it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 30
Карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА спрабаваў заасфальтаваць дарогу 2000 дачнікам у Стаўбцоўскім раёне

У рэдакцыю прыйшоў ліст, перапоўнены болем. Пішуць дачнікі з садовых таварыстваў у Стаўбцоўскім раёне, непадалёк ад станцыі "Коласава". Праблема такая: маем лецішчы тут ужо больш за 20 гадоў, а ад трасы да садовых кааператываў вядзе такая раздзяўбаная гравейка, што машыну рамантуй хоць кожны тыдзень. Пад лістом — дзясяткі подпісаў. Каб спраўдзіць, ці не жарт гэта, мы патэлефанавалі аднаму з падпісантаў — дачніку з таварыства "Квант" Ігару КРЭБСУ.


— Так, гэты ліст — крык нашай душы! — пацвердзіў спадар Крэбс. — Няхай гэтыя дарожнікі, якія кажуць, што дарога ў добрым стане, аплоцяць мне рэгулярныя рамонты машыны — то стойкі стабілізатараў, то амартызатар — увогуле, уся падвеска за лета разбіваецца на гэтай дарозе. І ў мяне яшчэ машына не вельмі дарагая. О, як я спачуваю тым, хто мае машыны за 20-30 тысяч долараў!.. Колькі разоў мы звярталіся ў дарожнае ўпраўленне гэтае!.. Яны кажуць: мы раз на тыдзень грэйдарам раўняем. Няма гэтага! Калі раз на месяц — і тое добра!.. Астатні час ездзім, быццам нелюдзі! А тут, каля Коласава, між іншым, маюць лецішчы артысты, архітэктар, горадабудаўнікі, чыноўнікі, вядомыя лекары, матэматыкі, выкладчыкі — заслужаныя і паважаныя людзі!..

Расчулены гэтай размовай, я з рэдакцыі адразу накіраваўся ў Стоўбцы. Знарок — праз згаданую дарогу. Страх! Ехаў з хуткасцю 10 кіламетраў за гадзіну! ...У прыёмнай выканкама пытаюся: хто тут у вас адказны за гэты жах, які называецца дарогаю Коласава—Бярозаўка—Засулле? Накіроўваюць да намесніка старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Валерыя ФРАНЦКЕВІЧА.

— Валерый Альгердавіч, я сёння там праехаў — слухайце, гэта здзек, а не дарога!..

— Гэта вы проста прывыклі ездзіць у Мінску па асфальце! Стан дарог у нас правяраецца тэхнаглядам штомесяц. Гэтая дарога адпавядае патрабаванням.

— І што чакаць людзям, якія звярнуліся ў газету?

— Нічога. Дарога на абслугоўванні, яна абслугоўваецца рэгулярна. Гравейная дарога — не асфальт. Да яе зусім іншыя патрабаванні! У асфальт яна не пераўтворыцца проста так па імкненні душы! У раёне яшчэ 300 кіламетраў дарог проста грунтовых! Куды мы будзем класці асфальт дачнікам, калі нашыя многія вуліцы сапраўды ў катастрафічным стане?! Канкрэтна ў Стоўбцах у нас 20 кіламетраў дарог без пакрыцця. А дачнікам праехаць раз на месяц на лецішча — дарога цалкам дастатковая!

— З такімі ямінамі па калена?!

— Ну дзе яны там па калена?! Усё, паехалі туды глядзець!..

Тут Валерый Альгердавіч здымае слухаўку і кажа: "Іванавіч, ты далёка дзе? Пад'едзь да мяне, тут чарговыя дачнікі "цялегу" накаталі, крутанёмся з табой на гэтую дарогу Засулле—Бярозаўка—Коласава. А то там, кажуць, метровай глыбіні яміны. Паедзем паглядзім — ёсць яны там метровай глыбіні ці няма".

Пакуль кіраўнік дарогабудаўнічага прадпрыемства едзе да нас, размова працягваецца.

— Валерый Альгердавіч, дык ці плануецца калі заасфальтаваць гэтую няшчасную дарогу?

— Гэта плануем не мы, а "Мінскаблдарбуд"! Мая воля — я б усе дарогі заасфальтаваў. І агароды б ім яшчэ заасфальтаваў, каб яны там у пінг-понг гулялі!..

Што б яшчэ заасфальтаваў Валерый Альгердавіч, я не паспяваю даведацца — прыязджае начальнік дарогабудаўнічага прадпрыемства, і мы едзем на месца.

— Ну во, бачыце, едзем амаль з такой хуткасцю, як па асфальце, — супакойвае мяне ў машыне Валерый Альгердавіч. Я, падскокваючы на калдобінах, заўважаю, што на службовай машыне і я б так даў газу... Дарогаю высвятляем яшчэ адну праблему — фуры. Яны выкарыстоўваюць гэтую дарогу для таго, каб аб'язджаць пункт платы "Коласава" і не плаціць 10 еўра за карыстанне трасай Брэст—Мінск—мяжа Расіі. Адну такую фуру мы "застукалі" проста пад знакам, што праезд цяжкагрузам забаронены! (гл. фота).

На зваротным шляху распытваю пра бяду нашых чытачоў-дачнікаў начальніка філіяла КУП "Мінскаблдарбуд" ДРБУ №135 Віталя ДЗЯМ'ЯНКУ.

— На абслугоўванні нашага філіяла знаходзіцца 764,2 км дарог, — кажа Віталь Іванавіч. — З іх 363,8 км — асфальтабетонныя; 3,4 км — чорнагравейныя (са стабілізацыйным пакрыццём); 12,7 — брукаванка; 296,7 — гравейныя дарогі; 87,5 — грунтовыя дарогі, дзе няма нават цвёрдага пакрыцця. Дарога, пра якую мы гаворым, адносіцца да гравейнай і адпавядае ўсім патрабаванням.

— А вось сёння, калі мы з вамі якраз праехалі па гэтай дарозе — яна таксама адпавядала патрабаванням?

— Зараз прайсці па ёй грэйдарам трэба... Бо апошнія дні былі вялікія дажджы, і яе размыла. Таму неўзабаве адпраўлю туды грэйдар. Адпраўлю яго нават заўтра (спадар Віталь слова стрымаў — з садовых кааператываў нам паведамілі, што сапраўды грэйдар назаўтра з'явіўся — Г.Л.)

— Мэта людзей, якія звярнуліся да нас з гэтай праблемай — каб дарогу ў выніку заасфальтавалі. Што для гэтага трэба?

— Наш філіял штогод хадайнічае райвыканкаму, каб там быў асфальт. І не толькі на гэтай дарозе. Аднак фінансаванне абласнога бюджэту на мясцовыя дарогі недастатковае...

— Вы сказалі, што асфальтаванне аднаго кіламетра дарогі абыходзіцца ў 200-250 мільёнаў рублёў. Колькі вам вылучылі грошай на 2010 год?

— На перавод гравейных дарог у асфальтабетонныя нам вылучылі на гэты год каля 620 мільёнаў рублёў...

— На 3 кіламетры?!

— Так...

— Дык гэта адна вялікая вёска!

— Сапраўды. І гэтыя грошы вылучаныя мэтава — на транзітныя дарогі. Гэта значыць, тыя, дзе ходзіць аўтобус, праходзяць аўтамабілі. На гэты момант у нас задача — заасфальтаваць найперш менавіта тыя вёскі, праз якія ідзе транзітны рух. Уявіце — абапал дарогі хаты, агароды, бялізна сохне — а там увесь час рух машын: пыл, бруд, шум... Іншая наша важная задача — асфальтаванне дарог і пад'ездаў у аграгарадках. Сітуацыя такая, што за год мы ў сярэднім парадкуем каля 8 кіламетраў дарог — але маглі б рабіць у 10 разоў болей! Усё ўпіраецца ў грошы...

— А адкуль вылучаюцца грошы на будоўлю дарог?

— На рэспубліканскія дарогі — з рэспубліканскага бюджэту. А на мясцовыя — грошы вылучае аблвыканкам, а размяркоўвае іх нашая галаўная арганізацыя — "Мінскаблдарбуд". Яны вырашаюць, колькі кіламетраў і дзе канкрэтна трэба асфальтаваць штогод. А мы — толькі выканаўцы... Некаторыя капітальныя рамонты адбываюцца пасля скаргаў — як гэта, што паступіла да вас. Але гэта там, дзе сапраўды ўжо людзям трэба тэрмінова выпраўляць сітуацыю. Напрыклад, у часе паводкі была сітуацыя, калі хаты затапіла — і мы тэрмінова рабілі там рамонт дарогі. Ёсць у нас, напрыклад, у раёне вёска Задвор'е, праз якую людзі едуць са Стоўбцаў у накірунак Мінску. Вось там трэба асфальтаваць у першую чаргу — бо там нават не гравейная, а грунтовая дарога. І калі выбіраць між дарогай на лецішчы і Задвор'ем — я лічу, трэба аддаваць перавагу Задвор'ю.

— Як вы лічыце як начальнік: ці "свеціць" нешта гэтым дачнікам?

— Надзея памірае апошняй... Я думаю, свеціць — але калі?..

Няўжо нашым дачнікам застаецца чакаць, пакуль нейкі невялікі мясцовы начальнік не прыдбае сабе лецішча ў адным з гэтых кааператываў? Як інакш яны зразумеюць, што больш за 2000 дачнікаў таксама маюць права пасля 20 гадоў пакутаў даехаць на свае фазэнды па чалавечай дарозе?..


Тэгі: