it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Oct 11

Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб Лабадзенка высвятляў гэтую і іншыя акалічнасці ў краіне Андэрсэна

Людзьмі звацца

Адвечны комплекс беларусаў "людзьмі звацца" лёгка вырашаецца ў Даніі. Звычайна мы, прыехаўшы куды, кажам, што "Беларусь — маленькая краіна, дзе жыве ўсяго 9,5 мільёна чалавек". Дык вось, плошча Даніі ў 6 разоў меншая за плошчу Беларусі, а людзей тут жыве менш амаль удвая — 5,5 мільёна.

Што вы ведаеце пра Данію? — спытаўся я ў чытачоў свайго блогу www.lаbаdzеnkа.bу перад паездкай. Асацыяцыі былі практычна хрэстаматыйныя — "Андэрсэн", "Русалачка", "Капенгаген", "мушкет", "Гамлет", "браты Лаўдрупы", "свінагадоўля", "карыкатуры на прарока Мухамеда", "Чырвоны Крыж", "неагатычная ратуша", "мастак Хэрлуф Бідструп", "каралі і каралевы", "Скандынавія", "мора", "Цівалі".
Від на горад з вежы храма Збаўцы. Злева — Парламент, перад ім з зялёнымі шпілямі —
біржа часоў Крысціяна ІV, квадратная вежа ў цэнтры — Катэдральны сабор.

Што ж, не так і мала. У Даніі пра Беларусь ведаюць і таго менш (вось яны, перавагі айчыннай адукацыі): Чарнобыль, Лукашэнка, футбаліст Аляксандр Глеб. Хоць у нас ёсць значна больш таго, што маглі б ведаць датчане. Але яны "распіярылі" Андэрсэна на цэлы свет, а ў нас такога таленту, відаць, няма. Хоць беларускія народныя казкі, ці байкі Пане Каханку маглі б заняць годнае месца ў адным шэрагу з казкамі Андэрсэна. Язэп Драздовіч ці Іван Хруцкі — стаць побач з Бідструпам. "Тутэйшыя" — побач з "Гамлетам".

Акрамя таго, у Даніі і Беларусі падобны рэльеф — няма гор, толькі раўніны. Але ў Даніі ёсць мора.

Што да свінагадоўлі, то сітуацыя цікавая: у Даніі жыве 5,5 мільёна чалавек, а свіней у Даніі 17 мільёнаў — прыкладна па тры свінні на аднаго грамадзяніна.

Русалачка...
па вэб-камеры!

Вам не перадаць роспач, якая апанавала мяне, калі высветлілася, што сімвал Капенгагена — скульптура "Русалачка" — з'ехала на сусветную выставу ў Шанхай, дзе, дарэчы, ёсць і беларускі павільён.

А на беразе затокі, дзе павінна знаходзіцца Русалачка, усталяваны вялізны экран, на які пастаянна ў рэжыме рэальнага часу транслюецца карцінка з вэб-камеры, якая паказвае Русалачку з Шанхая. Для жыхароў Капенгагена, якія асабліва хвалююцца за лёс мясцовай славутасці, на экране падаецца адрас сайта, дзе Русалачку можна назіраць кругласутачна.
Русалачку я здолеў пабачыць толькі на экране, праз вэб-камеру
з Шанхая. Вы гэта таксама можаце зрабіць дома — праз спецыяльны сайт.

Зразумела, турысты абураюцца: Русалачка ды помнік Андэрсэну — гэта экспанаты, якія візуальна вядомыя многім. Добра, што хоць казачніка пакінулі на месцы.

Самая доўгая
пешаходная вуліца
ў Еўропе

Аляксандр Бенуа, які наведаў Данію ў пачатку мінулага стагоддзя, пісаў: "Калі ўжо Стакгольм здолеў так мяне паланіць, то што казаць пра Капенгаген, пра горад непараўнальна больш маляўнічы і кур'ёзны? Асабліва такім ён быў, калі яшчэ захоўваў цалкам сваю ўтульную старасвецкую шляхетнасць, саму атмасферу андэрсэнаўскіх казак. Кожны дом на вузкіх крывых вулачках падаваўся мне нейкім сваяком таго "старога дома", пра які гэтак паэтычна распавядае мой улюбёны пісьменнік, а за іх цьмяна пабліскваючымі шыбамі мроіліся пакойчыкі, дзе на каміне стаяць парцалянавыя пастушка і трубачыст, а стойкі алавяны салдацік уздыхае па балярыне..."

Сёння ў Капенгагене жыве каля 500 тысяч чалавек — у прынцыпе, гэта супастаўна з нашым Гомелем. Капенгаген — вельмі ўтульны, мілы і інтуіцыйна зразумелы горад. Ужо на другі дзень знаходжання тут ты без праблем арыентуешся ў цэнтры і асноўных гісторыка-культурных каштоўнасцях, можаш сам даваць парады толькі прыехаўшым турыстам.

Сэнсавы цэнтр старога горада — пешаходная вуліца Строгет. Мясцовыя жыхары з задавальненнем раскажуць вам, што гэта — найдаўжэйшая пешаходная вуліца ў Еўропе. Як і бывае, тут сабраныя сувенірныя крамы у якіх сувеніры традыцыйна даражэйшыя, чым на іншых вуліцах), тут шмат вулічных музыкаў і папулярных у Еўропе "жывых скульптур", калі чалавек увесь фарбуецца, скажам, "пад медзь", і замірае, як скульптура. Кінеш манетку — і "скульптура" ахвотна цябе прывітае.

На Строгеце знаходзіцца старадаўняя аглядная Круглая вежа. Так-так, гэта менавіта тая вежа, якую згадвае Ганс Хрысціян Андэрсэн у некаторых сваіх казках, напрыклад, у "Крэсіве": "У сабакі вочы — кожнае з Круглую вежу". Як бачым, геніяльны казачнік пабачыў вежу не "ў вышыню", як усе, а "ў разрэзе".

Дыяметр яе сапраўды такі, што верыцца ў апантаны расповед экскурсаводкі, нібыта "наш Пётр І" заехаў сюды на кані, а Кацярына ІІ — нават на карэце. Ты далікатна папраўляеш экскурсаводку, якая пераехала сюды з Піцера, што Пётр І не "наш", а "іх". Экскурсаводка шчыра дзівіцца інфармацыі, што Пётр І, напіўшыся гарэлкі, засек шабляю манахаў у Сафійскім саборы ў Полацку, а потым і ўзарваў храм (паводле афіцыйнай версіі, "парахавы склад" выбухнуў сам). Не менш цікавы для экскурсаводкі і факт, што Кацярыну ІІ хапіў параліч на ўнітазе, які яна зрабіла з трона апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які нарадзіўся (гэта ж трэба!) у Камянецкім раёне Беларусі (а не ў "Белоруссии", як упарта кажа экскурсаводка).

Дацкае піва.

Вашы дэбаты перапыняе від фантана, у які нехта, пажартаваўшы, напляскаў вадкага мыла — і фантан стаў шчодра прадукаваць пену, на радасць мясцовым малым ды цікаўным турыстам.

Непадалёк ад фантана стаіць помнік біскупу Абсалону, які ў ХІІ стагоддзі з непрыкметнай вёсачкі зрабіў умацаваны горад, збудаваўшы замак. Біскуп на помніку выяўлены з сякерай у руках: пэўна, ад ворагаў і нядобразычліўцаў ён бараніўся не толькі малітвамі.

Храм, які не храм

Парламент Даніі знаходзіцца на так званай "урадавай выспе". Гэта — ужо трэці будынак парламента, які стаіць на гэтым месцы: папярэднія два з'елі пажары. Будынак сапраўды грандыёзны, большы за Мірскі замак.

Непадалёк — колішнія біржы, якія збудаваў кароль Крысціян ІV. Яго ў Даніі вельмі шануюць, бо ён запомніўся менавіта як "кароль-будаўнік", "кароль-стваральнік". Адна з цікавых адметнасцяў будынка — шпілі, якія ўтвораныя з пераплеценых хвастоў цмокаў. Такі вось крэатыўны быў кароль.

Датчане жартуюць, што іх Катэдральны сабор больш падобны да палаца ці музея, а культурніцкі цэнтр — да Катэдральнага сабора. Сапраўды, кожны турыст здзівіцца, калі пабачыць прыгажэнны высачэзны храм і даведаецца, што тут... не храм!..

У многіх турыстычных даведніках гэты будынак называецца "храм Святога Мікалая". Але ўсё нашмат цікавей!.. Драўляны храм на гэтым месцы з'явіўся неўзабаве пасля заснавання горада і прастаяў 300 гадоў, пакуль не быў перабудаваны з цэглы ў 1591 годзе. Адметны купал са шпілем гінуў спачатку ў пажары 1628 года, пасля ў пажары 1795 года, калі была знішчаная ўся царква — тады яна і страціла сваю рэлігійную ролю. Сімвалічна, але да 1909 года ў гэтай вежы месцілася... пажарная каманда, выкарыстоўваючы яе як аглядную вышку. Пасля вежай зацікавіўся славуты півавар Якабсэн, стваральнік брэнда "Карлсберг" (пра яго мы яшчэ згадаем) — і адбудаваў храм. Але з нейкай прычыны храмам гэты будынак так зноў і не стаў. Цяпер тут культурніцкі цэнтр, у якім праходзяць выставы сучаснага мастацтва.

"калі Хочаце
прыдбаць
наркотыкі,
то Вам сюды!

Раён Хрысціянія — адная са славутасцяў Капенгагена. Гэта — абгароджаны з усіх бакоў квартал, дзе з 1971 года жывуць хіпі, якія незаконна пасяліліся тады ў закінутых казармах. Нас загадзя папярэдзілі, што тут нельга фатаграфаваць. І, скажу вам, атмасфера ў Хрысціяніі такая, што фотаапарат даставаць асабліва і не хочацца.

З усіх бакоў чуецца стойкі пах "траўкі", якую можна прыдбаць тут жа, абсалютна ў адкрытую (напрыклад, гашыш). Паколькі Хрысціянія сталася адным з турыстычных пунктаў, вас тут напэўна не крануць — больш за тое, вы нават знойдзеце тут некалькі палатак з сувенірамі — і за адносна невялікія грошы прыдбаеце сабе майку з вясёленькай выявай канаплі.

Гарадскія ўлады перыядычна спрабуюць ваяваць з насельнікамі Хрысціяніі, але была дасягнутая пэўная дамоўленасць, што тутэйшыя персанажы будуць падтрымліваць адносны парадак, не правакаваць канфліктаў, асабліва не буяніць. З таго часу паліцыя сюды практычна не ўваходзіць — толькі часам, калі сітуацыя абвастраецца, здараюцца "зачысткі" з арыштамі. Увогуле ж, Хрысціянія існуе ўжо 38 гадоў адносна мірна, знаходзячыся на частковым самакіраванні. Хоць размовы пры яе ліквідацыю не спыняюцца.

Непадалёк ад Хрысціяніі вас асабліва зацікавіць храм Збаўцы. Ягоны купал выкананы ў выглядзе вінта, па гранях якога можна ўзняцца пешшу на самы верх. Каштуе гэта 25 крон (каля 12 тысяч беларускіх рублёў).
Гендэрная роўнасць у Даніі — не пусты гук, мужчыны
з вазочкамі на вуліцах — звыклая справа.
— А гэта не вельмі страшна? — пытаюся я ў хлопца, які прадае квіткі.
— Зусім не страшна! — бадзёра адказвае той. — Я туды падымаюся па некалькі разоў на дзень, каб дапамагчы спусціцца наведнікам, што ўчапіліся ў парэнчы і не могуць расціснуць рукі!..

Сапраўды, адрэналіну вы атрымаеце, нібыта аддалі не 12 тысяч, а ўсе 100 долараў: парэнчы "вінта" не настолькі высокія, каб адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. Ды і моцны вецер з блізкага мора не дадае камфорту. Затое ўвесь стары горад — як на далоні. Праўда, калі сутыкаешся з іншымі турыстамі і прыціскаешся да парэнчаў, каб размінуцца, нервы троху казыча...

(Працяг будзе.)



Тэгі: ,