it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 09

Я жыў на вуліцы Максіма Танка. Адразу я думаў, што “Максім Танк”— назва знакавай ваеннай машыны. Насамрэч, як падказала “Вікіпедыя”, гэта псеўданім беларускага паэта і перакладчыка.

Цікавы аповед ангельскага выкладчыка, які некалькі месяцаў жыў у Менску.

Як з замежнікаў у Беларусі “здзіраюць шкуру”

Тамаш ГРЫБОЎСКІ , Тут і цяпер

З экранаў беларускіх тэлеканалаў перыядычна даносіцца, што ў нас пабудавалі “лепшую ў Еўропе хакейную арэну” або “самую сучасную малочную ферму”, “Беларускую эканамічную мадэль” і згадваць няма чаго — байка ва ўсіх на языку. Аднак за межамі Сінявокай пра ўсё гэта не ведаюць. Тым больш цікава паслухаць, што пра нас думаюць замежнікі. “Тут і цяпер” друкуе ўрыўкі з блогу брытанскага спецыяліста па кар’ерным росце Кола Дэвіса (Cole Davis), які выкладаў і жыў у Мінску цягам некалькіх месяцаў.

Талерантнасць

“Адна рэч, якой беларусы вельмі ганарацца (часам з падвойнымі пачуццямі), — гэта іх талерантнасць (цярпімасць). У асноўным яны, сапраўды, талерантны народ, хоць часам адзначаецца, што ў Беларусі жыве вельмі няшмат прадстаўнікоў этнічных меншасцяў. Існуюць, праўда, і гучнагалосыя меншасці.

Адзін з маіх студэнтаў лічыць, што расавая нецярпімасць — добрая рэч, бо, на яго думку, гэты радыкалізм дапамагае захаваць культуру карэннага народа. Аднойчы пасля сустрэчы з парай неанацыстаў каля метро я натыкнуўся на групу прыхільнікаў “White Power” на Нямізе. З майго гледзішча, гэта сведчыць пра сувязь паміж расісцкімі групоўкамі ў Заходняй і Усходняй Еўропе. Я выказаў ім сваё меркаванне, перш чым сысці ў сваім кірунку з мясцовым журналістам, які назваў іх вар’ятамі.

Большасць людзей тут значна больш спакойна ставяцца да гомасексуалізму, чым у іншых краінах. Беларусы лічаць гэтую з’яву прыроднай і спакойна могуць мець сяброў, якія не з'яўляюцца гетэрасексуаламі”.

“Заходнікі — заможныя, а беларусы — бедныя”

“На адным з маіх семінараў гаворка зайшла пра дабрачыннасць. На Усходзе з гэтым зусім цяжка. У Беларусі шмат людзей упэўнены, што ўсе заходнікі — заможныя, а беларусы — бедныя. Той факт, што Мінск кішыць вар'ятамі, якія рассякаюць на “БМВ” на шалёнай хуткасці, а таксама існуе відавочная розніца паміж тутэйшай і брытанскай плутакратыяй, здаецца, не апраўдвае такой логікі...

Гэтая пазіцыя праяўляецца ў стаўленні беларусаў да іншаземцаў — працадаўцаў і іншых. Мы тут для таго, каб з нас “знялі шкуру” фінансава, не ўдзяляючы ўвагу нашым асабістым абставінам. Напрыклад, настаўнік англійскай мовы чалавек небагаты, аднак як замежніку яму прапаноўваецца жыллё па больш высокай стаўцы, бо мы ўсе — “багатыя”. На самай жа справе атрымліваецца, што ў нас застаецца меней грошай на траты, чым у месцічаў, якія звычайна жывуць са сваімі сем'ямі альбо ў больш танных кватэрах.

Нават калі вы згадваеце пра рэцэсію, у іх вачах чытаецца: “У нас таксама рэцэсія”. Аднак гэта не так. Няхай Беларусь — краіна з невялікім прыбыткам, аднак урад абараняе іх ад неспадзяванак рынку”.

Пра тэмперамент і беларусізацыю

“Часта яны выказваюць шкадобу да саміх сябе, што мне падабаецца нароўні з іхнім пачуццём гумару. Па тэмпераменце і мове беларусы знаходзяцца недзе пасярэдзіне паміж палякамі і расійцамі. Беларуская ёсць альтэрнатыўнай рускай мове (на якой у асноўным размаўляе насельніцтва), яе выкарыстоўваюць інтэлектуалы.

Я жыў на вуліцы Максіма Танка. Адразу я думаў, што “Максім Танк”— назва знакавай ваеннай машыны. Насамрэч, як падказала “Вікіпедыя”, гэта псеўданім беларускага паэта і перакладчыка.

У звязку з гэтым адзначу, што беларусізацыя постсавецкага Мінска неймаверна ўскладняе жыццё навічкам і замежнікам. На некаторых картах і схемах станцыі мінскага метро маюць рускія назвы і пазнакі, на больш новых — беларускія. Галоўная вуліца сталіцы дык увогуле была перайменаваная. Праспект Францыска Скарыны, першапачаткова названы ў гонар першага беларускага друкара і аднаго з першых выдаўцоў ва Усходняй Еўропе, цяпер называецца праспектам Незалежнасці. Па старой завядзёнцы большасць мінчукоў выкарыстоўваюць старую назву, што толькі ўскладняе жыццё”.

Навакольнае асяроддзе

“Многія беларусы імкнуцца, каб іх смецце не проста выкідвалася, але было перапрацавана і выкарыстоўвалася паўторна. Для гэтага на вуліцах стаяць адмысловыя кантэйнеры для пластмасы.

Жартуючы, яны кажуць, што павышэнне ўзроўню мора дае ім спадзеў займець уласныя пляжы”.

Гендэрнае пытанне

“Што да гендэрнага пытання, то многія мясцовыя жыхары даволі старамодныя. Жанчына павінна быць моднай і прыгожай. Мужчына мусіць плаціць па рахунку ў пераважнай большасці выпадкаў.

Вельмі часта ў офісах можна ўбачыць, як жанчыны-падначаленыя даюць раду ўсёй працы, у той час як мужчыны-босы робяць вельмі мала і ўцякаюць, каб заняцца больш важнымі рэчамі (магчыма, у рэстаран)”.

Шэрлак Холмс і Агата Крысці

“Што да іх уласнай і рускай літаратуры, то беларусы нашмат лепей начытаныя ў параўнанні з расійцамі ці брытанцамі. Некаторыя чытаюць замежную літаратуру, у тым ліку і ангельскую. Праўда, як і расійцы, шмат хто знаёмы з Англіяй толькі па Конан Дойлі (пладавіты шатландскі пісьменнік) і Агаце Крысці. Яны думаюць, што на туманым Альбіёне жывуць людзі з добрымі манерамі, якія п'юць гарбату строга ў вызначаны час. Вядома ж, яны не ведаюць пра гвалт у гарадах, антыінтэлектуалізм і эканамічныя праблемы у Вялікабрытаніі.

Хаця мода, поп-культура і палітыка ў цэлым не абыходзяць іх бокам. Беларускі народ мае значна больш празаходнія погляды, чым расійскі, бо Расія гістарычна мела падвойнае стаўленне да Захаду (Пётр Першы пабудаваў Санкт-Пецярбург як акно на Захад, у той час як славянафілы, такія як Дастаеўскі, лічылі, што руская культура і праваслаўная рэлігія павінны быць вышэйшымі за заходнія каштоўнасці)”.