it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Sep 08


Падарожжа ў Барселону пачалося для мяне ў Ашмянах. У аўтобус “Мінск-Каўнас” забегла рота цётачак-кантрабандыстак, якія пачалі ліхаманкава распіхваць па шчылінах аўтобуса гарэлку і цыгарэты. Рэшту яны напрамілы Бог прасілі ўзяць астатніх пасажыраў (у дазволеных маштабах). Я такія рэчы не вельмі люблю, таму, калі дайшлі да мяне, зрабіў сур’ёзны выраз твару і адказаў: “Даруйце, мне нельга, я ў міліцыі раблю”. Дзядзечка з дыяганальнага сядзення, які літасціва згадзіўся перавезці праз мяжу пляшку гарэлкі і пару пачкаў папіросаў, павярнуўся і з пагардай спытаў: “А што, калі ў міліцыі, дык не чалавек?!” Я зразумеў, што Барселона блізка.

Ашмянскія кантрабандысткі супраць літоўскіх мытнікаў

Мяжа Еўразвязу, як вы здагадаліся, прыпала для мяне на пераезд Ашмяны-Вільня. Гэтыя памежнікі – адзіныя, хто будзе ставіць пячаткі ў пашпарт. Хіба толькі супрацоўнікі аэрапорта глянуць.

Спачатку ўсіх вытрасаюць з аўтобуса нашыя – праходзьце праз залу і паказвайце пашпарты. Хіба да гэтага памежнага пункту яшчэ не дакаціўся цуд цывілізацыі – спецыяльныя ноўтбукі, якімі карыстаюцца памежнікі?.. Нашыя, аднак, глядзяць хуценька, пасля пачынаецца цырк на літоўскай мяжы. Усіх таксама вытрасаюць, аднак узнікаюць прыгоды.

-- Чаму так доўга?! – пішчыць з сярэдзіны чаргі дзяўчына на літоўскага памежніка. – У мяне, між іншым, у Вільні самалёт праз 3 гадзіны адпраўляецца, ці вы хочаце, каб я спазнілася?!

-- У такім разе вы выбралі не той аўтобус!.. – з выглядам Джэймса Бонда адказвае ёй бялявы літоўскі памежнік у акулярах. – Нашыя супрацоўнікі дэталёва правяраюць аўтобус на наяўнасць кантрабанды. І, ведаеце, не беспаспяхова.

Хвілін 20 ці больш усе проста стаяць на месцы ў чаканні сканчэння праверкі. Тым часам адная з “кантрабандыстак” паказвае ўнікальны нумар: скідвае лішнія пачакі цыгарэт у памаранчавы пакет – і просіць мяне пакласці яго за дзвярыма, каб і адсюль, і з вуліцы не было відаць. Прайшоўшы мытніцу, яна выходзіць на двор і шпарка забірае тавар з-за дзвярэй. Трэба сказаць, нашыя “кантрабандысткі” пераплюнулі літоўскіх мытнікаў – тыя знайшлі далёка не ўсё. Аднак не будзем падстаўляць суайчыннікаў – і выдаваць схованкі.

Што ў шатландцаў пад спадніцай?

На квітку, які я раздрукаваў з кампутара, значыцца: “Каўнас-Барселона-Каўнас”. Бо я не такі багаты, каб лётаць з Мінска. Ну параўнайце. Наколькі я ведаю, самы танны квіток Мінск-Барселона-Мінск каштуе 250 еўра (мне пра такі казалі, але сам я не знайоў). Тое, што ўдалося знайсці адразу – 320 еўра ў адной авіякампаніі і 565 у іншай. Авіаквіток Каўнас-Барселона-Каўнас абыйшоўся каля 140 еўра. Дабрацца да Каўнаса і назад – 124 тысячы. Агулам – 170 еўра. Эканомія – мінімум ад 80 да 425 еўра альбо ад 312 тысяч да 1 мільёны 657 тысяч 500 рублёў. Па-мойму, вартая таго, каб правесці пару гадзінаў у аўтобусе. Тым больш, што калі вы дасталі шэнгенскую візу, праблема здымаецца цалкам.

У Каўнасе (а беларускаму вуху чуецца: “ў Коўні”) ад аўтавакзала да аэрапорта наўпрост давязе гарадскі аўтобус №29. Квіток – 2 літы (каля 2250 рублёў). Аэрапорт утульны і хатні. Усё інтуіцыйна зразумела – дзе здаваць багаж, дзе сядаць на самалёт. Толькі піва дарагое – тое самае, што ў прывакзальнай краме ў Вільні стаяла за 3 літы (каля 6750), тут наразліў даюць за 7 (каля 15 750). І піва, скажу вам, не ахці – прыкладна як… Зрэшты, не будзем нарывацца на судовую позву ад аднаго мінскага піўзавода. У горадзе-героі за такія грошы можна наразліў выпіць сапраўднага ірландскага піва ды яшчэ рыбкі пажаваць упрыдачу.

Тут табе ў аэрапорце – і апарат з кавай, і апарат з усякімі вафелькамі-шакаладкамі, і аўтаматычныя кампутары з інтэрнэтам. І нават калі ты раскладзеш на чамадане смажаную дома курыцу ў фальзе і гурочкі-памідорчыкі – ніхто асабліва супраць не будзе.

Аднак якраз сёння літоўцы гулялі тут у футбол з шатландцамі. А шатландскія заўзятары – вам казаць не трэба – на ўсе матчы следам за сваімі кумірамі ездзяць у нацыянальным адзенні – кілтах. Ці, па нашаму, мужчынскіх спадніцах. І вось завальваецца ва ўтульны аэрапорцік такіх фанатаў штук сто. Адзін кажа нешта кшталту:

-- Мужыкі, а давайце ім пакажам нашыя нацыянальныя танцы і спевы!..

І я адразу згадаў, як пару гадоў таму з шатландцамі гулялі нашыя ў Мінску. І ў беларускіх дзяўчат быў шок – калі па праспекце Незалежнасці пачалі разгульваць прывабныя хлопцы ў спадніцах. Памятаю, дзяўчаты ўсё абмяркоўвалі, ці ёсць у тых хлопцаў што пад спадніцамі. І, магчыма, зусім не здагадваліся, што ў гэтым якраз і традыцыя – не надзяваць бялізну пад кілт. У Шатландыі нават перыядычна разгараюцца дэбаты на гэты тэмат. Напрыклад, адная кампанія, якая ўжо шмат гадоў здае кілты напракат, увяла строгае правіла: каб пад кілты надзявалі трусы. Альбо ты надзяеш трусы – альбо не дамо табе кілта, і шукай дзе хочаш. Матывавалі тым, што гэтыя кілты – не адмыць пасля. Аднак шатландцы запратэставалі: як так – традыцыя! Сябра Кансерватыўнай партыі Шатландыі Джэмі Макгрэгар сказаў проста: “Я лічу гэта поўнай бздурай. Таямніца таго, што ў свядомага шатландца знаходзіцца пад кілтам, з’яўляецца гэткай жа абавязковай часткай нашай культуры, як лахнэскае чудзішча. Новае правіла знішчыць усю рамантыку і містыку. Гэта немагчыма, яны не маюць права так паступіць”.

Між іншым, калі пабачыце шатландца ў кілце, звярніце ўвагу на нейкія жалязнякі на поясе. Існуюць розныя версіі, для чаго яны. Самая лагічная – каб спадніца не задзіралася ад ветра.

Аднак, якая розніца, што ў іх там пад спадніцай? Шатландцы – вяселы і добразычлівы народ. У 2 гадзіны ночы ў каўнаскім аэрапорце яны зладзілі цэлае шоў нацыянальнай музыкі, спеваў і танцаў. З завадатарам-валыншчыкам я не мог не сфоткацца. У якасці ганарара падараваў яму шакаладку “Алёнку”. Той пры слове “Беларусь” ажывіўся і сказаў, што быў на тым матчы і вельмі ўпадабаў Мінск.

Правінцыйны аэрапорт і 5,5 мільёнаў пасажыраў

Самалёт прылятае ў аэрапорт Жыроны, што за 92 кіламетры ад Барселоны. Ён такі ж утульны і маленькі, як у Коўне. Гэты аэрапорт часта выкарыстоўваецца як альтэрнатыва аэрапорту Барселоны – бо сюды лётаюць танныя авіякампаніі. Аэрапорт быў збудаваны ў 1965 годзе, аднак доўгі час не карыстаўся вялікай папулярнасцю. І толькі на пачатку 2000, калі адная з танных авіякампаній выбрала гэты аэрапорт сваім хабам (перасадкавым цэнтрам), пасажырапаток узрос у 10 разоў – з 557 тысяч пасажыраў у 2002 годзе да 5,5 мільёнаў пасажыраў за 2008 год. І гэта – правінцыйны аэрапорт (у Жыроне жыве 94 тысячы чалавек, гэта менш чым у Маладэчне). Для параўнання – за 2008 год наш нацыянальны аэрапорт “Мінск-2” прыняў 1 мільён 10 тысяч пасажыраў…

Пашпарты ў Барселоне не глядзяць – Еўразвяз. Ад аэрапорта да Барселоны дабрацца каштуе 12 еўра, туды-назад 21. Дорага, але іншага выхаду няма. Гадзіна дзесяць ва ўтульным аўтобусе – і вось яна, Барселона!..

Дык у чым розніца між Мінскам і Барселонай?

Калі коратка – у 13 градусах. 7 верасня а 15.00 у горадзе-героі было +15 градусаў, у Барселоне -- +28. У моры, здаецца, столькі ж.

-- Гэй, вам нешта памагчы?.. – шчыра ўсміхаецца прадавец бутэрбродаў у метро, пабачыўшя разгубленых беларусаў з валізамі. – Магчыма, вы шукаеце гатэль, дык гэта да канца перахода і налева!..

Тут разумееш, што Бог, відаць, гартуе беларусаў нашым кліматам. Як кажуць, пад прыгнётам мужнее нацыя. Колькі б пратрываў тутэйшы абарыген каля Нацыянальнай бібліятэкі, калі ў яго родным горадзе нават зімой не бывае халадней за +10?..

Гэта неістотна: беларус гатовы трываць тут даволі доўга. У маім выпадку – тыдзень. Перад паездкай усе навыперадкі папярэджвалі (і хто быў тут, і хто не быў): сцеражыся, горад вельмі дарагі! Аднак, як паказвае практыка, калі падыходзіць да гэтых пытанняў рацыянальна – можна харчавацца за прымальныя грошы ў любым горадзе любой краіны.

Варыянт першы – супермаркеты. Кілаграм бананаў – 2600 на нашыя грошы, два літры соку – 4800, невялікая дыня – 3900, каўбаса прадаецца нарэзанымі кавалкамі ва ўпакоўках па 1-2 еўра. На раз паесці хапае.

Іншы варыянт – кавярні. Бадай, самы танны варыянт – шукаць кавярню з так званым салат-барам. Гэта калі бярэш усяго колькі хочаш (па прынцыпе шведскага стала) і плоціш фіксаваную суму. Я знайшоў такую ў самым цэнтры. Кошт – 9,95 еўра (38 800). Аднак за гэтыя грошы можна так налупіцца ад пуза, што хопіць на цэлы дзень! Прычым, запраціўшы гэтую “стаўку”, можна падыходзіць да стойкі з ежай зноў і зноў. А там – усякая гародніна, супчык-гаспача з памідораў, макароны, бульба, каўбаса, рыбныя палачкі, піца, салацікі. Плюс напоі – пепсі, кава-гарбата і нават піва. Пі, еш – колькі хочаш. Шкада, як кажуць, што на тры дні наперад не наясіся.

Гатэльчык, дзе ўдалося спыніцца (загадзя зарэзерваваўшы месца праз інтэрнэт) – тыповы еўрапейскі хостэл. Гэта значыцца – без вялікіх выгодаў (душ на калідоры), затое танна і дэмакратычна. У пакоях – ад двух да 12 чалавек, кошт змяняецца прапарцыйна. Скажам, месца ў пакоі на дванаццаць чалавек каштуе 17 еўра, у пакоі на чатырох -- 21 еўра, а ў пакоі на двох (гэта самае дарагое) – 29 еўра. У хостеле – дармовы інтэрнэт і кампутары, кухня (пліта, мікрахвалёўка, тостэр, чайнік, лядоўня), пральная машына… У кожным пакоі – кандыцыянер і прыбіральня. Знаходзіцца хостэл каля самага выхаду з метро, да мора – шэсць хвілін пехам.

На пляжы аншлагу не назіраецца. Напэўна, асноўны сезон ужо скончыўся. Незразумела, чаму. Горача. Мора цёплае. Сонца паліць – можна з бледнай спірахеты за два дні зрабіцца як шакаладка.

Пайду рабіцца.

(Працяг будзе).

Тэгі: ,