it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 25

5 сакавіка 1940 года народны камісар унутраных спраў СССР Лаўрэнцій Берыя напісаў Сталіну сакрэтную запіску, на якой пазней паставяць пазнакі "за" і подпісы таварыш Кагановіч, таварыш Калінін, таварышы Молатаў, Варашылаў і Мікаян. У запісцы, калі коратка, была канкрэтная прапанова: расстраляць каля 25 тысяч польскіх афіцэраў і іншых грамадзян, якія знаходзяцца ў лагерах для ваеннапалонных. Прапанова была ўхваленая, а значная частка яе была выкананая ў Катыні — лесе пад Смаленскам.

Увесь час пасля гэтых падзей Катынская трагедыя выкарыстоўвалася як інструмент прапаганды. Яшчэ ў часе вайны камуністы сцвярджалі, што ў Катыні расстрэльвалі фашысты. А фашысты на акупаваных тэрыторыях, наадварот, распаўсюджвалі інфармацыю пра савецкае злачынства. Цяпер, калі адкрыліся многія архівы, дакладна вядома: Катынскае злачынства здзейснілі бальшавікі. Прэзідэнт Расіі Ельцын у свой час публічна папрасіў прабачэння ў польскага народа...

Многія беларусы падрабязна даведаліся пра Катынскую трагедыю толькі ў красавіку гэтага года, калі па Першым нацыянальным тэлеканале быў паказаны фільм "Катынь" польскага рэжысёра Анджэя Вайды. За некалькі дзён да гэтага пад Смаленскам, як вы памятаеце, разбіўся самалёт з польскім прэзідэнтам Лехам Качыньскім і яшчэ 95 чыноўнікамі і грамадскімі дзеячамі... Яны ляцелі ўшанаваць памяць расстраляных у Катыні.

Многія людзі, асабліва пажылыя, дагэтуль не вераць у злачынствы сталінскага рэжыму. Мая 79‑гадовая бабуля гатовая біцца за "бацьку народаў Сталіна, які выйграў вайну". Яна і чуць не хоча, што Сталін — адзін з найвялікшых ліхадзеяў ХХ стагоддзя, па віне якога загінулі мільёны невінаватых савецкіх грамадзян. Гэта была вайна са сваім народам...

У мемарыяле "Катынь" я пабываў 23 жніўня — у Міжнародны дзень памяці ахвяраў рэпрэсій. У гэтую жалобную дату экскурсію ў Катынь арганізавала Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў, яго секцыя "Мемарыял". У часе выправы было цікава пачуць думку супрацоўнікаў мемарыяла. На пытанне "Звязды" адказала намесніца дырэктара па навуковай працы мемарыяла "Катынь" Галіна Анатольеўна АНДРЭЕНКАВА.

"У людзях дагэтуль жыве савецкі ген страху..."

— Галіна Анатольеўна, не так даўно па расійскім тэлебачанні прайшоў дакументальны прапагандысцкі фільм, дзе зноў сцвярджаецца, што польскіх афіцэраў у Катыні забівалі не НКУСаўцы, а фашысты... А якой версіі прытрымліваецеся вы, супрацоўнікі мемарыяла?

— Якія тут могуць быць версіі?! Зразумела, што расстрэльвалі бальшавікі, супрацоўнікі НКУС. Гэта, здаецца, ужо цалкам даказана. Мы маем 4 тамы дакументаў, якія выдалі палякі, і 2 тамы дакументаў, якія выдала наша расійская Акадэмія Навук. Да таго ж, ёсць сведчанні відавочцаў. Хоць навука звычайна ставіцца да сведкаў дужа асцярожна... Аднак ёсць у нас і сведчанне такога Пятра Клімава. Ён, вядома, сам не ўдзельнічаў у гэтых расстрэлах, аднак працаваў у органах НКУС. І засведчыў, што быў тут увесну 1940 года... Таксама мы сабралі шмат сведчанняў мясцовых жыхароў, якія бачылі, як на станцыю Гнёздава прывозілі польскіх афіцэраў. Гэта кідалася ў вочы — бо тут людзі жылі за жалезнай заслонай, таму вайсковую форму чужаземцаў разглядалі з цікавасцю. Ніякай гаворкі, што тут расстрэльвалі немцы, быць не можа...

— А з мясцовых шмат засталося відавочцаў тых падзей?

— Так, мясцовых жыхароў мы апытваем ад часу стварэння мемарыяла. Спачатку людзі, зразумела, былі вельмі асцярожныя. Зараз яны ўжо ўсе вельмі старыя, шмат хто хворы, некаторыя ўжо не падымаюцца з ложка. Яны сведчылі нам, што тут польскіх афіцэраў стралялі менавіта бальшавікі. Але ведаеце, гэты савецкі ген страху жыве ў людзях і цяпер. Літаральна ўвесну мне патэлефанаваў мужчына і сказаў: "Галіна Анатольеўна, я хачу распавесці вам некаторыя дэталі, якія бачыў яшчэ хлопчыкам у Катыні. Але калі будзеце публікаваць гэта, калі ласка, не называйце майго прозвішча, бо мой бацька быў расстраляны ў 1938 годзе..." Уяўляеце, ён дагэтуль баіцца, што нешта можа вярнуцца!.. І ён расказаў, як на станцыю Гнёздава прыходзілі цягнікі з польскімі афіцэрамі, апісаў іх форму... На станцыі была крама, і людзі хадзілі туды, бачылі, як прывозілі гэтых афіцэраў... Да таго ж, у 1943 годзе немцы, калі праводзілі раскопкі, арганізавалі сюды экскурсіі, каб паказаць злачынства сталінскага рэжыму... Хлопчыкам, якія дапамагалі ў раскопках, давалі цукеркі, дарослым — шклянку гарэлкі і паўбуханкі хлеба. І гэты чалавек таксама быў на гэтых раскопках, бачыў гэтыя трупы...

— Прыхільнікі версіі, што ў Катыні стралялі не бальшавікі, а немцы, маюць аргумент: тут знойдзеныя пераважна нямецкія кулі...

— Гэта таксама даўно вядома і пацверджана дакументамі: НКУСаўцы сапраўды расстрэльвалі зняволеных з нямецкай зброі, якая была замоўленая знарок для гэтага. Бо яна больш надзейная! Уявіце толькі: некаторыя каты расстрэльвалі да 200 чалавек за змену! Савецкая зброя проста не вытрымлівала такога. Пра нямецкую зброю нам сведчыў і Токараў, колішні начальнік УНКУС па тагачаснай Калінінскай вобласці... Таксама я сустракалася з намеснікам галоўнага пракурора нашай вобласці, які ўдзельнічаў у следчым эксперыменце ў Катыні. Ён сам бачыў у архіве дакумент, дзе дакладна было напісана: вясной 1940 года ў Смаленск была прывезеная партыя нямецкай зброі. Нямецкая зброя не перагравалася і не давала збояў...

— Галіна Анатольеўна, ці больш людзей стала наведваць мемарыял "Катынь" пасля таго, як 10 красавіка тут разбіўся самалёт, дзе знаходзіўся польскі прэзідэнт і кіруючая эліта краіны?

— Натуральна, гэтая трагедыя прыцягнула да нашага мемарыяла дадатковую ўвагу. Штогод у нас ёсць каля 30 тысяч наведнікаў, сёлета, мяркую, будзе каля 60 тысяч. Найбольш, зразумела, едуць расіяне і палякі. Важна, што і беларусы едуць да нас усё больш — бо вашых суайчыннікаў тут пахавана вельмі шмат...

Р.S. У Катыні сярод імёнаў расстраляных і месцаў іх нараджэння сапраўды можна знайсці шмат знаёмых гарадоў і мястэчак: Гродна, Мінск, Жлобін, Івянец, Віцебск... Беларускі гісторык Ігар Кузняцоў кажа, што, паводле ягоных падлікаў, з 4421 пахаванай ахвяры — 1221 чалавек мае беларускае паходжанне. І гэта — не канчатковая лічба. А гэта значыць, што Катынь — не толькі польскае, але і беларускае месца ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

Афіцыйныя дакументы ў мемарыяле "Катынь" сведчаць, што тэрмін "катынскае злачынства" ўбірае ў сябе расстрэл у красавіку-маі 1940 года амаль 22 тысячы польскіх грамадзян, якія ўтрымліваліся ў трох турмах НКУС СССР. З 22 тысяч — 14 552 польскія афіцэры. З іх 4421 чалавек расстраляныя ў Катыні, 6311 расстраляны ў Калініне і пахаваныя ў Медным, 3820 чалавек пахаваныя ў Харкаве.

Яшчэ 7305 чалавек былі расстраляныя ва Украіне і Беларусі. Пахаваныя ў Кіеве, Харкаве, Херсоне і Мінску.

Найбольш вядомыя месцы пахавання ахвяраў злачынстваў — урочышча Курапаты і Трасцянец пад Мінскам. Магчыма, тут ляжаць і "катынскія" ахвяры.

Мемарыял "Катынь" адкрыты 28 ліпеня 2000 года, фінансаванне будаўніцтва здзейснілі польскі і расійскі бакі.

Тэгі: