it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 27

А некаторыя — пра сябе ці сваю родную мясціну

У нумары ад 17 ліпеня мы перадалі заклік міністра культуры Паўла Латушкі: шаноўныя
чытачы, падказвайце ідэі для дакументальных фільмаў! На што,
а на ідэі нашы людзі багатыя. Бяры — ды здымай толькі!..
Вера Віктараўна Крачко з пасёлка Магілеўцы Пружанскага раёна 52 гады адпрацавала ў школе. Піша, што добра было б зняць дакументальныя фільмы пра Вялікіх князёў Літоўскіх — а то імёны мы ведаем, а адрозніць аднаго ад другога можам не заўсёды... Таксама Вера Віктараўна просіць дакументалістаў разабрацца нарэшце ў асобе Мураўёва-вешальніка: ці быў ён напраўду такім вялікім злачынцам, ці нагаворваюць? Пералічвае Вера Віктараўна і нашых сучаснікаў, пра якіх было б цікава даведацца больш: Міхаіла Фінберга, Янку Сіпакова, Міхаіла Савіцкага... Агульная заўвага чытачкі — мала праграм на тэлебачанні скіравана на моладзь. І старэйшае пакаленне не можа даведацца, чым займаецца сённяшняя моладзь, якія мае захапленні і таленты... Замест гэтага, скардзіцца Вера Віктараўна, можна пабачыць "ток-шоу кшталту "Жыву з метрасэксуалам"...
Чытачка Ганна Казлова з вёскі Лаўніца Барысаўскага раёна кіруе народным фальклорным калектывам "Лаўнічанка". Ганна Мікалаеўна падказвае ідэю: "На АНТ ішоў цудоўны праект "Песні маёй краіны". Якія цудоўныя калектывы выступалі, вось які таленавіты наш народ! Думаю, што адтуль можна ўзяць шмат што для здымак".

Анатоль Іванавіч Жогла з Лельчыцаў прапануе зняць фільм (праўда, не дакументальны, а мастацкі) па ягонай кнізе "Зоркавы кліч" (напісаная пад творчым псеўданімам Анатоль Стадалюк). Кнігу, Анатоль Іванавіч, мы міністру перадалі. Дзякуем вам за цёплыя словы на адрас нашай газеты і яе асобных аўтараў (асабліва дзякаваў карэспандэнт Яўген Валошын).

Наш чытач з вуліцы Адоеўскага ў Мінску Аляксей Андрэевіч Саламонаў прапануе зняць фільм пра сябе. Аляксей Андрэевіч паведамляе, што ў яго падрыхтаваная да выдання "Мая справаздача грамадству аб сваёй стваральнай жыццядзейнасці з аналізам яго мінулага і поглядам у будучыню". Аляксей Андрэевіч піша пра сябе: "Я — не маньяк з адпаведнай маніяй, а доктар вельмі тонкіх тэхнічных навук (па атамных электрастанцыях), прафесар, акадэмік адной з прэстыжных міжнародных акадэмій. У апошнія гады існавання СССР я быў у ім вядучым публіцыстам грамадска-думкавага кірунку, друкаваўся і ў Нью-Ёрку. Падрыхтаваў некалькі брашураў, вялікі зборнік вершаў". Згадвае Аляксей Андрэевіч і як быў у часе вайны ў лагеры, як стаў пасля кулямётчыкам, як застаўся інвалідам 2-й групы, як 5 гадоў узначальваў Універсітэт беларускай мовы, гісторыі і культуры і што мае больш за 200 артыкулаў.

З вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна міністру пішуць удзельнікі фальклорна-этнаграфічнага ансамбля "Міжрэчча" (К. Панчэня, Ю. Панчэня, Л. Еўдакімцава, З. Доўгадворава). Яны звяртаюць увагу міністра, што не так даўно абрад "Юр'еўскі карагод" атрымаў стутус (першы на Беларусі) нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. І зазначаюць, што іх калектыў захоўвае цэлы шэраг рэдкіх абрадаў ("Гу, вясна!", "Калядкі", "Шчодрык"...), на якія таксама трэба неадкладна звярнуць увагу — зафіксаваць у дакументальным кіно. Удзельнікі калектыву смуткуюць, што з тэлебачання зніклі праграмы кшталту "Запрашаем на вячоркі", "Радавод", "Спявай, душа!"... Просяць міністра "зноў адкрыць такую перадачу".

Старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі Вікенці Мароз з вёскі Даманава Івацэвіцкага раёна лічыць, што варта зняць дакументальныя фільмы пра Вялікае Княства Літоўскае, яго федэрацыю з Рэччу Паспалітай, пра тры падзелы Рэчы Паспалітай і паламаныя пры гэтым лёсы людзей, пра паўстанне Касцюшкі, Каліноўскага. Вікенці Іванавіч прыгадвае, што ў іх у Івацэвіцкім раёне частка лесу называлася Шыбельная гара — тут царскія служкі павесілі 20 паўстанцаў Каліноўскага. Спадару Марозу на ўсё жыццё запомнілася, як яшчэ ў 1948-49 г. ён бачыў на кожным дрэўцы па абразку, пацёкамі смалы... Пасля гэты лес "спілавалі і спалілі на свінаферме". Вікенці Іванавіч пералічвае, пра каго з выбітных беларусаў ён ахвотна паглядзеў бы дакументальнае кіно: Дунін-Мірцінкевіч, Багушэвіч, Доўнар-Запольскі, Смоліч, Колас, Купала, Багдановіч, Міцкевіч, Танк, Брыль, Пястрак. Яшчэ адна прапанова — зняць дакладны фільм пра 17 верасня 1939 года, уз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Пакуль яшчэ жывыя відавочцы. Іншая цікавая прапанова — зняць дакументальны фільм пра беларускую Вільню: якія мясціны сённяшняй літоўскай сталіцы павінен ведаць кожны беларус.

Некалькі прапаноў паступіла і ад наведнікаў сайта "Звязды". Чытачка Ніна піша, што яе вельмі ўразіў матэрыял у нашай газеце пра настаяцеля Хоцімскай царквы, які ўсё сваё жыццё паклаў на захаванне, адраджэнне, будаўніцтва найпрыгажэйшага праваслаўнага храма. Асабліва запомнілася Ніне дэталь, што святар купляў сабе "мех макароны на месяц, астатнія грошы — на храм". Чытачка перакананая, што гэта — гатовы дакументальны фільм.

Чытач пад подпісам "Неверагоднае побач" звяртае ўвагу, што ў нас ёсць выбітная кінадакументалістыка — напрыклад, стужкі Галіны Адамовіч і Віктара Аслюка. Смуткуе, што іх не паказваюць па тэлевізары.

Некалькі дзясяткаў прапаноў паступіла і на www.lаbаdzеnkа.bу — яны таксама ўсе перададзеныя Паўлу Латушку. Тут — зноўку ВКЛ, таямніцы полацкай гісторыі з кніг Уладзіміра Арлова, беларуская шляхта ў постацях, гісторыі ўтварэння беларускіх гарадоў, нецэнзураваныя класікі, змаганне беларусаў з царскім рэжымам, яўрэі на Беларусі, войны ВКЛ з Маскоўскай Руссю, эміграцыя беларусаў у Паўднёвую Амерыку на пачатку ХХ стагоддзя, гісторыя рэлігій на Беларусі, сталінскія рэпрэсіі, гісторыя беларускага тэатра, пра Першую сусветную вайну (на падставе даследаванняў Уладзіміра Багданава). Таксама наведнікі прапануюць шмат постацяў — гатовых герояў дакументальнага кіно: Антон Луцкевіч, Янка Купала, святы Казімір, князі Радзівілы, Цішка Гартны, Еўфрасіння Полацкая, Ян Караль Хадкевіч, Максім Гарэцкі ды іншыя Гарэцкія, Уладзімір Жылка, Марк Шагал...

Мы дзякуем усім, хто адгукнуўся! Цяпер Міністэрства культуры мае колькі дзясяткаў прапаноў для дакументальнага кіно — тое, што насамрэч цікава людзям з розных куткоў Беларусі. Чакаем фільмаў!

Каментар міністра
"Чытачы "Звязды" маюць разуменне,
пра што павінна здымацца нацыянальнае дакументальнае кіно ў Беларусі"

Усе вашы прапановы, шаноўныя чытачы, мы перадалі асабіста міністру культуры Беларусі Паўлу Латушку. Павел Паўлавіч азнаёміўся з усімі лістамі і пракаментаваў "Звяздзе":

— Па-першае, я хацеў бы вельмі падзякаваць газеце "Звязда" і чытачам за тую актыўнасць, якую яны праявілі, дасылаючы свае прапановы, ідэі для рэалізацыі дакументальных фільмаў нашымі кінавытворчымі прадпрыемствамі. Хацеў бы адзначыць, што прапановы досыць разнастайныя — гэта сведчанне, што ініцыятары прапаноў маюць даволі шырокі падыход і разуменне таго, пра што павінна здымацца нацыянальнае дакументальнае кіно ў Беларусі. Мне спадабалася, што шмат тэмаў краналі гісторыю нашай краіны, нашу культурную спадчыну, якая пацвярджае глыбінныя сувязі з агульнаеўрапейскай культурнай прасторай. Вельмі важна таксама, што чытачы газеты прапанавалі здымаць фільмы па сучасных тэмах.

Мне асабліва спадабаліся прапановы наконт серыі фільмаў пра Вялікіх князёў Літоўскіх, зацікавіла ідэя фільма пра еўрапейскую архітэктуру ў Беларусі — бо ад канца ХVІ стагоддзя наша шляхта запрашала сюды выбітных еўрапейскіх архітэктараў... Я думаю, з таго, што прапанавана, будзем мець вялікую магчымасць выбару праектаў для наступнай рэалізацыі. Вялікі дзякуй!

Тэгі: