it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 10


Паводле легенды, менавіта 7 чэрвеня 1926 года ў Барселоне быў пушчаны першы трамвай. Ярка-чырвоны вагон паехаў па рэйках на здзіву і забаву паспалітаму люду. У гэты ж дзень на скрыжаванні Гран Вія і Байлен пад трамвай патрапіў невядомы стары жабрак. Небараку завезлі ў новую лякарню Святога Крыжа, дзе ён і памёр неўзабаве, не прыходзячы ў прытомнасць. Старога ўжо збіраліся пахаваць у агульнай магіле, як раптам адная жанчына ўскрыкнула: “Госпадзі, дык гэта ж Антоніа Гаудзі!”

Сёння асоба архітэктара Антоніа Гаудзі і ягоныя творы прыцягваюць у Барселону каля 20 мільёнаў турыстаў штогод.

“Хлопчык непазбежна хутка памрэ”

У беларускай літаратуры мы маем аднаго героя, які адназначна мае прыналежнасць да горада – слаўны рагачовец Гервасій Выліваха з навелы “Ладдзя Роспачы” Уладзіміра Караткевіча. Маем і мясціны, якія звязваем з імёнамі выключна канкрэтных людзей – Мікалаеўшчына Коласа, Віцебск і Ліёзна Шагала, Янава (Іванава) Напалеона Орды, Нясвіж Радзівілаў…

Барселона – гэта горад Гаудзі.

-- Слухай, а вось гэты Гаудзі, ён што, быў галоўным архітэктарам Барселоны? – пачуў ты гэтымі днямі на вуліцы пытанне аднаго рускамоўнага турыста да другога.

У тым і рэч, што не быў. Больш за тое, кар’ера Гаудзі пачалася са скандала, звязанага менавіта з гарадскімі ўладамі Барселоны. Муніцыпалітэт замовіў архітэктару-пачаткоўцу стварыць ліхтары для Каралеўскай плошчы. Гаудзі залупіў такі кошт, што гарадскія галовы пачалі квахтаць як куры. Гэтыя ліхтары і сёння ўпрыгожваюць горад, але з тае пары муніцыпалітэт НІКОЛІ больш не звяртаўся да Дона Антоніа.

Сам лёс Гаудзі – поўны містыкі і супярэчнасцяў. Смерць пільнавала Антоніа ад самага нараджэння. Ён з’явіўся на свет 25 чэрвеня 1852 года ў мястэчку Рэус, непадалёк ад Барселоны. Яго ахрысцілі ўжо на наступны дзень – хацелі ўратаваць душу немаўляці, бо баяліся, што ён не будзе жыць: цяжарнасць маці была складанай, роды таксама. Да таго ж, перад гэтым сям’я ўжо пахавала два немаўляці. Аднойчы Антоніа падслухаў гутарку бацькі і маці з лекарам, які казаў, што “хлопчык непазбежна хутка памрэ”. Антоніа застаўся жыць, хоць хваробы і дапякалі яго ўсё жыццё: у трыццаць ён выглядаў нашмат старэйшы за аднагодак, у пяцьдзесят – глыбокім старцам.


Фасад Жарсьцяў

Аднак у маладосці Антоніа быў сапраўдным дэндзі: аматар лайкавых пальчатак і чорных шаўковых цыліндраў, руды з блакітнымі вачыма. Дзяўчаты вар’яцелі ад гэтага хлопца, аднак Гаудзі так і застаўся самотны. Нейкі час ён заляцаўся да настаўніцы Пепеты Марэу, аднак калі прапанаваў ёй ажаніццы, тая адказала, што ўжо заручаная. Пасля быў кароткі раман з маладой амерыканкай, які скончыўся тым, што тая вярнулася ў Амерыку. Архітэктар вырашыў, што гэта знак, і лёс ягоны – адзінота. Гэта дазволіла цалкам прысвяціць сябе творчасці – стварэнню неверагодных для свайго часу архітэктурных формаў. Дык што ж такога збудаваў Гаудзі, што вабіць у Барселону мільёны турыстаў?

Саграда Фаміліа: 1882-2030(?)

Упершыню я пабачыў гэты храм у падручніку “Сусветная культура”, калі вучыўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі. Не паверылася нават адразу, што такі цуд можа недзе існаваць у сапраўднасці!.. Я стаў шукаць іншыя здымкі і звесткі, і калі пераканаўся – стаў марыць сюды патрапіць.

-- Наступная станцыя – Саграда Фаміліа, -- абвяшчаюць у вагоне метро. І такое адчуванне, што абвяшчаюць: “Наступная станцыя – рэзідэнцыя Пана Бога”.

Я выйшаў з метро – і аслупянеў. Відаць, гэта самы велічны і незвычайны храм, які мне даводзілася бачыць у сваім жыцці. Што я бачыў падобнае? Першае, што прыходзіць у галаву – касцёл Святой Ганны ў Вільні. Ён, канешне, у шмат разоў меншы, па-беларуску камерны – аднак стыль пабудовы, формы і манера нечым падобная. Пазней, калі я пабачыў здымкі будаўніцтва, – я ўспомніў храм у Сар’і на Верхнядзвіншчыне. Той самы касцёл, які пасля паўстання Каліноўскага перадалі праваслаўным з фармалёўкай “з прычыны асаблівай прыгажосці”. Адная частка Саграда Фаміліа нагадвае яго вельмі моцна. А Сар’я, дарэчы, збудаваная на сорак гадоў раней!.. Ты паглядаеш на фасад Нараджэння і беларусацэнтрычна марыш, што менавіта Сар’я натхніла Гаудзі на Саграда Фаміліа…


Саграда Фамілія: першая стадыя будоўлі

Храм у Сар'і, Верхнядзьвінскі раён

У Саграда Фаміліа два ўваходы. Адзін – для асобных турыстаў. Яго лёгка знайсці – чарга пачынаецца яшчэ на суседняй вуліцы. Другі – для арганізаваных груп (ад 20 чалавек). Побач са мной праходзіць сям’я, якая вязе сваё дзіця (на выгляд гадоў 15) у інвалідным вазку. Дзяўчына на касе адразае.

-- Даруйце, але тут толькі для груп!..

Тыя разварочваюцца і засмучаныя з’язджаюць, але ахоўнік, які назіраў за сцэнай, даганяе іх і без чаргі праводзіць праз сувенірную краму, адкуль можна патрапіць адразу да ўвахода ў храм. Як у нас кажуць, і немцы розныя былі.

Самае цікавае, што Саграда Фаміліа пачаў будаваць не Гаудзі, а архітэктар дэль Вільяр. У 1882 годзе была закладзеная крыпта – гэта мусіў быць звычайны храм, якіх шмат. Аднак у першапачатковага архітэктара ўзніклі нейкія непаразуменні з замоўцамі – і ў 1883 годзе сюды прызначаюць Антоніа Гаудзі (між іншым, па-каталонску ягонае імя пішацца як і па-беларуску – Антоні), 31-гадовага архітэктара-пачаткоўца.

Ад першаснага праекта спадар Гаудзі пакідае толькі крыпту, якую вымушана дабудоўвае. Увесь астатні праект спазнае кардынальныя змены, да непазнавальнасці. Храм, які задумаў Гаудзі, мусіў поўніцца сімваламі і знакамі. Дванаццаць вежаў прысвячаюцца апосталам, цэнтральная з крыжом – Хрысту. Кожная дэталь фасада – таксама сімвал, як і ўся ўнутраная аздоба.


Агульны выгляд будоўлі храма

У 1886 годзе Гаудзі з упэўненасцю кажа, што праз 10 гадоў храм будзе скончаны. Сёння 2010 год, і паводле самых смелых разлікаў будоўля можа фінішаваць гадоў праз дваццаць, у 2030 годзе. Як на маё вока, дык калі параўнаць што ёсць і што павінна быць, то збудаваная недзе трэцяя, калі не чацвертая частка. Даволі хутка і сам мастар зразумеў, што пагарачыўся з прагнозамі, стаў параўноўваць Саграда Фаміліа са славутымі храмамі Сярэднявечча, якія будаваліся стагоддзямі. Бачыце, як бывае: пачаў будаваць не ён, скончыць не ён, у будоўлі ўдзельнічаюць сотні рабочых і дзесяткі архітэктараў, а запомніцца для ўсяго свету і застанецца ў стагоддзях ён – Антоніа Гаудзі.


Так у выніку павінен выглядаць храм

…Пры жыцці майстар паспеў скончыць дарэшты толькі адзін фасад – фасад Божага Нараджэння. Аднак і тут даверху была збудавана толькі адна званіца. Адметна, што кожны персанаж на фасадзе мае рэальны прататып. Немаўля Езус – унук аднаго з будаўнікоў, Юда – вартаўнік-п'янчуга, Понці Пілат – тлусты пастух коз, цар Давід – прыгажун-тынкоўшчык, восліка пазычыў мясцовы гандляр. Каб паказаць сцэну «збіццё немаўлят», Гаудзі хадзіў у анатамічны тэатр, рабіў злепкі з мёртванароджаных дзяцей…


Сьціплая спальня ў майстэрні Гаудзі
Пасля гібелі майстра храм дабудоўваецца спачатку вучнямі, а цяпер ужо проста паслядоўнікамі Гаудзі. Працы ўскладняе акалічнасць, што Дон Антоніа не вельмі любіў пакідаць чарцяжы, многае выношваў у галаве, многае ўдасканальваў па ходу. Да таго ж, у 1936 годзе ў майстэрні Гаудзі быў пажар, які многае панішчыў…

62 тысячы рублёў за ўваход у храм

…Узбагачаны ведамі пра будаўніцтва Саграда Фаміліа, ты кіруешся ў сярэдзіну. Дзеля гэтага спатрэбіцца некалькі дозаў цярпення. Першая – адстаяць чаргу па квіток. Мне адносна пашанцавала – прыкладна праз паўгадзіны я меў запаветную паперку. Кошт яе – 12 еўра проста за ўваход (46.800 руб.) плюс 4 еўра за аўдыёгіда – агулам 62.400 беларускіх рублёў. Але што тут казаць – калі вы прыехалі ў Барселону і пашкадавалі 16 еўра на наведванне Саграда Фаміліа – лічыце, што вы з'едзілі дарма. І наступным разам можаце не выпендрывацца. Купацца ў моры можна і ў Адэсе.

Аўдыёгід дасяжны на многіх мовах – каталонскай, іспанскай, англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай, партугальскай і рускай. Спадзяюся, да адкрыцця храма да іх дадасца яшчэ і беларуская. Аўдыёгід даволі падрабязна распавядае, якая дэталя што значыць. Перавагі аўдыёгіда – калі што не зразумеў, альбо хочаш паглядзець яшчэ раз – цісні кнопку зноў і слухай.

Экскурсія пачынаецца з фасада Жарсцяў. Ён быў збудаваны паводле задумы Гаудзі, але ажно праз 50 гадоў пасля смерці архітэктара. У 1986 годзе фасад упрыгожылі скульптуры, якія паказваюць усе Біблійныя падзеі ад Таемнай Вячэры ды Узнясення Хрыста.

У сярэдзіне храма працягваюцца будаўнічыя працы.

-- Вы маеце ўнікальную магчымасць – стаць сведкамі будаўніцтва гэтага вялікага храма! Храм будуецца на вашых вачах! -- спявае табе ў вушы аўдыёгід.

Пасярод храма стаіць пад'ёмны крам з люлькай – і будаўнікі нешта там зварваюць наверсе… З таго, што ўжо зроблена, найцікавей пабачыць вітражы – і захапіцца тым, як вытанчана і прадумана Гаудзі падбіраў колеры!.. Адначасова дасягнута і непаўторная гульня святла – і няма адчування, што каляровае шкло паглынае святло, не пускае яго ў храм. Гэтыя мазаічныя вітражы сталі адным з сімвалаў Барселоны – іх можна пабачыць на кубачках і магніціках, нататніках і алоўках, торбах і значках у сувенірных крамах.

Іншая цікавостка – калоны, выкананыя строга па запаветах Гаудзі. Разумеючы, што пры ягоным жыцці будаўніцтва не будзе скончанае, майстар львіную долю часу пусціў не на тое, каб фізічна збудаваць як мага больш, але каб дасканала ўсё прадумаць. Дык вось, калоны гэтыя ўяўляюць сабой дрэвы, а ўсе разам ствараюць лес. На пэўнай вышыні яны пачынаюць разгаліноўвацца і нахіляцца – і апроч дэкаратыўнай функцыі (сапраўды выглядаюць як галінастыя дрэвы) выконваюць такім чынам большую інжынерную функцыю, бо лепш за звычайныя падтрымліваюць купал. Сам купал не мае суцэльнасці – ён выкананы як кроны дрэваў, якія практычна шчыльна злучыліся ў адное цэлае. І толькі адтуліны між імі прапускаюць удзень святло сонца, а ўначы – зорнае неба.


Калоны і славуты купал храма

Увогуле, неадрыўнасць творчасці Гаудзі ад прыроды – асобная тэма. Калоны-дрэвы, дэталі-расліны, усемагчымыя жывёлы і расліны як элементы аздобы… А пачыналася ўсё ў дзяцінстве, калі хваравіты хлопчык Антоніа шмат часу бавіў у двух месцах – ці ў майстэрні бацькі-каваля (адкуль і пайшло адчуванне формы) і проста на прыродзе, дзе да канца жыцця Гаудзі чэрпаў вобразы і натхненне.

«Коля, я не разумею, як да гэтай пары яны яго не дабудавалі!..»

-- Прайдзіце да супрацьлеглага выхада і злева пабачыце ліфт, -- бадзёра кажа табе аўдыёгід.

Аднак традыцыйна для папулярных турыстычных месцаў Барселоны апроч ліфта ты бачыш і даўжэзную чаргу да яго. На бар'ерчыках, якія ўпарадкуюць чаргу, ты заўважаеш у розных месцах таблічкі – «60 хвілін», «45 хвілін», «30 хвілін». Клапатлівыя супрацоўнікі падлічылі загадзя, колькі табе давядзецца стаяць, калі чарга сканчаецца ў тым ці іншым месцы. У гэтым выпадку, выглядае, хвілін 40. На справе апынаецца нават менш.

У самім ліфце, які імчыць цябе наверх званіцы, ты аддаеш супрацоўніку 2,5 еўра (9.750 рублёў), але іншага варыянта залезці наверх няма. Раней давалі падымацца па вінтавой лесвіцы, але цяпер «у мэтах бяспекі» -- толькі на ліфце. Дзіўна, думаеш сабе ты, а чаму спускацца па ёй па-ранейшаму можна? Ці тут бяспека дазваляе – калі з турыста ўжо ўзялі ўсё, што магчыма?


Выгляд са званіцы

Ведаеце, наверх варта злазіць. Тут няма спецыяльнай агляднай пляцоўкі – яе ролю выконвае тэхнічны масточак між дзвюмя вежамі. На ім можна затырмлівацца колькі хочаш, аднак гэта не вельмі зручна – масточак вузенькі, а ліфт прывозіць усё новых і новых аматараў Гаудзі. А масточак, між іншым, нават нічым не закрыты, глядзіш з яго – а пад табой амаль 100 метраў твора вялікага майстра. Адсюль, з масточка, можна пабачыць, як ідзе будоўля храма – на даху працуе некалькі дзесяткаў будаўнікоў. Сярод будматэрыялаў ты са здзіўленнем заўважаеш цэглу «з дзірачкамі», якая ў нас лічыцца таннай і няякаснай. Няма на іх Антона Астаповіча з Беларускім дабраахвотным таварыствам аховы помнікаў!..

Дарэчы, мае здагадкі апынаюцца не беспадстаўнымі. У 2008 годзе больш за 400 інтэлігентаў, дзеячоў культуры Іспаніі падпісалі калектыўны зварот з просьбай спыніць будаўніцтва Саграда Фаміліа. Дзеячы культуры лічаць, што твор вялікага архітэктара стаў ахвяраў няўмелай, неахайнай рэстаўрацыі ва ўгоду турыстычнай індустрыі.

-- Коля, я не разумею, як да гэтай пары яны яго не дабудавалі!.. – чуеш ты па-руску аднекуль зверху, спускаючыся па знакамітай вінтавой лесвіцы ў вежы храма.

-- Дык ім гэта самім нявыгадна! – адказвае нябачны Коля з веданнем справы. – Вунь, колькі турыстаў прэцца паглядзець на іх недабудаваны храм, дык нашто спяшацца?! Яны тым часам за гэтыя грошы ўжо палову Барселоны пабудавалі!..

Коля правакуе ў тваёй галаве нескладаныя матэматычныя падлікі. Уваход каштуе ад 12 да 16 еўра, пад'ём наверх 2,5. Возьмем для круглага ліку сярэдняе 15 (пераважная большасць наведнікаў карыстаюцца аўдыёгідамі). Есць звесткі, што за год Саграда Фаміліа наведваюць пад 3 мільёны турыстаў. Памнажаем – і атрымліваем, што храм прыносіць каля 45 мільёнаў еўра штогод (каля 58 мільёнаў даляраў). Плюс яшчэ продаж усялякіх сувеніраў. Салідная сума. Напэўна, сапраўды пры жаданні можна было б будаваць хутчэй… Для параўнання: на аднаўленне Нясвіжскага замка ўсяго выдаткавана каля 70 мільёнаў даляраў.

«Каб анёлам было прыемна»

…Называючы Саграда Фаміліа аўтаматычна храмам, ты раптоўна ловіш сябе на думцы, што гэта ніякі не храм. Храм – гэта дзе моляцца Богу. А гэта, хутчэй, вялікі помнік Хрысту ды Святым, помнік генію Гаудзі. А калі пачаць тут маліцца – турыстам жа нязручна будзе, ды і прыбытак скараціцца.

Цікава, што думаў на гэты конт Антоніа Гаудзі? Ці разлічваў ён на такое, калі хадзіў па вуліцах Барселоны з жалезнай кружкаю і збіраў грошы на будоўлю? Калі ў канцы жыцця перабраўся жыць у майстэрню пры будоўлі, каб не губляць час на штодзённыя паходы дадому? Калі казаў, што гэта – ягонае служэнне, якое мусіць выглядаць гэтак, «каб анёлам было прыемна».

Запытацца ў самога Гаудзі ў цябе не выпадае, бо ў крыпту Саграда Фаміліа, дзе пахаваны архітэктар, патрапіць не ўдаецца. Відаць, там яшчэ не паставілі аўтамат для прыёму манет.

Тэгі: , ,