it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 04

“Чаму вучань атрымлівае на іспыце 8 балаў з 10, а на тэставанні 15 са 100?..”

Нашыя публікацыі ад 31 ліпеня і 4 жніўня выклікалі шырокую рэакцыю чытачоў. І гэта зразумела, бо адукацыя – практычна як вайна – так ці інакш закранула кожную беларускую сям’ю. Самы трапны каментар пакінуў інтэрнэт-карыстальнік tereg: “Працуючыя людзі кажуць усё як ёсць, але спытай у чыноўніка – дык усё ў ажуры і шакаладзе”.

Вялікае абурэнне выклікала інфармацыя пра сярэдні заробак настаўнікаў у 885 тысяч. Карыстальніца Mambo#5 з Магілёва піша: “Што датычна аплаты працы, то ў мяне – 11 гадоў стажу, 2 стаўкі, класнае кіраўніцтва, платныя гурткі, 1 катэгорыя. За ўсё гэта – 750 тысяч у адной са школ Магілёва. Што датычна папераў – шаноўныя чыноўнікі, адкрыйце нарэшце вочы! Становішча проста катастрафічнае, гэта ж маразм, цяпер галоўнае – не навучыць, а паболей усялякай лухты запісаць, страхавацца-перастарахавацца!..”

Мяне вельмі ўразіў ніжэй прыведзtны ліст, які прыйшоў да мяне на электронную пошту ўчора ўвечары. Прыводзім яго без скаротаў.

“У дзень праверкі ў школе ўсе трасуцца: як ні старайся – усё адно будзеш адчытаны”

Вось тэкст электроннага ліста:

“Прывітанне. Я абітурыентка гэтага года. Калі  я прачытала Ваш артыкул, адразу ж захацелася сказаць Вам Дзякуй за тое, што  ўзнялі гэтую тэму, не пабаяліся паказаць праўду, далі  магчымасць іншым людзям нарэшце выказаць сваё меркаванне. Вялікі дзякуй!

Прабачце, але падпісвацца пад сваім лістом я не буду – не хачу стварыць праблемы для сваіх бацькоў. Некалькі месяцаў таму ў "Звяздзе" абмяркоўвалася праблема шырокага кола абавязкаў  настаўнікаў, наогул, сапраўднае жыццё школы. Было абяцана абмеркаваць узнятыя пытанні  на сумесным пасяджэнні вышэйстаячых органаў  адукацыі і ўрада, але па сённяшні  дзень гэтага не адбылося. А прачытаўшы сёння інтэрв'ю Валянціны МАЕЎСКАЙ, намесніцы начальніка Упраўлення агульнай сярэдняй адукацы  Міністэрства адукацыі Беларусі, на душы стала неяк прыкра, я зразумела, што нічым гэтыя лісты не дапамогуць…”

А вось сам ліст:

“…У гэтым годзе я скончыла адзінаццаць класаў і паспяхова паступіла ў ВНУ. Магчыма, я яшчэ не настолькі дарослая, і ў мяне мала досведу, каб нешта казаць на гэту тэму, але ўсё ж я вырасла ў сям’і настаўнікаў і ведаю, як цяжка не тое, што працаваць, але і жыць настаўнікам.

Мой бацька ўжо некалькі гадоў працуе дырэктарам школы (раней быў простым настаўнікам), маці – настаўніцай гэтай школы. Школа сельская, пагэтаму невялічкая. Некалькі гадоў я правучылася ў ёй. Бацькі дадому вярталіся позна (асабліва бацька), апошнімі выходзілі са школы, хоць ужо даўно скончыліся заняткі. Прыходзілі дамоў, і вырашалі пытанне, як да заўтрашняга абеду адаслаць нейкую справаздачу ў райана. І так дзень за днём, адны толькі паперы, а калі хоць адзін з настаўнікаў не адчытаецца, прэмію здымуць не з яго, а з дырэктара, бо той не ўгледзеў. Дзень перад праверкай і дзень праверкі яшчэ страшнейшы, ужо не толькі для дырэктара, але і для ўсіх настаўнікаў, усе трасуцца, бо ведаюць, што як ні старайся, а будзеш адчытаны: не так падпісана папка, не тая інфармацыя вісіць на стэндзе, не тым шрыфтом надрукавалі і г.д. Дайце ж ім, бедным настаўнікам з мізэрнай зарплатай, працаваць настаўнікамі, а не нейкімі сакратарамі. У іх не тое што ў школе не хапае часу вучыць дзяцей, але і дома глядзець гаспадарку і проста адпачываць.

Усе вакол сёння абвінавачваюць настаўнікаў у тым, што веды дзяцей пагаршаюцца. А я хачу сказаць, што настаўнік заўсёды ідзе насустрач вучню. Калі ён прапаноўвае пазаймацца з вучнем, які хварэў, і той згаджаецца, а потым на занятак не прыходзіць, як можна настаўніка вінаваціць у тым, што гэты вучань не авалодаў пэўнай інфармацыяй? Праблема зусім не ў настаўніках, а ў выхаванні дзяцей бацькамі. Але чамусьці бацькі зусім не хвалююцца аб будучыні сваіх дзяцей, як гучна не было гэта сказана, але гэта сапраўды так. У 14-15 гадоў дзеці пачынаюць піць, курыць, з’яўляюцца своеасаблівыя кампаніі, тусоўкі, дыскатэкі. Хочацца сказаць наконт дыскатэк у сельскім клубе. Там заўсёды ёсць дзяжурныя настаўнікі, але там павінны знаходзіцца і дзяжурныя бацькі, але чамусьці свой абавязак яны не выконваюць, ды і не ў тым справа. Бацькоў зусім не хвалюе, чым у гэты час займаецца яго дзіця, як яно сябе адчувае. Іх не хвалюе, што ўжо за 23.00, а яно не прыйшло дамоў. За гэта хвалююцца іншыя – настаўнікі. У вёсках, можа вам не вядома, а нават за тых вучняў, якія, напрыклад, паступілі і вучацца ў раённым ліцэі, адказвае дырэктар вясковай школы.

Хто зараз ідзе вучыцца на настаўніка? Толькі той, каму гэта прафесія падабаецца і каму не страшны малы заробак, і той, у каго проста хапае балаў, каб паступіць у ПТУ і называцца студэнтам. Пройдзе час, і ўсе добрыя настаўнікі ўжо пакінуць школу маладым спецыялістам, якія сёння на ЦТ набіраюць па 15-20 балаў і якія будуць вучыць сваіх дзяцей , якіх у свой чарод у будучыні будуць чакаць 5-7 балаў на ЦТ, калі тое захаваецца. Разумныя вучні ішлі б працаваць настаўнікамі, каб толькі была прыстойная зарплата і спакойна давалі ім рабіць сваю працу.

Вера С.”

“Кіраўніцтва адказвае на пытанні, не адказваючы!”

Нашыя абодва артыкулы былі перадрукаваныя самым папулярным беларускім сайтам TUT.BY, дзе таксама здабылі шмат водгукаў. Прыводзім некаторыя з іх, самыя характэрныя.

ximoza

Вось чытаю і дзіўлюся: высокае кіраўніцтва адказвае на пытанні, не адказваючы! Адчуванне, што на розных планетах! Сын займаўся гандболам у зале, якая не ацяплялася, я тэлефанавала на “прамую лінію”: “КАЛІ будуць нармалёвыя ўмовы, няхай у іншую залу перавядуць!..” А мне: “Ну разумееце…” Я не разумею і зноўку :”КАЛІ?!” Пасля чацвертага “калі” абласны бос стаў араць у слухаўку, толькі што не лаянкай.

icefall

Сітуацыя з адукацыяй (па меншай меры школьнай, але не думаю, што і  ВНУ нашмат лепей) такая, што самы час збіраць дэманстрацыю на праспекце з лозунгам “Уратуйце нашых дзяцей ад крэтынізму!” Самае страшэннае, што паралельна з нізкім узроўнем ведаў, дзеці атрымліваюць СКРАЙНЕ нізкі ўзровень агульнай культуры…

gelva

Проста забіцца венікам! У нас спісвалі на іспытах паменей, але ў асноўным УСЁ праўда. І калі менш за 20 балаў на тэсце – гэта нармалёва… Даруйце, а навошта тады ўвогуле адукацыя?..

Varjat

А памятаеце, мы яшчэ пару год назад смяяліся разам з Задорнавым, з таго, якія “ну ту-упыя” амерыканцы? Цяпер вось і мы іх даганяем паціху.
А праблема шматбаковая... І тое, што "корачка" у нас трэба нават ахоўніку (хаця працэнтаў 60 працы, дзе цяпер сядзяць з вышэйшай адукацыяй запраста выконваецца і з базавац адукацыяй), і што заробак у настаўнікаў малы, а праца цяжкая (і не столькі з-за дзяцей, колькі з-за ідэалагічнай і бюракратычнай трызны, не удзельнічаць у каторай не магчыма), і з-за нецікавасьці саміх дзяцей у атрыманьні ведаў (як паказаў артыкул - можна зусім нічога не рабіць, а пасля проста падаць дакументы у педунівер і паступіць. Навошта вучыцца?)
Патрэбна абсталёўваць школы, павялічыць у разы 3-4 заробак настаўніку - гэта верне кваліфікаваныя кадры ў школу, павялічыць конкурс у педагагічныя установы. Рэйтынгі калі і выстаўляць - то па выніках гарадскіх/раённых/абласных спаборніцтваў і алімпіяд.

kot.i.k
Усміхнула – кажуць, што працуючы на ДЗВЕ стаўкі, маючы вышэйшую катэгорыю і стаж 23 гады зарабляе 770 тысяч. А ў адказ – сярэдні заробак 885 тысяч!.. Гэта ж на колькі ставак працуюць астатнія?! З такім заробкам хутка ў педуніверсітэты будуць як у войска прызываць.

uoldo

Вы не разумееце, складзіце з заробкам настаўнікаў заробкі чыноўнікаў РАНА, АблАНА і міністэрства адукацыі, якія пачынаюцца ад мільёна. У сярэднім 885 тысяч і выйдзе.

vetka2

Пакуль не з’явілася тэставанне, школьная буфанада не была заўважная, нарабілі прыпісак – і на паперы ўсё добра, усе малайцы. А ЦТ вывела ўсіх на чыстую ваду – як вядзецца праца ў школах насамрэч.

Mvw

Да нядаўняга часу сам працаваў у школе, ды і мама мая настаўніца. Усё вышэй сказанае пацвярджаю. Нягледзячы на тое, што ў маёй школе бюракратыі было значна менш (школа адна з элітных, ды і адміністрацыя шанавала настаўнікаў як магла), герой артыкулу ўсё правільна расказаў. Сапраўды, бяда не ў тэставанні, а ў нашай адукацыі, за што дзякуй Радзькову.

ximoza

У артыкуле – уся нашая “праца з дакументацыяй” і децьмі – проста адзін у адзін! Працую шараговым настаўнікам, кожнае слова – святая праўда!

lucksha

Маці ў школе працавала. Даводзілася ўсёй сям’ёй дапамагаць ёй з дакументацыяй. То адну справаздачу друкавалі, то другую, то трэцюю… Нарэшце ўсім надакучыла, запатрабавалі, каб яна пайшла на пенсію.

repetitor_mf

Аднойчы да нас у гімназію прыйшла праверка – для акрэдытацыі гімназіі. Паўгады школу трэсла. Але больш за ўсё мяне ўразіў апафеоз маразма: няправільна падпісваем сшыткі. У інструкцыі сказана: 5"A" клас, а мы пішам 5 ,,А". На нашыя заўвагі, што двукоссе ў рускай мове пішацца менавіта так, нам запярэчылі: “А хто сказаў, што гэта двукоссе!? Гэта проста сімвал такі…” Вось тут я ўжо не ведаў, што сказаць.

d_ner

Калі мая дачка прыйшла працаваць у школу, я зразумеў, якую агромную памылку зрабіў, што дазволіў ёй паступаць у пед! Мала таго, што куча ўсялякіх канцтавараў перакачавала з маёй працы на ейную, мала таго, што мы ўсёй сям’ёй цыгалі і рамантавалі парты, марнавалі грошы на аплату “Настаўніцкай газеты”, якую выкідалі, не заносячы ў хату… дык яшчэ і былі вымушаныя штовечар слухаць пра тое вар’яцтва, якое адбываецца ў школе! Бясконцыя справаздачы, нейкія паходы на футбол-хакей. А колькі разоў яна прыходзіла дадому ў слязах праз незаслужаныя крыўды! У мяне адчуванне, што я проста губляю дачку. Пара ўжыць бацькоўскую ўладу – і выйягнуць яе з гэтага балота!

dn13

Вельмі добры артыкул, вельмі. Даўно не чытаў, каб было па-сутнасці, а не вада ўсялякая. Праўду можна не заўважаць, але праціць за “заплюшчаныя вочы” давядзецца па самым высокім кошце.

Тэгі: