it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 14

Справа, якая на першы погляд выглядае як самагубства, пры дэталёвым разглядзе пакідае занадта шмат пытанняў. Спецыяльны карэспандэнт “Звязды” Глеб Лабадзенка пачаў уласнае расследванне акалічнасцяў трагедыі

31 жніўня Леры споўнілася 15 гадоў, але выглядала яна значна меньшай за сваіх аднагодак

“Яе маці была пазбаўленая бацькоўскіх правоў”

Афіцыйныя паведамленні навінных стужак былі традыцыйна ў такіх выпадках сухімі: дзевяцікласніца, 1995 года нараджэння, скінулася з 19-га паверха дома па Матусевіча.

Ужо праз некалькі гадзінаў праз інтэрнэт форум мне ўдалося даведацца першыя падрабязнасці: імя дзяўчынкі, нумар школы, дзе яна вучылася – №190. І тут узнікла першае пытанне. Школа №190 знаходзіцца на іншым канцы горада – за кальцавой, ва Уруччы. Чаму яна скокнула з дома на вуліцы Матусевіча?

Пры першым тэлефанаванні ў школу даведацца ўдалося няшмат.

-- Ведаеце, мы ў шоку… Ды таго ж, ідзе следства, таму нічога каментаваць пакуль не можам… Яна сышла са школы ў цудоўным настроі, а ўвечары… Заўтра зранку пахаванне… -- адказала намесніца дырэктара Таццяна САШЫНА ўвечары ў аўторак.

У гарадской пракуратуры падрабязнасцяў дадалі няшмат.

-- Перадсмяротнай запіскі не было, таму казаць пра матывы ці версіі пакуль рана, -- паведаміў Сяргей БАЛАШОЎ, старэйшы памочнік пракурора Мінска па прававым забеспячэнні, інфармацыі і грамадскіх сувязях. – Яе маці была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, дзяўчына жыла з апякункаю. Наколькі нам вядома, знаходзілася на ўнутрышкольным уліку, былі нейкія праблемы з ўжываннем алкаголю…

Затое стала зразумела, чаму трагедыя адбылася менавіта у гэтым доме – жыла Валерыя па суседству, на вуліцы Ляшчынскага. А ў школу ездзіла праз увесь горад. Навошта?..

Школа, дзе вучылася дзяўчынка

“У той дзень Лера сказала: “Дзяўчаты, я сёння дакладна ці перарэжу сабе вены ці скокну з дома”

На ганку школы №190 я бачу дзвюх дзяўчат, апранутых ва ўсё чорнае. Я не памыляюся – гэта аднакласніцы Валерыі.

-- Але нас сёння зранку не ўзялі на пахаванне… -- кажа адная з іх. – Узялі толькі 5 чалавек з класа, хаця мы таксама хацелі паехаць…

-- Лера заўжды была вясёлая, усмешлівая, -- дадае другая. – Мы няшмат ведалі пра яе праблемы – выглядала, што яна хавае ўсё ў сабе. Дзе яе бацька, мы ніколі не пыталіся, а маці, здаецца, сядзела нейкі час у турме, была пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Таму Лера жыла са сваёй цёцяй, якая аформіла апякунства.

Робіцца зразумела, чаму дзяўчынка ездзіла ў школу праз увесь Мінск. У гэтую школу яна пайшла ў пяты клас. Цёця-апякунка раней жыла тут непадалёк, але пасля стала здымаць іншую кватэру, паблізу станцыі “Кунцаўшчына”. Апроч Леры, цёця выхоўвае і ўласную дачку, якая ходзіць у шосты клас гэтай жа школы – дзяўчат пасля пераезда забіраць са школы не сталі, бо ў Леры заставаўся толькі дзевяты клас, пасля збіралася паступаць – не было сэнсу на адзін год змяняць школу, а малодшая захацела застацца сама, бо падабаецца клас.

-- Ведаеце, Лера не мела нейкіх асаблівых сябровак у класе, -- кажуць дзяўчаты. – Неяк аднолькава роўна і прыязна дачынялася з усімі.

Пытаюся, ці былі нейкія перадумовы такога страшэннага ўчынка?

-- У той дзень, калі мы пасля ўрокаў забіралі курткі з гардэроба, Лера сказала нам: “Дзяўчаты, я сёння дакладна ці перарэжу сабе вены ці скокну з дома”. Мы пачалі хвалявацца: “Лера, што ты такое вярзеш?!” А яна неяк адразу пераманілася: “Ды жартую, жартую…”

-- Вы не паведамлялі пра гэтыя яе словы дарослым, настаўнікам?

-- Мы і праўду падумалі, што яна жартуе, ляпае языком абы-што. Да таго ж, яна казала нам такое не ў першы раз. Але ніколі гэта не гучала сур’ёзна – выглядала, што яна проста казала абы-што, перабольшвала…

Што падштурхоўвала 15-гадовую дзяўчынку перыядычна раскідвацца такімі страшэннымі словамі? Яе аднакласніцы высоўваюць такую версію.

-- Мы ведалі ад яе, што ў яе ёсць непаразуменні дома, з цёцяй. Нібыта цёця казала, што аддасць яе ў інтэрнат. Лера вельмі баялася гэтага. Кажуць, што некалькі дзён перад трагедыяй яна не ночыла дома. Але мы не ведаем, ці праўда гэта – бо ў школу яна прыходзіла з усімі патрэбнымі сшыткамі, заданні ўсе выконвала.

-- А як яна апраналася, ці не выглядала горш за іншых дзяўчат?

-- Не, апраналася вельмі прыстойна, як усе – нічым не вылучалася. Нават мела некаторыя рэчы, якім многія зайздросцілі – напрыклад, модныя батфорты. Не было заўважна, каб яе абдзялялі дома ў гэтым сэнсе…

“Цёця проста вельмі перажывала за яе паспяховасць у школе”

У школе пра дзяўчынку адгукаюцца толькі добра. Кажуць, магла і “тройку” зарабіць, але ў цэлым вучылася больш-менш. У ракавы панядзелак яна нават узяла ў бібліятэцы кнігу – якая была патрэбнага для пазакласнага чытання па літаратуры. Бібліятэкарка нагадала, што Лера не здала некаторыя старыя кнігі – і дзяўчынка паабяцала, што заўтра “абавязкова прынясе”. Ці стала б Лера па сваёй волі браць у бібліятэцы кнігу, калі б загадзя планавала самагубства?

На стале ў класнага кіраўніка – заява, запоўненая дзяўчынкай ад рукі. 8 лістапада, за тры дні да трагедыі, Валерыя папрасіла прыняць яе ў гурток па аэробіцы. Апроч гэтага, яна ўжо займалася ўсходнімі танцамі – на платнай аснове, цёця не шкадавала грошай на захапленне гадаванкі.

Заява на курсы аэробікі, якую Лера запоўніла за тры дні да сьмерці...

-- Тое, што яна была на “ўнутрышкольным кантролі” – не зусім так, -- кажа ў неафіцыйнай размове адна з настаўніц Валерыі. – Справа была ў верасні – адзін дзень Лера не прыйшла дадому ночыць. Раней бывала толькі, калі яна з дазволу цёці заставалася ночыць у сяброўкі. Тут – у сяброўкі няма, дадому не прыйшла. Цёця-апякунка прыйшла ў школу: “Паўплывайце на яе, бо адчуваю, што дзяўчына выходзіць з-пад кантролю!..” Мы выклікалі яе на Раду па прафілактыцы. Лера казала, што сапраўды ночыла ў сяброў, але, паводле яе словаў “нічога дрэннага яны там не рабілі”. Той выпадак быў адзіны – прынамсі, больш цёця Леры з такімі праблемамі да нас не звярталася.

Настаўнікі кажуць, што ведалі крыху пра сітуацыю ў сям’і.

-- Наконт таго, што цёця пагражала аддаць яе ў інтэрнат… Ведаеце, часам нават свае дзеці так давядуць бацькоў, што можна на эмоцыях сказануць: “Будеш сябе дрэнна паводзіць – аддам у дзіцячы дом!” Цёці Валерыі самой усяго 30 гадоў. Яна нават называла яе не “цёця”, а проста “Таццяна”. У свой час менавіта Таццяна ўратавала Валерыю і яе старэйшую сястру ад дзіцячага дому – забрала да сябе, калі маці дзяўчат пазбавілі бацькоўскіх правоў. Маці і зараз страшэнна п’е, жыве недзе ў Стоўбцах…

“Мы не верым, што там, на 19-м паверсе Лера была адна”

Гэта – асноўная думка, якую я пачуў ад настаўніц Валерыі М. Яна грунтуецца на другой версіі, адрознай ад нясмелага меркавання аднакласніц.

-- Мы не можам дакладна ведаць, якія ў яе былі адносіны з цёцяй, -- кажуць выкладчыцы. – Але мяркуйце самі. Калі б дзяўчынка хацела такім страшэнным учынкам адпомсціць цёці – чаго не хапае ў такім выпадку? Менавіта – перадсмяротнай цыдулкі! Іначай як бы ўсе даведаліся, каму менавіта яна помсціць? Мы з вамі чулі шмат гісторый, калі людзі сыходзяць з жыцця, пакідаючы цыдулкі: “У маёй смерці прашу вінававіць…”

На чым маглі палягаць непаразуменні Валерыі з цёцяй – што апошняя вельмі дбала пра вучобу падчаркі. Сачыла, каб дзяўчынка спраўна рабіла хатняе заданне, вучыла ўсё, што задаюць. А ў дзевяцікласніцы, самі разумееце, -- не толькі ўрокі ў галаве.

Балкон, зь якога ўпала Лера -- у цэнтры (агульны), на 19-м, самым верхнім паверсе

-- З ускосных размоваў мы чулі, што Валерыя звязалася з нейкай не надта добрай кампаніяй, -- разважаюць настаўніцы. – Стала паліць – аднак, гэта не самае страшнае, на жаль, многія школьнікі цяпер спрабуюць цыгарэты… Але мы не можам паверыць, што Лера сама мэтанакіравана пайшла на гэты пракляты 19-ы паверх – і скочыла. Разумееце, тут нешта няясна. Яна – вельмі імпульсіўная дзяўчынка. І для такога страшнага ўчынка мусіла нешта здарыцца. Ці пасварылася з кім ці што… Яшчэ ў яе характары была такая дзіцячая бравада: “Мне слабо? А вось і не слабо!..” Мы яшчэ не ведаем вынікаў экспертызы, але ходзяць чуткі, што яна магла выпіць спіртное ў той вечар. І мы моцна сумняемся, што ў тым доме яна была адна, без нейкай кампаніі. Вельмі верагодна, што ўсе проста паўцякалі, калі яна скочыла…

Цёця Валерыі: “У яе ў крыві быў алкаголь. З кім яна выпівала перад смерцю?”

Таццяна, цёця Валерыі, не адмаўляецца ад размовы, запрашае ў хату. Кватэра вельмі ўтульная, дагледжаная. У пакоі, дзе жыла дзяўчынка, вельмі шмат цацак, стаіць тэлевізар і DVD-прайгравальнік, ляжыць шмат дыскаў з фільмамі.

-- У даведцы, якую мы атрымалі на рукі, пазначана, што ў яе ў крыві быў алкаголь, -- распавядае Таццяна, якая дагэтуль знаходзіцца ў стане глыбокага шоку. – Я веру ў гэта. Бо незадоўга да трагедыі такія праблемы сапраўды пачаліся. Яна звязалася з нейкай кампаніяй, пра якую нічога не хацела распавядаць нам. Летам упершыню не прыйшла ночыць дадому. Я абарвала тэлефон – ніхто з яе сябровак нічога не ведаў... Пасля я так і не змагла дабіцца, дзе яна тады ночыла… Я адправіла яе да канца вакацыяў у вёску разам з хроснай маці, каб абмежаваць ад гэтых незразумелых кантактаў. У канцы верасня праблемы пачаліся зноў…

Таццяна распавядае, што сапраўды ставілася да навучанне Валерыі вельмі адказна. Гэта зразумела – адна яна гадуе сваю дачку і Валерыю. Старэйшая сятра Валерыі, над якой таксама было аформлена апякунства ў Таццяны, ўжо поўнагадовая, паступіла ва ўніверсітэт. У свой час, калі маці дзяўчат пазбавілі бацькоўскіх правоў, Таццяна ўратавала іх з дзіцячага дому, куды ўжо накіраваў сясцёр суд…

-- Я хацела, каб і Валерыя таксама абавязкова паступіла – можа, спачатку ў каледж, пасля ва ўніверсітэт, -- кажа Таццяна. – Таму і прымушала яе вучыцца. Да таго ж, парадак быў – каб яна вярталяся дамоў да 21 гадзіны. Ведаеце – усялякія людзі па вуліцах ходзяць… Ясна, у нас былі з ёй непаразуменні з гэтай нагоды – яна казала, што ўжо дарослая і можа гуляць даўжэй… Што за кампанія, з якой яна звязалася – я не магу высветліць гэта і цяпер. Аднойчы мы гулялі ўтрох – я, Валерыя і яе хросная маці. Селі на лаўку. Раптам Лера пабачыла непадалёк двух хлапцоў, сказала, што пойдзе з імі павітацца. Яны стаялі і размаўлялі. Я заўважыла ў тых хлапцоў на лаўцы бутэльку гарэлкі – і пайшла забіраць Леру. Яны паставіліся да мяне неяк дзёрзка: “Ну здрасьце, як пажываеце?..” Я не зразумела тады гэтага панібрацтва…

Ложак Леры ў яе пакоі

Праблемы абвастрыліся ў канцы верасня. Валерыя раптоўна пачынае прапускаць курсы па ўсходніх танцах.

-- Як я даведалася пасля, яна не была на курсах у чацвер, 30 верасня, -- згадвае Таццяна. – Верагодна, і 2 кастрычніка не была, а 4 кастрычніка прыйшла троху пазней, чым зазвычай – і хуценька пабегла ў ванну чысціць зубы. Я за ёй: чаго раптам? Кажа: у мяне дрэнна з рота пахне, адрыжка. А я чую, што яе яе алкаголем патыхае! Селі размаўляць. Яна мне: “ А што тут такога? Мы ж няшмат, так -- пакайфаваць…”

Наступны раз, у чацвер 7 кастрычніка, Таццяна вырашыла сустрэць Валерыю з курсаў – а заадное заплаціць за наступны месяц. Тут і высветлілася, што шэраг апошніх урокаў дзяўчынка прагуляла… У той дзень Лера не прыйшла ночыць дахаты. Назаўтра з’явілася пад самы вечар нецвярозай. У суботу зранку Таццяна зноўку мела размову з Лерай.

-- Я казала ёй: “Лера, спыніся – у цябе ёсць прыклад твае маці, як гэта можа скончыцца”. Казала ёй: “Давай ты хаця б наступныя тры тыдні, да канца кастрычніка, пастараеўшся нічога не вытвараць, не ўжываць спіртное, ночыць дома”. Нібыта паразумеліся, але ўвечары, калі я прылегла адпачыць – Лера ўцякла і дома не ночыла.

Апошнюю ноч перад смерцю Валерыя засталася ночыць дома. У той панядзелак зводная сястрычка-шасцікласніца спыталася ў яе зранку: “Лера, дык сёння пасля школы ты паедзеш дахаты?” Лера здзівілася: “Зразумела, паеду – не бадзяцца ж пайду!..”

Урокі скончыліся а 14-й гадзіне. Таццяна прыйшла дахаты недзе а палове на чацвертую. Ад школы да хаты мінімум 50 хвілін дарогі. Выглядае, што Лера так і не зайшла дадому ў той дзень. Пра гэта сведчыць і сумка з падручнікамі, якую знайшлі на тым балконе 19-га паверха… Каля дзесятай гадзіны вечара да Таццяны прыйшлі аператыўнікі… Калі цёця пачула, у чым справа, ёй стала блага. Выклікалі “хуткую”, рабілі ўколы, кардыяграму… Апазнаваць таксама давялося сястры…

“Яе пахавалі ў сукенцы нявесты…”

Дзевяцікласніцу Валерыю М. пахавалі заўчора на мінскіх могілках у Калодзішчах. Школа, сям’я –дагэтуль у шоку.

Пытанне, якое застаецца адкрытым – што магло здарыцца 11 кастрычніка з 14 гадзін (калі скончыліся ўрокі) да 21.30, калі дзяўчынка загінула? З кім яна кантактавала? Што магло падштурхнуць яе да фатальнага ўчынку? Хто быў разам з Валерыяй на тым балконе? Скокнула “на слабо”? Штурханулі? Сарвалася выпадкова?

Я быў на тым балконе ўчора ўдзень. Улічваючы маленькі рост Валерыі, парэнчы былі ёй прыкладна па шыю – выпадкова не звалішся…

Валерыю пахавалі ў сукенцы нявесты. Труна была адкрытая – прысутныя на пахаванні кажуць, што яе твар застаўся непашкоджаным, што ў труне яна засталася гэткай жа прыгожай, якой была ў жыцці.

Маці Валерыі не была на пахаванні – яе проста не змаглі адшукаць, каб паведаміць пра смерць дачкі.

Нам удалося здабыць шмат новых звестак па гэтай справе, якія толькі дадаюць загадак. “Звязда” працягвае ўласнае расследванне справы.

P.S. На просьбу сваякоў імя загінулай змененае.

Тэгі: