крычала, калі падала. Потым я яшчэ пайшла ў краму – і бачыла, як каля таго дома стаялі міліцыянты і яна ляжала, накрытая капаю.

Від на балкон з зямлі

-- Ты адразу зразумела, у чым там справа, чаго міліцыя стаіць?
-- Ну так, адразу… Я пабачыла яе нагу з-пад капы… І адразу ўзгадала, што яна мне толькі-толькі казала, што хоча скінуцца… А я ёй не паверыла…

-- Калі ты ішла пасля баскетболу, Лера была моцна п’яная?
-- Так, яна ішла, і ў яе нага запляталася, яна хісталася.

А калі я была на баскетболе, яна прыйшла да нас і спыталася “А можна я тут пабуду?” Але наша настаўніца яе выгнала, бо пабачыла, што Лера п’яная…

-- Яна была адна?
-- Так.

-- А той дом, адкуль яна скокнула – у гэтым пад’едзе калі-небудзь збіраліся вашыя кампаніі?
-- Ніколі.

-- Калі яна не ночыла дома, яна табе распавядала, дзе менавіта яна была?
-- У сяброў. А ў якіх – не казала. Казала: “Ты ўсё адно іх не ведаеш”. Яна апошні час з дзяўчатамі практычна не дачынялася, таму што дзяўчаты так не пілі. Таму яна дачынялася ў асноўным з хлопчыкамі. Яна калі ноч дома не ночыла – на наступны дзень прыходзіла да мяне, распавядала…

-- У яе даўно пачаліся праблемы з алкаголем?
-- Апошнія дні яна ўвогуле вельмі часта ўжывала. Раней, можа летам, яна любіла выпіць піўка. А як прыйшоў навучальны час, дзяўчаты сталі сядзець па хатах і вучыцца, дык яна звязалася з гэтай кампаніяй, дзе пілі і гарэлку… Яшчэ перад здарэннем, за дзень ці два, я бачыла яе таксама п’яную. А ў той дзень яна нават распавяла мне, што п’е ўжо трэці дзень запар. Яна яшчэ перад гэтым да мяне заходзіла і казала, што трэція суткі не ночыць дома, што “бухае на хаце”. Я кажу: “Лера, глядзі, гэта дрэнна скончыцца”. А яна: “Ды ладна, я трошку…”

-- А што яны пілі?
-- Піва, гарэлку. У той дзень яна распавяла мне, колькі яна выпіла: 4 пластмасавых стаканчыкі гарэлкі і наверх піва.

-- Мне здаецца, яна проста выхвалялася перад табой. Ад такой дозы яна б не магла на нагах стаяць у прынцыпе!
-- Ну так, можа, і выхвалялася.

-- У цябе склалася ўражанне, што дома да Валерыі сапраўды ставяцца гэтак строга?
-- Я думаю, да кожнай дзяўчынкі гэтак бы ставіліся, калі б яна пачала такое чыніць. У той вечар я параіла ёй папрасіць прабачэння ў цёткі. Яна адказала: “Як я буду прасіць прабачэння, калі я п’яная?” Я думаю, у той вечар усё супала – яна была п’яная, баялася ісці дахаты, трымала ў галаве гэтыя пагрозы пра інтэрнат, яшчэ і з хлопчыкам тым нешта там было – мабыць, усё гэта і падштурхнула…

-- А там было нешта сур’ёзнае з тым хлопчыкам?
-- Яна мне казала, што ён ёй падабаецца, але ён не адказвае ёй узаемнасцю. І што ў яго ёсць свая дзяўчына.

-- Аліса, калі Лера казала табе, што зараз пойдзе і скокне з дома – табе здалося, што яна кажа ўсур’ёз?
-- Не, мне здалося, што яна гэта кажа з-за эмоцыяў, з-за алкаголя.

-- Як высветліць, хто з хлопцаў быў у кампаніі ў той вечар?
-- А хто вам скажа праўду? Усе прыкрываюць сваю попу. Нават мне мама казала: “Зараз цябе будзе міліцыя шмантаць, бо ты яе незадоўга да гэтага бачыла, глядзі, не папаліся” А ў чым я вінавата? Можа, у тым, што ёй не паверыла?..

Сястра Валерыі: “Яна была бясстрашнай дзяўчынкай, не магла яна такога напужацца…”

Ці праўда цётка збіралася аддаць Валерыю ў інтэрнат? Ці магла такая пагроза падштурхнуць дзяўчынку да такога ўчынку? Пра гэта я зыпытаўся ў Аляксандры, сястры Валерыі.

-- Аляксандра, вы чулі, каб вашая цёця пагражала аддаць Валерыю ў інтэрнат?
-- Магчыма, Таня такое і казала – каб яе напужаць, на эмоцыях.

-- Як вы лічыце, ці магла Таццяна на поўным сур’ёзе збірацца зрабіць гэта?
-- Не. Яна толькі пужала яе…

Таня ў свой час уратавала нас з Лерай, забраўшы з інтэрната. Яна ставілася да нас, як да сваіх дзяцей. І шчыра хацела, каб з нас атрымаліся годныя людзі.

Хвалявалася, перажывала, дбала пра навучанне…

-- Я так разумею, што раз вам ужо споўнілася 18 гадоў, вы таксама маглі аформіць апеку над Лерай?
-- Так. Я некалі казала ёй: “Пажыві пакуль у Тані, выконвай што яна патрабуе – рабі ўрокі, прыходзь своечасва дахаты. А там ужо скончыцца дзевяты клас, паступіш куды, можа, інтэрнат дадуць – будзеш жыць сама. Альбо калі ў мяне з маім хлопцам атрымаецца нармалёва зарабляць, здымем кватэру – будзеш жыць з намі”. Я ўпэўнівала яе, што не ўсё гэтак блага. Што патрабаванне Тані прыходзіць раней – разумнае. Патрабаванне рабіць урокі – разумнае, бо іначай нікуды не паступіш. Але для яе гэта было занадта. Яна вельмі моцна крыўдавала. Ёй трэба было гуляць “колькі хачу”.

-- Няўжо яна настолькі верыла, што Таццяна можа аддаць яе ў інтэрнат – каб вось так накруціць сябе?
-- Разумееце, яна сама па сабе – бясстрашная. Яна ніколі нічога не баялася. Хадзіць позна па вуліцы… Яшчэ калі мы з мамай жылі дома – не баялася рэменя атрымліваць. Я плакала, а яна – не. Яна такая з характарам вырасла. Волю ў кулак: рэменя атрымае – але не слязінкі не пракоціцца. Прыйдзе са школы: я сёння гэтаму, ці таму дала адпор… Як?! Ён жа хлопчык! “Ну і што, няхай мяне не крыўдзіць!..”

Я проста не магу паверыць, што гэта яе так напужала. Я не веру. Гэтага проста быць не можа…

З-за чаго? З-за “сядзі дома і рабі ўрокі”? З-за безадказнага кахання? З-за гэтага – пайду і скінуся? Я не веру – гэта не ў яе характары! Гэта так недарэчна – паставіць на шалі з аднаго боку “рабі ўрокі” і безадказнае каханне – з іншага жыццё!..

-- А іншыя версіі ў вас ёсць?
-- Я не ведаю… Можа, у часе той п’янкі ў той кампаніі нешта адбылося? Канфлікт? Ці яе нехта “ўзяў на понт”? “Пайду скінуся” – “а не скінешся, не хопіць смеласці”. Да гэтага дадаўся і алкаголь…

Той самы дом па вуліцы Матусевіча

Куды глядзелі іншыя бацькі, калі іх дзеці вярталіся дадому п’яныя?

Здаецца, сітуацыя больш-менш абмалявалася. Для поўнай дакладнасці застаецца высветліць, хто канкрэтна быў у той вечар (і раней) у кампаніі з Валерыяй. Хто наліваў 15-цігадоваму дзіцёнку піва і гарэлку. 16-гадовыя, 17-гадовыя “дарослыя”?

У размове з Алісай у мяне не склалася ачуванне, што яна падманвае ці нешта выдумляе. Але засталося ўражанне, што яна недагаворвае – імёны тых самых хлопцаў, з якімі бачыла Валерыю за паўгадзіны да смерці. Я задаваў ёй гэтае пытанне шмат разоў, фармулюючы па-рознаму. І кожны раз яна неяк склізка, неяк няпэўна адказвалася на яго.

Зразумела, што дзеці маглі дамовіцца між сабой – і,напэўна ж, дамовіліся. Зразумела, нават калі цяпер знайсці каго з тае кампаніі – нічога ён не скажа. Яны баяцца, бо адчуваюць, што дагуляліся. Наліваць гарэлку 15-гадовай дзяўчынцы яны не баяліся, а цяпер – баяцца. Круцізна і гульня ў дарослых скончылася, застаўся страх, што цябе зловяць і адшлёпаюць па попе. У дарослым жыцці, адпаведна, – завядуць у міліцыю і будуць задаваць непрыемныя пытанні.

Падумайце пра іншае.

Калі 15-гадовая дзяўчынка выпівала ў кампаніі з 16-17, няхай сабе 20-цігадовымі “дарослымі” – значыцца, і яны ж пілі. Значыцца, і яны штодня прыходзілі дадому нападпітку, з пахам алкаголю з рота. Дык няўжо ўсе яны – сіроты? Ці іх бацькам абсалютна паралельна, у якім стане прыходзяць іхныя дзеці дахаты?

Ці ў Кунцаўшчыне піць гарэлку ў 16-17 гадоў – норма?

У гутарках з рознымі людзьмі, якія ведалі сітуацыю, я заўважыў адно. Дзеці кажуць пра праблемы са “строгай цёцяй”. Уявіце – якая ўзурпатарка! – прымушала ўрокі рабіць і па вуліцы цемначы не бадзяцца. Дарослыя кажуць – патрапіла пад дрэнны ўплыў, звязалася з бандай гопнікаў.

Хто з вас, бацькоў, паступіў бы інакш – не стараўся вырваць сваё дзіця з рук дваравых байструкоў, якія жлукцяць гарэлку ў 16-17 гадоў?.. Бачыць Бог, Таццяна рабіла што магла – так, як яна гэта ўяўляла. Напэўна, норавы сучаснай вуліцы апынуліся мацнейшыя.

P.S. На просьбу сваякоў некаторыя імёны ў артыкуле змененыя.

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

Паводле статыстыкі, прычыны з-за якіх падлеткі спрабуюць здзейсніць самагубства размяркоўваюцца так:

* 53% - канфлікты з бацькамі

* 28% - канфлікты з аднагодкамі

* 10% - праблемы з навучаннем, прыналежнасць да субкультуры ці секты, цяжкое хранічнае захворванне ды інш.

* За 2009 год у Беларусі зафіксавана 37 выпадкаў самагубстваў сярод дзяцей і падлеткаў. Спробаў суіцыду – 425.

* У Мінску за 8 месяцаў 2010 года 2 падлеткі скончылі жыццё самагубствам, спробаў было 57.

Тэгі: