it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 03

Чаму вучань атрымлівае на іспыце ў школе 8-9 балаў з 10, а праз тыдзень на тэсце — 12-15 балаў са 100?..

(працяг. пачатак ТУТ )

КАМЕНТАР МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ

Залішняя пісаніна настаўнікаў — гэта перастрахоўка на месцах

Каб атрымаць кампетэнтны каментар Міністэрства адукацыі, мы яшчэ да публікацыі пераслалі туды змешчаныя тут каментары настаўнікаў, дацэнта, вучня... Пасля гэтага на пытанні "Звязды" адказала Валянціна МАЕЎСКАЯ, намесніца начальніка Упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі.

— Валянціна Леанідаўна, многія нашы эксперты кажуць, што выпускныя іспыты ў цяперашняй форме варта ўвогуле адмяніць...

— Школьныя іспыты патрэбныя нашай сучаснай школе, бо яны выхоўваюць пачуццё адказнасці, што вельмі важна ў педагагічным разуменні. І калі яны нават патрабуюць намаганняў, марнавання сілы і энергіі, хвалявання, у гэтым неабходна бачыць і цудоўную падрыхтоўку да жыцця. Бо жыццё ж не будзе ўсланае ружамі, будуць розныя цяжкасці. Сёння выпускнікі школы здаюць 3 выпускныя іспыты, у 2012-13 гадах мы плануем увесці чацвёрты абавязковы іспыт па замежнай мове — цяпер ідзе падрыхтоўка. Нашы іспыты маюць іншую мэту, чым цэнтралізаванае тэставанне — праверыць, як дасягнутая адукацыйная мэта. Калі казаць пра фізіку, аб якой вядзецца гаворка ў вашым папярэднім матэрыяле, то з 6-га па 11-ы клас у нас цяпер ідзе 385 навучальных гадзін, 41 навучальная гадзіна — на правядзенне франтальных і лабараторных работ. Гэта 10,6 % часу.

— Валянціна Леанідаўна, вы гаворыце зараз у ідэале — так, як яно павінна быць. А мы гаворым пра тое, як ёсць. Я таксама вучыўся ў школе, і ведаю, якое там было абсталяванне па фізіцы — ніякага. У настаўніка на парце стаяў адзін апарат, на якім ён нешта рабіў і дыктаваў нам, што запісваць у сшыткі. Пра школьны іспыт вы таксама кажаце ў ідэале. Калі б ён сапраўды праходзіў так, усё было б лагічна. Але мы гаворым пра тое, што сёння гэта буфанада — усе спісваюць, і ўсе пра гэта ведаюць.

— Я не магу падтрымаць вас у гэтых развагах, бо школьны іспыт — гэта адказна. У большасці школ да выпускных іспытаў рыхтуюцца сур'ёзна — педагогі, вучні. Бо такі іспыт — гэта выпрабаванне не толькі для вучня, але і для настаўніка. Так, на сёння матэрыяльна-тэхнічная база навучання ў нас недастаткова добрая, патрабуе паляпшэння. Але мы працуем над гэтым. Напрыклад, распрацаваны пералік мінімальнага неабходнага абсталявання. Падключыліся да вытворчасці беларускія прадпрыемствы. За мінулы год выдаткавана 60,8 мільярда рублёў, сёлета — 70 мільярдаў рублёў, у 2011-м плануецца выдаткаваць 81 мільярд рублёў.

— Але ж вы бачылі прыклад у нашым артыкуле, калі настаўнік фізікі кажа, на што пайшлі 80 мільёнаў рублёў — на непатрэбнае, бессэнсоўнае абсталяванне.

— Не магу пракаментаваць прыклад абстрактнага настаўніка, бо ў нас канкрэтны пералік неабходнага абсталявання па кожным прадмеце — зацверджаны. І кіраўнік школы мае гэты пералік. Трэба разбірацца, чаму туды было закупленае неадпаведнае абсталяванне. Дарэчы, сітуацыя, калі спасылаюцца на абстрактных, а не канкрэтных настаўнікаў, бацькоў, вучняў, выклікае зразумелае пачуццё недаверу.

— Валянціна Леанідаўна, першую частку нашага артыкула — гутарку з рэпетытарам Яўгенам Лівянтам — шырока перадрукавалі ў інтэрнэце. І ніводнага каментара, што там нешта непраўдзіва. Пра якую тады большасць школ вы гаворыце?

— Пра большасць школ, якую мы правяраем. У нас Дэпартамент кантролю якасці ведаў штогод правярае хаду выпускных іспытаў. І на сёння я маю даведку па выкананні вынікаў кантролю. І нідзе там не прагучала, што былі парушэнні па форме правядзення іспытаў. Не было такіх парушэнняў. А казаць — спісваюць, ці не спісваюць... У нас на іспыце сядзіць камісія 4 чалавекі ў 11-м класе, тры чалавекі — у базавай школе. І калі гэта сумленныя педагогі — дзеці не спішуць.

— Але ж усе члены камісіі зацікаўленыя, каб вынікі былі высокія! Нашто ім дрэнныя паказчыкі?

— У нас цяпер ніхто не аналізуе паказчыкі. Пры вызначэнні рэйтынга школы не выстаўляецца ўзровень паспяховасці, цяпер мы гаворым пра "ўзровень навучанасці вучняў". А ён вызначаецца праз узнагароджанні залатым і срэбным медалямі. А ў нас гэта вынікі стабільныя — сёлета 2526, летась 2700 выпускнікоў. Якасць адукацыі ў нас не падае, сведчанне гэтага — перамогі на міжнародных алімпіядах. У гэтым годзе мы прывезлі "золата" па фізіцы з міжнароднай алімпіяды, дзе бралі ўдзел 82 краіны, 364 удзельнікі...

— Карацей, да гаворкі пра выпускныя іспыты — вы сцвярджаеце, што ўсё ў парадку, што ўсё праводзіцца па поўнай сур'ёзнасці?

— Я сама брала ўдзел у выпускных іспытах, нават як старшыня камісіі. І лічу, што пры сумленным настаўніку, які клапоціцца пра свой прэстыж, спісвання не будзе. У нас няма сёння прыкладаў, каб звольнілі ці пакаралі настаўніка за нізкія вынікі вучняў. Вынік вучня — гэта шматскладная рэч. Трэба ведаць яго псіхалагічныя асаблівасці. Можа, для яго "шэсць" — як для іншага "дзесяць"?

— Добра, іспыты закліканыя падсумаваць, чаму навучылі ў школе па канкрэтным прадмеце. А як жа цэнтралізаванае тэставанне, якое таксама правярае, чаму навучылі ў школе? Чаму там такія нізкія вынікі?

— Яно паказвае рэйтынг вучня ў параўнанні з іншымі, хто здаваў тэст.

— Вы бачылі вынікі цэнтралізаванага тэставання гэтага года. Па мовах — больш за 40 % вучняў зарабілі менш за 20 балаў. Па фізіцы — 73 %, па матэматыцы — 62,5 %. Менш за 20 балаў — гэта можна пальцам патыкаць і ўгадаць. Вы, як супрацоўнік Міністэрства адукацыі, будзеце сцвярджаць, што гэта добрыя вынікі?

— Тут нельга казаць у абсалюце. Сістэма падліку такая, што калі на адно і тое пытанне адказала вялікая колькасць людзей — бал будзе ніжэйшы.

— Але ж не 15-20!

— Гэта таксама вынік. Такія балы маглі атрымаць тыя, хто скончыў школу раней і не мае цвёрдых ведаў. А можа, прыйшоў "пагуляць" у іспыт. Да таго ж, трэба глядзець, якая сістэма падліка балаў...

— Вы думаеце, там нешта намахлявалі?

— Не. Проста такая сістэма падліку, што гэта — не нізкі ўзровень, гэта нармальны ўзровень.

— Вы праўда так лічыце?

— Так.

— Валянціна Леанідаўна, яшчэ адзін аспект, які мы закранаем, — нізкі заробак настаўнікаў. Прыклад ёсць у нас у артыкуле, калі настаўніца вышэйшай катэгорыі, якая мае 23 гады стажу, атрымлівае на рукі, перавыконваючы план, 773 тысячы...

— Паводле звестак дзяржаўнай статыстыкі, сярэдні заробак настаўнікаў за першае паўгоддзе 2010 года складае 885 тысяч рублёў. Мы ўжо два гады даплачваем маладым спецыялістам...

— Колькі?

— Да 100 тысяч штомесяц.

— Гэта значыць, 33 долары.

— Але ж і яны з неба не падаюць. За катэгорыю ідзе даплата, прэміяльны фонд існуе... А ў вёсцы адразу 20 % ідзе даплата.

— Яшчэ надзённае пытанне — каго ў нас бяруць у педуніверсітэты. Маючы крайне нізкія вынікі (120-150 балаў з 400), людзі будуць працаваць настаўнікамі...

— Гэта праблема, мы працуем над гэтым. Але перш чым стаць настаўнікамі, яны будуць 5 гадоў вучыцца. І калі чалавек паступіў, ён можа самаўдасканаліцца, працаваць над сабой. А калі не будзе добра вучыцца — будзе адлічаны, не здасць сесію.

— Вы не лічыце, што трэба абмежаваць прахадныя балы для будучых настаўнікаў, каб невукі не ішлі туды?

— Гэта павінны вырашаць прыёмныя камісіі ВНУ — каго ім вучыць.

— Валянціна Леанідаўна, на сёлетніх выпускніках выпрабавалі 4 рэформы адукацыі. Колькі яшчэ рэформаў наперадзе?

— У нас зацверджаны тыпавы вучэбны план, які не будзе змяняцца гадоў 5-7. У нас прайшлі апрабацыю ўсе навучальныя праграмы...

— Усе настаўнікі, з якімі давялося гутарыць, кажуць, што іх проста завальваюць дурной бюракратычнай пісанінай...

— Міністэрства адукацыі наадварот вядзе працу па выключэнні залішняга прадукавання паперы ў працы настаўніка. Прыклады кшталту "працоўная акцыя — прыборка кабінета" — гэта перагібы на мясцовым узроўні. Перастараліся. Мы праводзілі аналіз: з 20 справаздачаў, якія патрабуюць з навучальнай установы, толькі 2 — Міністэрства адукацыі. Астатнія — на мясцовым узроўні, перастрахоўваюцца. Мы шмат пра гэта гаворым: настаўнік павінен займацца непасрэдна навучаннем дзяцей. Нам не трэба ўсе гэтыя справаздачы, якія яны пішуць. Неабходна толькі, каб гэта пачулі ўсе кіраўнікі на месцах.

ЗВАНОК У ПЕДУНІВЕРСІТЭТ

"Сёлета ў нас недабор на фізіку і матэматыку..."

Чаму будучым настаўнікам можна зрабіцца, здаўшы тэсты на 20-30 балаў? Пра гэта мы запыталіся ў Сяргея ВАСІЛЬЦА, адказнага сакратара прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— Сяргей Іванавіч, у параўнанні з мінулым годам, якая агульная карціна: ці зменшыўся прахадны бал?

— Відавочна, зменшыўся на спецыяльнасці "матэматыка", "фізіка". Крышку меншы і на іншых, у параўнанні з мінулым годам.

— А матэматыка і фізіка — лічбы ёсць ужо нейкія?

— Лічбаў няма і не будзе, бо мы атрымалі менш заяў, чым у нас маецца бюджэтных месцаў. Конкурсу няма, адсутнічае. Мы так і будзем пісаць у выніках.

— Атрымліваецца, што ўсе, хто да вас прыйшлі — усе паступяць?

— Усе паступяць.

— Сяргей Іванавіч, але нават летась прахадныя балы больш чым здзіўлялі сваёй нізкасцю. Напрыклад, "фізіка" — 154 балы. Атрымліваецца, калі ў вучня атэстат 7 балаў, то яму дастаткова здаць кожны з трох тэстаў прыкладна на 28 балаў... А пасля гэтыя людзі будуць настаўнікамі...

— Вы ўсё правільна кажаце. Але ж гэтым людзям яшчэ трэба вучыцца 5 гадоў ва ўніверсітэце. На жаль, па гэтых спецыяльнасцях у нас адлічваецца да 30 % студэнтаў. Па фізфаку першакурснікаў адлічылі чалавек трыццаць. Зможа вучыцца — дык зможа, не — дык не. Слабыя студэнты наўрад ці змогуць 5 гадоў вывучаць дакладныя навукі. Жыццё прымусіць забраць дакументы з ВНУ — што мы і назіраем.

— Але для будучых настаўнікаў прахадны бал 160 з 400 — гэта недапушчальна мала! Чаму так адбываецца?

— Я не аналітык, а адказны сакратар прыёмнай камісіі... Складанае пытанне — чаму прафесія настаўніка не такая папулярная, як прафесія юрыста, праграміста...

— Напэўна, таму, што грошай менш плацяць?..

— Напэўна, і таму. Хоць гэта не поўны адказ, бо ў нас на факультэт дашкольнай адукацыі, дзе ў будучыні заробак таксама будзе невысокі, ёсць конкурс!

ЗВАНОК ШКОЛЬНЫМ НАСТАЎНІКАМ

Аляксей Сяргеевіч ВАСІЛЕЎСКІ, мінскі настаўнік фізікі, стаж 13 гадоў:

"Калі выкладчык ставіць нізкую адзнаку — ён нажывае сабе праблемы"

— Спадар Аляксей, нашы эксперты гавораць, што школьныя іспыты — гэта буфанада, тэатр. Абвергніце іх, калі можаце.

— На вялікі жаль, не абвергну. Абсалютна ўсе іспыты ў школе 100 % спісваюцца. Адбываецца ўсё гэта з маўклівай згоды. Ніхто адназначна не кажа: будзеце спісваць. Але намякаецца, што "дзеці, не хвалюйцеся, усё будзе добра". Прычым спісванне фільтруецца, каб вучань не спісаў больш, чым трэба. Але бываюць казусы. Калі я працаваў у іншай школе, на пераказе адзін вучань, у якога была шасцёрка, спісаў адзін у адзін. І настаўніку нічога не заставалася, як паставіць 9 ці 10! Цяпер лічыцца, што прыйсці на іспыт "без нічога" — проста з ручкай — гэта недарэчна. Калі іспыты праводзіць па правілах, ніхто вузкія прадметы кшталту матэматыкі ці фізікі не здасць. Увогуле, калі выкладчык ставіць нізкую адзнаку — ён нажывае сабе праблемы. Пачынаюцца закіды, што ён дрэнна працуе з вучнямі, што не праводзіць дадатковыя заняткі. У гэтым годзе я ўпершыню паставіў дзве "двойкі" за год, хаця ўсяляк папярэджваў вучняў, што так будзе, заклікаў іх вучыцца. Вучні казалі мне ў твар: "Нікуды не падзенецеся, паставіце "тры"!

— А як вы лічыце, чаму ў вучняў няма шанавання ведаў? Няўжо яны не разумеюць, што ў дурных менш магчымасцяў, чым у разумных?

— Вельмі шмат ідзе ад бацькоў. Што сям'я заклала, тое і будзе. За ўвесь час працы да мяне толькі адна мама прыйшла спытаць, як справы ў яе дзяцей на ўроках. І тое — гэта была мама добрых вучняў, якая цікавілася, як яшчэ палепшыць іх вынікі. Проста так да мяне ніколі ніхто з бацькоў не прыходзіў. Прыходзілі, калі было ўжо позна, на разборкі: чаго ты "два" паставіў!? А што дзіця падручнік не адкрывала — яны даведваюцца ад мяне, дома ніякага кантролю няма. І на бацькоўскія сходы ходзяць толькі тыя бацькі, у чыіх дзяцей усё добра.

— Ці праўда, што ў школах няма абсталявання для правядзення доследаў і лабараторных прац?

— Мінулая школа, дзе я працаваў, была толькі збудаваная — яе ўкамплектавалі па поўнай праграме. На мне, як загадчыку кабінета фізікі, значылася абсталявання на 80 мільёнаў рублёў, па тых коштах гэта 40 тысяч долараў! Пры гэтым большую частку абсталявання можна было адразу выкідаць, бо яна была закупленая бяздумна. Закупілі абсталяванне для лабараторных прац, якія выконваюцца ў тэхнікуме, а не ў школе! Такіх набораў у мяне было па 80 штук. Сапраўды вартых прыбораў было вельмі мала. Усе яны былі расійскай вытворчасці, і прыстасаваныя пад расійскую праграму. У нас гэтага няма ў праграме! У школе, дзе я працую цяпер, практычна нічога няма. Паказваю доследы з лінейкай і ніткай.

— Да чаго мы прыйдзем далей такім чынам?

— Да таго, што дзеці будуць рабіць выгляд, што яны вучацца, настаўнікі — рабіць выгляд, што яны вядуць урокі.

Наталля Уладзіміраўна,
настаўніца матэматыкі вышэйшай катэгорыі, стаж 23 гады:

"Вучню з "медальнай" работай кажаш: прыйдзеш а шостай гадзіне, усё перапішам..."

— Наталля Уладзіміраўна, у чым заключаецца школьны іспыт?

— У тым, што перад іспытам вучань купляе ўсе гатовыя рашэнні — нават у электронным варыянце, раздрукоўвае колькі камплектаў шпаргалак. Калі на іспыце сядзіць 47 чалавек, як у мяне вось цяпер было, то недзе можна проста не заўважыць, а дзесьці зрабіць выгляд, што не заўважылі. У кожнай школе цяпер ёсць такое паняцце, як рэйтынг навучальнай установы. І калі працэнт высокіх адзнак па нейкім прадмеце нізкі, то цябе зацкуюць праверкамі, будуць пясочыць на педнарадах... У нас ёсць адзін выкладчык біялогіі, які стабільна рыхтуе пераможцаў алімпіяд. І слабым вучням ён ставіць заслужана нізкія ацэнкі. Але і яго "тыцкаюць" на педнарадах. Выкладчыкі ўжо даўно задаюцца пытаннем: каму гэта трэба? У свой час я знарок вызваліла сваю дачку ад іспытаў, зрабіўшы медычную даведку. Каб яна не марнавала час і нервы, а рыхтавалася па трох патрэбных прадметах.

— Наш эксперт-рэпетытар заявіў, што ўсе "медальныя" працы перапісваюцца ледзьве не ўсёй школай...

— Гэта чыстая праўда! Каб да гэтай работы ніхто не дачапіўся, настаўнікі сядзяць і вычытваюць яе. Калі ёсць нейкія "шурпатасці" — гаворыш вучню: прыйдзеш а шостай гадзіне — і мы работу перапішам.

— Вучні спісвалі заўсёды. Чаму гэтая праблема актуалізавалася сёння?

— Бо пайшлі скаргі бацькоў: як гэта маё дзіця ў школе атрымлівала 9 і 10, а прыйшло на ЦТ — і атрымала 7? А так і ёсць: у нас на іспыце ў школе вучань атрымаў 8, а на тэсце — 27 балаў! Калі шчыра, настаўнікі самі стаміліся ад гэтых нікому не патрэбных іспытаў...

— Праблема, якую мы абмяркоўваем — каго сёння бяруць у педінстытут...

— Мне нядаўна патэлефанаваў мой былы вучань. Усміхаецца: "Наталля Уладзіміраўна, хутка будзем калегамі". Ён паступіў у педуніверсітэт, на маю ж спецыяльнасць. Ведаеце, колькі яму хапіла? 142 балы з 400! Хто будзе вучыць маіх унукаў?! Добрыя выкладчыкі сыходзяць у іншую сферу, а дзіркі затыкаюцца выпускнікамі, якіх размяркоўваюць на два гады. Адпрацавалі два гады — на іх месца размеркавалі новых. Таму і бяруць усіх запар, каб было каго ў школы накіроўваць.

— Колькі атрымліваеце вы, мінскі настаўнік вышэйшай катэгорыі, са стажам 23 гады?

— Аклад 418 тысяч 218 рублёў. А стаўка 305 тысяч. Каб неяк жыць, я маю не 18 гадзін на тыдзень, як па норме, а 36. У выніку на рукі, з усімі прэміямі і дабаўкамі, атрымліваю 773 тысячы 750 рублёў. Гэта 257 долараў. Таму 24 жніўня — мой апошні дзень працы ў школе, я сыходжу ў рэпетытары.

ЗВАНОК ВЫКЛАДЧЫКУ ЎНІВЕРСІТЭТА

Спадар Аркадзь*, выкладчык фізікі, дацэнт БНТУ, раней працаваў у школе:

"Студэнтка спыталася ў мяне: "А чаму, калі мы згінаем электрычны дрот, ток працягвае ісці?"

— Большасць студэнтаў — добрыя хлопцы і дзяўчаты. Дзесьці яны недавучаныя ў школе, але яны хочуць вучыцца. Хоць у пачатку навучальнага года я некалькі лекцый расказваю ім тое, чаму іх павінны былі вучыць у школе. Ніхто са студэнтаў не можа знайсці час падзення цела з пэўнай вышыні — хоць гэта элементарныя школьныя веды, трэба проста падставіць лічбы ў формулу!

— Вы працавалі ў школе, вам даводзілася прымаць выпускныя іспыты? Як яны праходзяць?

— Прывяду вам просты факт. Любому класу ў любой школе кажуць набыць аднолькавыя ручкі перад іспытам. Якія трэба не толькі мець самім, але і аддаць тым настаўнікам, якія будуць правяраць працы. Працягваць? Па вусных іспытах — усе загадзя ведаюць, дзе ляжыць які білет. І я чуў скаргі на "настаўнікаў-садыстаў", якія іх прымушаюць вучыць не адзін білет, а цэлых пяць! У ВНУ "праблема" ў тым, што нават калі іспыт пісьмовы — трэба выходзіць і вусна тлумачыць свой адказ. І вось тут, дзе нельга спісаць, вучань як вады ў рот набірае... Праблема школьных выкладчыкаў, а таксама рэпетытараў: мы не вучым дзяцей фізіцы і матэматыцы. Мы вучым іх рашаць канкрэтныя задачы на тэсце. І вучні развучваюцца думаць, аналізаваць. Ад студэнткі політэха, якая добра здала тэсты і добра вучылася, я аднойчы пачуў шчырае здзіўленне: "А чаму, калі мы згінаем электрычны дрот, ток працягвае ісці, а не ўпіраецца ў месца сугіну?"

— Дае знак адсутнасць практыкі на занятках?

— Калі мы вучыліся, у нас было па 30-40 эксперыментаў за год. Цяпер у старэйшых класах — 7-8 эксперыментаў.

ЗВАНОК ВЫПУСКНІКУ ШКОЛЫ

"У школе вучань ці спіша, ці яму "намалююць" адзнаку"

А што думаюць вучні? Вінаватыя яны, настаўнікі ці ўся сістэма адукацыі? Пра гэта мы спыталіся ў шараговага выпускніка мінскай школы Валерыя, які ўжо паспеў сёлета паступіць ва ўніверсітэт, здаўшы фізіку на 30 балаў, а матэматыку на 46 (у школе атрымаў 8).

— Валерый, ці праўда, што на выпускным іспыце ў школе можна спісаць усім, хто хоча?

— Так — хто захоча, той спіша. Спачатку робяць гэта цішком, спісваюць са шпаргалкі. У некага заўважаць, у некага не заўважаць. Нават у каго заўважылі — не забіралі, не выганялі нікога.

— Колькі вы атрымалі на школьным іспыце па матэматыцы?

— 8.

— Спісвалі?

— Асабіста я не спісваў, бо сур'ёзна рыхтаваўся, хадзіў нават да рэпетытара.

— А па тэсце колькі атрымалі?

— 46.

— А чаму такая розніца?

— Быў не самы лёгкі тэст, дастаткова цяжкія задачы. І школьны іспыт пісалі па кніжцы, якая ва ўсіх была, якую рашалі нават на ўроках. Таму школьны іспыт было проста напісаць. Да таго ж, у школе былі заданні толькі за апошні год, а ў тэставанні за ўсю школьную праграму.

— Увогуле, калі для паступлення трэба бал атэстата і вынікі тэставання, навошта школьны іспыт?

— Каб навучэнец для адміністрацыі пацвердзіў школьную адзнаку — якую яму ўсё адно альбо "намалююць", альбо ён спіша.

— А вы ўжо некуды паступілі?

— Так, у РТІ (БДУІР). Сярэдні бал атэстата меў 77. Здаваў беларускую мову (49 балаў), матэматыку (46) і фізіку (30 балаў). Пашанцавала, што ў гэтым годзе вельмі нізкія агульныя балы за тэставанне.

— Як вы лічыце, проста пасля школы, без дапамогі рэпетытараў, магчыма паступіць?

— Калі вучань будзе старацца — магчыма. І калі настаўнік будзе не проста школьную праграму даваць, але праводзіць дадатковыя заняткі, факультатывы, не толькі па падручніках. У нас вось адзін хлопец не хадзіў да рэпетытара — і паступіў на бюджэт.

— Як вы лічыце, ці добрая і аб'ектыўная сістэма цэнтралізаванага тэставання?

— Я лічу, што аб'ектыўная. Бо ўсе атрымліваюць аднолькавыя заданні, ва ўсіх аднолькавы час. Там сочаць, каб не спісвалі — калі што, адразу выганяюць.

ДЛЯ РОЗДУМУ

Афіцыйныя вынікі цэнтралізаванага тэставання-2010 па некаторых прадметах.

Беларуская мова:

90 і вышэй балаў — 336 чалавек (0,51%),

80 і вышэй — 1 608 чалавек (2,43%),

20 і ніжэй — 22 089 чалавек (33,39%),

10 і ніжэй — 5 176 чалавек (7,82%).

Руская мова:

90 і вышэй балаў — 820 чалавек (0,79%),

80 і вышэй — 2 899 чалавек (2,79%),

20 і ніжэй — 37 424 чалавекі (36,01%),

10 і ніжэй — 9 446 чалавек (9,09%).

Гісторыя Беларусі:

90 і вышэй балаў — 153 чалавекі (0,62%),

80 і вышэй — 538 чалавек (2,20%),

20 і ніжэй — 3 381 чалавек (13,79%),

10 і ніжэй — 122 чалавекі (0,5%).

Матэматыка:

90 і вышэй балаў — 243 чалавекі (0,21%),

80 і вышэй — 1 148 чалавек (0,99%),

20 і ніжэй — 72 148 чалавек (62,45%),

10 і ніжэй — 26 705 чалавек (23,12%).

Сусветная гісторыя найноўшага часу:

90 і вышэй балаў — 8 чалавек (0,38%),

80 і вышэй — 56 чалавек (2,68%),

20 і ніжэй — 349 чалавек (16,7%),

10 і ніжэй — 17 чалавек (0,81%).

Фізіка:

90 і вышэй балаў — 56 чалавек (0,11%),

80 і вышэй — 224 чалавекі (0,44%),

20 і ніжэй — 37 282 чалавекі (72,96%),

10 і ніжэй — 13 033 чалавекі (25,51%).

Хімія:

90 і вышэй балаў — 55 чалавек (0,32%),

80 і вышэй — 281 чалавек (1,61%),

20 і ніжэй — 4 511 чалавек 25,88%),

10 і ніжэй — 235 чалавек (1,35%).

ПРАХАДНЫЯ БАЛЫ Ў ПЕДУНІВЕРСІТЭТ

Звесткі па мінскім педуніверсітэце імя Максіма Танка за 2009 год. Колькасць балаў, дастатковых для таго, каб быць будучым настаўнікам — з 400 магчымых.

"Фізіка. Матэматыка": сельскія вучні 163, гарадскія 165, платнікі 128.

"Фізіка. Тэхнічная творчасць": 154/157/87.

"Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура": 195/238/122.

"Гісторыя. Замежная мова": 173/173/128.

"Англійская мова. Беларуская мова і літаратура": 252/268/162.

Тэгі: