it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 23


У славутай келлі Еўфрасінні Полацкай у Полацку, калі добра прыгледзецца, можна пабачыць на сценках сапраўднае графіці XVII стагоддзя – так у свой час пазабавіліся навучэнцы Полацкага езуіцкага калегіюма. Кшталту “Тут быў Вася” тысяча шэсцьсот нейкага там года. Калі я прыехаў у Барселону, мне страшна зачасалася надрапаць дзе-небудзь нешта падобнае – так доўга я марыў патрапіць сюды. Падумаўшы, я выбраў газетную старонку.

Дзве парады перад тым, як вы пойдзеце есці паэлью

Вы ведаеце, што такое паэлья? Калі не, то захочаце даведацца ў першы ж вечар у Барселоне. Будзьце асцярожныя па дзвюх прычынах.

Калі вы ганарыцеся сваім веданнем англійскай мовы, вас лёгка абламаюць барселонскія афіцыянты, якія ў пераважнай большасці размаўляюць толькі па-каталонску (тут ці там у Барселоне можна пабачыць графіці “Каталонія – не Іспанія!”). Калі мы ў першы ж вечар адправіліся каштаваць паэлью, то зрабілі некалькі фатальных памылак. У трэцім ці чацвертым па ліку бары, стаміўшыся шукаць і не паглядзеўшы меню, мы спыталіся, ці падаюць яны паэлью. Афіцыянткі лыпалі вачыма і катэгарычна не разумелі, што менавіта мы хочам (як высветлілася пасля, гэта быў цырк – бо паэлья так і будзе па-мясцоваму – паэлья). Аднак потым з’явілася старшая афіцыянтка, якая патлумачыла, што паэльі ў прынцыпе ў меню няма, але яны спецыяльна для нас згатуюць. Расчуленыя такой увагай, мы ўселіся за столік. Першая памылка – мы не спыталіся, колькі гэта будзе каштаваць.

Забягаючы наперад, скажу, што каштавала гэта 60 еўра. Што праўда, паэлья была такога памеру, што 4 чалавекі наеліся ад пуза і яшчэ засталося. Такі вялікі кошт падаўся нам проста абуральным, але не ведаючы іншых коштаў – скандал не падымеш. Назаўтра высветлілася, што ў самым цэнтры на найбуйнейшай турыстычнай вуліцы паэлья каштуе ў раёне 12 еўра (яе хопіць на дваіх не вельмі галодных). Гэта першая прычына быць асцярожным.

Другая прычына – згадайце, ці рэагаваў калі-небудзь ваш страўнік загадкава на ўсялякага роду морапрадукты, якія мы штодзённа практычна не спажываем? Калі сумнівы ёсць – падмацуйце іх мясцовым выразам “паабдымацца з сіньёрам Рока”. Roca – гэта вядомая фірма па вытворчасці сантэхнікі, у прыватнасці ўнітазаў.

Дык што ж такое паэлья, нецярпліва спытаеце вы. Гэта патэльня (беларускае вуха адразу раземее, адкуль пайшла назва “паэлья”) абсалютна рознага дыяметра (ад памеру талеркі да метра), на якой непасрэдна падаюць страву. Страва не мае пэўнага рэцэпту: гэта асабліва прыгатаваны рыс з морапрадуктамі: крыветкамі, мідыямі, яшчэ нейкімі невядомымі нам жывёлкамі.

А самы танны спосаб паспытаць паэлью я ўжо згадваў у папярэдніх нататках. У некаторых “буфетах” (кавярня, дзе за фіксаваную плату можна браць колькі хочаш і чаго хочаш па прынцыпе “шведскага стала”) паэлья стаіць сярод іншых страваў. Каб атрымаць уяўленне, гэтага будзе дастаткова.

У кавярнях і рэстарацыях будзьце ўважлівыя і яшчэ з аднае прычыны. На ўваходзе вы пабачыце напісанае крэйдай на спецыяльнай дошцы меню. Там можа быць і паста (макароны па-нашаму), і салацік, і амлет і нават кавалак мяса. А кошт – вы здзівіцеся – складзе ўсяго 6 еўра (гэта вельмі мала па барселонскіх мерках). Заходзіце, замаўляеце. І вам сапраўды прыносяць і пасту, і амлет, і салацік, і кавалачак курыцы. Але ўсё гэта змяшчаецца на зусім невялікай талерцы. Надоўга такім не наешся. Плюс да ўсяго ў чэку вы пабачыце не 6 еўра, а ці не ў два разы больш – высвятляецца, што тут абавязкова замаўляць напой (1,5-2 еўра), з вас узялі 1 еўра за хлеб на стале і ўключылі 1 еўра афіцыянту “на гарбату”. Вось вам і танны абед.

Для самых эканомных варта адзначыць, што на ўсіх станцыях метро і ў многіх грамадскіх месцах Барселоны стаяць апараты па продажы ўсялякіх вафелек, напояў і шакаладачак. Некаторыя з іх прадаюць і бутэрброды. Гэта адзін з самых танных спосабаў перахапіць чаго на хаду. Ну вось, сканчаем з ежай, бо бадай не яна галоўная ў Барселоне.

З турфірмай ці дзікуном?

Многія беларусы лепш пераплоцяць у два разы больш, аднак каб ужо не пра што не думаць – прывязуць, пакормяць, за руку паводзяць і ўсё пакажуць. Калі такі варыянт для вас, прапускайце гэтую частку.

Смялейшым скажу – не бойцеся ехаць дзікуном. У любым правадніку будуць пазначаныя адрасы ўсіх асноўных помнікаў архітэктуры і цікавостак, часта – разам са станцыяй метро. Калі вы не набылі праваднік у Беларусі – вы набудзеце яго на любой мове проста ў Барселоне, у кожнай турыстычнай краме. Кошты прыкладна як і ў нас – да 8-9 еўра. Бярыце абавязкова такі праваднік, дзе ўжо ёсць гатовыя пяць-сем пешаходных маршрутаў. Усе яны складаюцца па простым прынцыпе: выходзіце на станцыі метро – і наперад, глядзець усялякую прыгажосць.


Калі вы стаміліся -- доўга не выбірайце, дзе б адпачыць ))))

Барселонскае метро мае 9 ліній і 209 станцый. Пры тым, што Барселона – не сталіца Іспаніі, і жыве тут 1,6 мільёна чалавек. Барселонскае метро пачало працаваць у год нараджэння Васіля Быкава – 1924. Ты з сумам узгадваеш, што ў тваім роднымі Мінску метро адчынена толькі ў 1984, мае ўсяго дзве лініі і 25 станцый. Затое мінскае метро, скажам, большае за варшаўскае – хаця ў польскай сталіцы жыве таксама 2 мільёны чалавек.

Аднак разабрацца ў 209 станцыях барселонскага метро вельмі лёгка – знаходзіце на схеме, на якой лініі патрэбная станцыя, глядзіце, дзе лепш перасесці – астатняе падкажуць указальнікі, якія развешаныя вельмі зручна і ўдала.

Калі вы выбіраеце такі спосаб, лепш за ўсё набываць квіток на метро які называецца “Т-10”. Ён каштуе 7,85 еўра і ўключае ў сябе 10 паездак (кожная з іх працягласцю 1 гадзіну 15 хвілін, цягам якіх можна перасаджвацца на іншы транспарт без даплаты). Квіткі трэба набываць у аўтамаце, якія стаяць на ўваходзе ў кожную станцыю. Тыцкаеце на экране пальцам у патрэбны квіток, засоўваеце грошы (бярэ як манеты, так і купюры 5, 10, 20 еўра) – і атрымліваеце квіток. Рэшту апарат выдае, праўда, часам, вельмі дробнымі манетамі. Аднаразавыя квіткі каштуюць шалёна дорага – здаецца, 1,30 еўра. Набываць іх варта толькі ў скрайнім выпадку. Майце на ўвазе, што штраф за безбілетны праезд – 50 еўра.

Гусакі і Пікасо

У Барселоне жылі і працавалі такія вядомыя людзі, як Пабла Пікасо, Жаан Міро, Сальвадор Далі, Антоніа Гаўдзі… Тут і цяпер жывуць Мантсерат Кабалье і Хасэ Карэрас. Аднак нават калі вы не сустрэнеце іх на вуліцы, то таксама знойдзеце, чым заняцца ў Барселоне.

Месцаў, якія варта пабачыць, тут больш чым дастаткова. Такое адчуванне, што каталонцы будавалі ўсё гэта з разлікам, каб кожны турыст прыехаў да іх мінімум двойчы ці тройчы – а там, глядзіш, і прызвычаіцца. Я б падзяліў умоўна ўсе каштоўнасці на дзве групы – Саграда Фаміліа і ўсё астатняе. Пра храм Саграда Фаміліся вы ўжо падрабязна ведаеце з мінулых публікацыяў, пра ўсё астатняе даведаецеся зараз.

Адзін з вашых маршрутаў абавязкова пачнецца са станцыі метро Jaume I. Спачатку вы спытаецеся ў добразычлівых мясцовых гандляроў, як прайсці да музея Пікасо – а пасля пройдзеце. Аглядзеўшы музей, вы вернецеся да метро, і пойдзеце ў супрацьлеглым ад мора кірунку. Праз якіх метраў 500 па левы бок перад вамі паўстане вялікая плошча, а на ёй – Катэдральны сабор Барселоны.

Катэдра будавалася і перабудоўвалася ажно з ХІІІ стагоддзя, больш-менш была скончаная да XV стагоддзя, але што-нішто дараблялася і ў ХІХ. Нават сёння сабор часткова стаіць у рыштаваннях, што замінае прыгожа яго сфоткаць. Уваход каштуе 5 еўра, але, наколькі я зразумеў, іх можна ахвяроўваць добраахвотна – прынамсі, у мяне ніхто нічога не спытаўся на ўваходзе. Кінулася ў вочы драбяза – свечкі перад абразамі і фігурамі святых… электронныя. Кідаеш грошы ў апарат (гэта ўвогуле фішка ўсякіх турысцкіх аб’ектаў Барселоны) – і лямпачка падобная да агню пачынае “палаць”. Мне такая мадэрнізацыя старадаўняга рытуала прыйшлася не даспадобы. І, відаць, не аднаму мне – бо з паўтары сотні “свечак” гарыць мо чвэрць – хаця людзей тут за дзень бываюць тысячы.


Электронныя сьвечкі

Апроч ўласна залы касцёла не забудзьцеся наведаць славуты ўнутраны дворык, выхад у які знаходзіцца у правай сцяне. Тут вы пабачыце… 13 жывых гусакоў. Прычым такіх белых-белых, што складаецца адчуванне, што іх старанна мыюць штодня. Гусакі – гэта не свойская птушка святароў, яны знаходзяцца тут як напамін пра патронку Барселоны Святую Яўлапію. Іх белы колер сімвалізуе яе чысціню, колькасць 13 таксама не выпадковая – у столькі год Святую Яўлапію забілі паганцы.


Гусакі ў дворыку Катэдры

Калі вы выйдзеце з Катэдры і пройдзеце ўлева ў кут плошчы, то пабачыце будынак, фасад якога размаляваны смешнымі чалавечкамі – прыкладна такімі, якіх мы бачылі ў падручніках па гісторыі як узор наскальнага жывапісу першабытных людзей. Такім арыгінальным чынам Пабла Пікасо аформіў мясцовую Калегію архітэктараў.


Фасад, аформлены Пабла Пікасо

Далей варыянтаў маршрутаў можа быць некалькі. Паглядзеўшы праваднік, я вырашыў абыйсці ўсё цікавае, што ёсць у наваколлі. Дык вось, калі вы станеце тварам да роспісаў Пікасо, то за вашаю спінаю пачнецца вузунькая вулачка, якая вядзе ў Гатычны квартал.

Такую назву гэты раён атрымаў у пачатку ХХ стагоддзя, ў часы дыктатара Прыма дэ Рэверы. Пазней назва замацавалася афіцыйна. Гэта – некалькі вуліц і плошчаў, большасць дамоў на якіх збудаваныя ў стылі готыкі і разам уяўляюць каштоўны цэльны ансамбль.

Тут можна пабачыць рэшткі старажытнарымскіх сценаў, Палац Япіскапа, славуты масточак на Япіскапскай вуліцы, якая прывядзе вас на Пласа дэ Сан Жаўмэ. Усяго шмат – гэта вы падрабязна вывучыце ў правадніку. Не прапусціце толькі Плошчу Караля – паводле апокрыфу, менавіта тут каралеўская пара Фердынанд ды Ізабэла сустракалі Хрыстафора Калумба пасля яго вяртання з адкрыцця Амерыкі. Так-так, Калумб таксама быў тутэйшы!..

Што такое Рамбла?

На гэтым дадзены пешаходны маршрут можа быць скончаны. Але, ацаніўшы адлегласць да іншых значных цікавостак, я вярнуўся да Калегіі архітэктараў.

За квартал налева ад яе можна выйсці на славутую Рамблу. Пачынаецца яна Плошчай Калумба з высачэзнай калонай-помнікам адкрывальніку Амерыкі. Усярэдзіне калоны ўсталяваны ліфт, па якім можна падняцца каб пабачыць наваколле. Мая парада – не марнуйце грошы, такая магчымасць будзе ў вас і задарма.


Жывая скульптура на Рамбле

Рамбла – гэта галоўны бульвар Барселоны (адпаведна называецца і галоўны бульвар кожнага тутэйшага горада). На ёй засяроджаны кавярні і рэстараны (кошты ў іх вышэйшыя, чым у іншых месцах), гандляры сувенірамі. Галоўная фішка Рамблы – “жывыя скульптуры”, калі самадзейныя акторы намазваюцца грымам і заміраюць у выглядзе якога-небудзь персанажа. Кідаеш ім манетку – і яны адразу “ажываюць”, нават могуць прыябняць цябе для фотаздымка. Абапал Рамблы не прапусціце некалькі турыстычных аб’ектаў: Палац Гуэля працы Антоніа Гаўдзі (што праўда, зараз ён зачынены на рэстаўрацыю), Плошчу Каралёў (не блытайце з Плошчай Караля), славуты рынак Бакерыя. На рынку будзьце асабліва пільныя – многія пішуць, што ў ягоным натоўпе не адзін дзясятак турыстаў развіталіся са зместам сваіх кішэняў. Ды і кошты тут значна вышэйшыя чым па горрадзе – што казаць, у многім рынак з’яўляецца турыстычным аб’ектам, а як не зарабіць на турыстах?

Упіраецца Рамбла ў Плошчу Каталоніі, якая займае ажно 50 тысяч квадратных метраў. Ад Плошчы Каталоніі злева ўверх пойдзе Рамбла дэ Каталонія, з якой, арыентуючыся па мапе, вы праз пару кварталаў павернеце направа, на Пасэч дэ Грацыя, каб пабачыць некаторыя дамы Гаўдзі.


Дом Батло

Адзін з іх, Дом Батло (ці Батльё), знаходзіцца непасрэдна ля ўвахода ў метро Пасэч дэ Грацыя. Гэты дом яшчэ называюць “домам з костак” – і пабачыўшы яго, няцяжка зразумець чаму. Дом Міла, таксама аўтарства Гаудзі, знаходзіцца вышэй па гэтай вуліцы, на супрацьлеглым баку. Барселонцы неўзабаве пасля пабудовы назвалі дом La Pedrera – каменаломня, за ягоныя масіўныя каменныя сцены, нібыта ён проста вырублены са скалы. На той час дом быў звышсучасны. Гаудзі нават хацеў зрабіць магчымасць пад'езду да кожнай кватэры на аўтамабілі, але фінансавая і гістырычная сітуацыя склалася іначай.

Увогуле, калі гледзядзець на дамы Антоніа Гаудзі і трымаць у галаве, што створаныя яны 100 гадоў таму – дзіву даешся, наколькі прасунутым быў гэты чалавек, наколькі геніяльным і дальнабачным! Гаудзі ці не першы распрацаваў праект дома з «вольнай планіроўкай» -- калі сцены ў сярэдзіне не нясуць нагрузкі, і іх можна перасоўваць і пераробліваць на свой капыл. Гэта і зараз звышмодна!.. Сакрэт такой мадэрновасці Гаудзі знайсці няцяжка – сам архітэктар не хаваў, што большасць ідэяў, формаў і рашэнняў ён «падглядае» ў прыроды. Напраўду, ягоныя дамы выглядаюць як трапічныя дрэвы з агромністымі лістамі, як зборышча слімакоў і чарапах, як горы і скалы. Адзін з біёграфаў Гаудзі знайшоў цікавую дэталю: калі Антоніа быў малы, ён меў хворыя ногі, таму большасць часу бавіў ці на прыродзе ці на пляжы. Так і выйшла – ягоныя пабудовы бы вырабленыя з пяску, упрыгожаныя алюзіямі самых цікавых раслінаў і жывёлаў.

Варта адзначыць, што ўсе пабудовы Антоніа Гаудзі ў Барселоне як комплекс уключаныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Я не знайшоў на сайце ЮНЕСКА іншага такога выпадку – каб у спіс патрапіў не проста комплекс аднатыпных будынкаў, а менавіта як творы аднаго архітэктара.

Парк Гуэля і гара Манжуік

Эўсэбі Гуэль быў заможным чалавекам і фундатарам многіх праектаў Антоніа Гаудзі. Бадай, каб не грошы Гуэля, мы б не мелі многіх шэдэўраў гэтага вялікага майстра. Хоць аканом Гуэля і любіў бухцець, што «Я напаўняю кішэні Гуэля, а Гаудзі іх спусташае!»

У 1901 годзе Гуэль вырашыў здейсніць камерцыйны праект – набыў 15 гектараў зямлі ў зялёнай зоне, кааб стварыць там горад-сад і продаць участкі. Праектаваць аб'ект Гуэль даручыў Антоніа Гаудзі. Праект праваліўся – з 62 участкаў набылі толькі два. Адзін -- адвакат Трыяс-і-Даменек, сябар Гаудзі, а другі – сам Гаудзі. Трэці тыповы дом, які мусіў быць узорам для пакупнікоў, сам Гуэль перарабіў пад сваю рэзідэнцыю. На той час парк знаходзіўся занадта далёка ад цэнтра горада, таму барселонцы не спакусіліся на прапанову. Аднак Барселона ўсё адно займела ўнікальны помнік, які сёння вабіць сотні тысяч турыстаў штогод. У дамочку Гаудзі, дарэчы, цяпер месціцца ягоны музей. Уваход каштуе няшмат, але была такая чарга што ў сярэдзіну я не патрапіў.


Уваход у Парк Гуэля

Парк, скажу вам шчыра, перакульвае свядомасць. Вы і не ўяўлялі раней, што з камяня можна рабіць такое – нахіленыя калоны, павільёны з адсутнасцю простых лініяў… Пры ўваходзе ў парк вы пабачыце навес, які завецца Залаю ста калонаў. Насамрэч калонаў «усяго» 86. Цікава, што ў сярэдзіне іх знаходзяцца… трубы каналізацыі. А наверсе залы можна пасядзець на славутай звілістай лаўцы. Кажуць, калі Гаудзі рабіў яе, ён пасадзіў аголеных будаўнікоў на яшчэ сырую гліну, каб спінка прыняла форму чалавечага цела. Лаўка і праўда вельмі зручная. Адзначу таксама, што адная з частак парка называецца блізка беларускаму вуху – «Лысая гара». Сам парк спадкаемцы Гуэля прадалі гарадскім ўладам – а тыя арганізавалі тут грамадскі парк.

…Абавязкова падыміцеся на гару Манжуік. Я зрабіў гэта ў апошні дзень пабыўкі ў Барселоне. І гэта стала такім падсумаваннем – калі ты раптам бачыш перад сабой усё разам, што ты бачыў паасобку цягам тыдня. На вяршыні гары знаходзіцца цытадэль. Паводле легенды, яна была збудаваная ўсяго за некалькі тыдняў, перад нападам ворагаў. Гара Манжуік мае 173 метры вышыні. А храм Саграда Фаміліа, паводле схемы Гаудзі, мусіць у выніку мець 170 метраў. Майстар казаў – «Дзеля таго, каб твор чалавека не ўзвышаўся на творам Бога – гарой Манжуік»


Від з гары Манжуік

Фунікулёр на гару адпраўляецца са станцыі Paralel. У адзін бок каштуе 6,3 еўра, туды-назад 9 еўра. Калі вы сядзеце на сцяне цытадэлі Манжуік і акінеце вокам Барселону, вы не пашкадуцеце, што аддалі гэтыя грошы.

І ўвогуле не пашкадуеце, калі дазволіце сабе такую прыемную авантуру як вандроўка ў Барселону. На гэта не абвязкова мець казачныя грошы. Дастаткова разумець, што існуюць рэчы, дзеля якіх варта ехаць за 3000 кіламетраў ад Мінска.

МАЙ НА ЎВАЗЕ

* Самы просты спосаб пабачыць усе каштоўнасці Барселоны за дзень-два – турыстычны аўтобус. Квіток каштуе, здаецца, 24 еўра на адзін дзень і 29 еўра на два дні. Тры аўтобусныя лініі спланаваныя так, каб ахапіць усе папулярныя турыстычныя месцы Барселоны. Аўтобус пачынае працаваць у 9 раніцы, сканчае ў 20 гадзін. Ён робіць прыпынкі каля кожнага цікавага месца. Можна праехаць усё скопам, а можна выйсці, паглядзець лепей – і праз паўгадзіны сесці на наступны. Квіток дае права выходзіць і заходзіць колькі заўгодна разоў за час яго дзеяння.

* Памятайце, што ў іспанцаў ёсць сіеста. Гэта значыцца, што крамы і кавярні працуюць зранку да 13 ці 14 гадзінаў, а пасля робяць перапынак на сіесту («пасляабедзены кароткі адпачынак») да 16-17 гадзін.

ШТО ЯШЧЭ ПАГЛЯДЗЕЦЬ У БАРСЕЛОНЕ?

* Акварыюм Барселоны. Вы апынаецеся ў сярэдзіне 80-метровай трубы, абапал вас будуць плаваць розныя акулы ды іншыя дзівосныя рыбіны. Усяго ў акварыюме 11 тысяч відаў жыхароў, агульны аб'ём акварыюмаў – 6 мільёнаў літраў. Уваход каштуе 17 еўра.

* Парк Лабірынт. Знаходзіцца на станцыі метро Mundet. Арыентыр – за велаарэнай. З ахайна выстрыжаных кустоў двухметровай вышыні там створаны вялікі лабірынт, з якой з першага разу можна і не выйсці…

* Гара Цібідаба. На ёй знаходзіцца Храм Святога Сэрца Хрыста з фігурай Збаўцы наверсе, якую бачна з усяе Берселоны

* Іспанская вёска. Знаходзіцца непадалёк ад плошчы Іспаніі. Тут сабрана 116 хат, палацаў і храмаў з рознай эпохі. Гэта скансэн, музей пад адкрытым небам, як у Строчыцах пад Мінскам. Тут знаходзіцца таксама горад майстроў з процьмай арыгінальных сувеніраў.

* Музычна-светлавыя фантаны на гары Манжуік. Працуюць яны некалькі разоў на тыдзень з 20 да 24 гадзінаў. Відовішча шалёна прыгожае!

Тэгі: , ,