it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 23

Унікальная біма (узвышэньне ў цэнтры для чытаньня Скрутка Торы) у Быхаўскай сінагозе, 1620-я гады

Быхаў — фарпост Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе. У гэтым мястэчку на Магілёўшчыне агулам захавалася не так шмат помнікаў архітэктуры. Тут яны бяруць турыстаў не колькасцю, а якасцю. Унікальная абарончая сінагога 1620-х гадоў і не менш унікальны замак Сапегаў... Быў час, калі гэта былі дзве непрыступныя цытадэлі. Сёння помнікі спазналі век няслаўя: стаяць у руінах, занядбаныя і зняважаныя. Аднак ці ўсе іх таямніцы расцерушыліся ў лабірынтах стагоддзяў?

Пад сінагогай археолагі знайшлі таемны пакой

Такіх аб'ектаў, як быхаўская Галоўная сінагога, у Беларусі няшмат, можна пералічыць па пальцах. Асноўных, ярка выражаных абарончых храмаў у нас захавалася 4: касцёл у Камаях, царква ў Сынкавічах, царква ў Мураванцы і Быхаўская сінагога. Даследчыкі знаходзяць абарончыя рысы яшчэ ў некаторых храмах — гэта будзе тэмай нашай асобнай публікацыі.

Быхаўская сінагога, 1620-я гады

— Наша сінагога збудаваная ў 1620-х гадах, — распавядае дырэктар Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей ЖЫЖЫЯН. — Заўважце — гэта ці не адзіная сінагога абарончага тыпу, якая захавалася ў Беларусі! Да першай паловы ХХ стагоддзя яна была ў прыстойным стане. У 1941 годзе ў выніку выбуху быў пашкоджаны дах — з тае пары будынак знаходзіцца ў аварыйным стане...

На нашу просьбу Сяргей Піліпавіч з мясцовымі цеслярамі адкрыў сінагогу (яна надзейна забітая дошкамі, каб не лазілі і не смецілі людзі). А патрапіць у сярэдзіну дужа хацелася, бо тут захавалася ўнікальная біма. Біма — гэта ўзвышэнне ў цэнтры сінагогі, на якім стаяў стол для чытання Скрутка Торы. З бімы звычайна чыталася таксама казань равіна. Такіх бімаў — якія б добра захаваліся — мы налічым усяго некалькі па ўсёй Беларусі...

— Звярніце ўвагу, — паказвае на купал бімы спадар Сяргей, — там захаваліся тагачасныя фрэскі!..

Фрэскі на купале бімы

І гэта таксама суперэксклюзіў — такіх фрэсак, зноў жа, дзве-тры па ўсёй краіне!..

— Сінагога ўваходзіла ў сістэму быхаўскіх абарончых пабудоваў, — працягвае спадар дырэктар. — Быхаў быў даволі магутным горадам. У перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай горад быў памежны — моцны арэшак для ўсіх ворагаў! Вытрымаў навалы казакоў у сярэдзіне ХVІІ стагоддзя... У перыяд Паўночнай вайны рускія войскі не маглі ўзяць яго доўгі час — дапамагла толькі здрада...

Абарончае прызначэнне сінагогі лёгка ўгадваецца і сёння. Магутная вежа, форма прамавугольніка 20 на 21 метр, таўшчэзныя двухметровыя сцены, байніцы наверсе... У 1990-х гадах тут праходзілі раскопкі, якія выявілі патаемны пакой — нават цэлую залу — пад сінагогай. У цэнтры яе і цяпер захаваўся калодзеж.

— А яшчэ ў час тых раскопак знайшлі парэшткі аднаго з абаронцаў сінагогі. Чалавек з пісталетам у руцэ і люлькай у зубах, выглянуў, выскачыў, каб страляць па ворагах — і ў яго патрапіла ядро. Так — з пісталетам і люлькай — ён і праляжаў тут тры стагоддзі...

Быхаўская сінагога патрабуе неадкладнай увагі з боку ўладаў. Зразумела, што каб адрэстаўраваць яе, патрэбныя шалёныя грошы. Аднак, каб затуліць дзірку ў столі — якая ўсё шырыцца і шырыцца — напэўна, будзе дастаткова некалькі жэрдак ды пару рулонаў рубероіду? Тое самае — падмазаць вежу, дзе абвалілася тынкоўка і пачынае разбурацца цэгла. Упусціўшы момант, страцім унікальны помнік!

"Замак гіне, а мог бы быць цукерачкай для турыстаў..."

Быхаўскі замак першапачаткова меў драўляныя сцены, аднак у канцы ХVІ стагоддзя пачалося ўзвядзенне мураванага замка. У 1621 годзе Быхаў перайшоў да славутага Льва Сапегі, які і скончыў будаўніцтва замкавых умацаванняў. Таму і прынята замак лічыць замкам Сапегаў.

Плошча замка — уявіце сабе! — 77 на 100 метраў. Некалі ён быў аточаны равамі да 27 метраў глыбінёй (як дзевяціпавярховы дом!), а таксама земляным валам з бастыёнамі.

Сёння замак знаходзіцца ў пяць разоў горшым стане за сінагогу. І гэта прыкра, бо яшчэ 6 гадоў таму тут быў дах, вокны-дзверы, усе сцены былі цэлыя.

Пасьля пажару 2004 году замак імкліва гіне...

— Вы напэўна чулі гэтую гісторыю, — уздыхае спадар Сяргей. — Яшчэ за савецкім часам тут была мэблевая фабрыка, замак быў больш-менш дагледжаны. На пачатку 2000-х гадоў замак арандаваў прадпрымальнік па прозвішчы... Сапега! Распавядаў усім, што сваяк тых самых Сапегаў. Капаў тут нешта — мо скарбы шукаў ці што? Зрабіў у замку лесапілку. А пасля аднае ночы замак нечакана згарэў. Неўзабаве па тым пажары абрынулася яго правая частка... Цяпер, калі ён стаіць без даху, такая доля можа напаткаць і рэшту...

Рэшты абарончых вежаў імкліва разбураюцца. Самому замку актыўна дапамагаюць разбурацца мясцовыя жыхары: вырываюць са сценаў рэйкі, якімі быў умацаваны замак, відаць, за савецкім часам, і здаюць на металалом.

— Што казаць, калі мы сіламі аддзела культуры і мясцовага аддзела БРСМ месяц прыбіралі замак ад смецця, — уздыхае спадар Сяргей. — Як скончылі, дык нават у мясцовай газеце пужалі, што калі зловяць каго — вялікі штраф дадуць. І што вы думаеце? Па-ранейшаму: прыходзяць, п'юць, смецяць...

"Культурны слой" тут сапраўды ўнушальны. Быхаўчане шануюць гэтую гісторыка-культурную каштоўнасць, актыўна ёй цікавяцца, любяць бавіць тут час. Патрапіўшы ў замак, нескладана даведацца, якое піва п'юць мясцовыя жыхары і якімі чыпсамі заядаюць...

— Але людзям, якія любяць Быхаў, баліць душа за замак, — прызнаецца дырэктар музея. — Наш старшыня выканкама Мікалай Кароцін і навядзенне парадку тут ініцыяваў, і археолагаў з Магілёва запрашаў... Аднак каб рэстаўраваць замак, ці хоць бы закансерваваць, патрэбны шалёныя грошы... Гарадскому бюджэту гэта не падняць, а вобласць і рэспубліка на нас пакуль увагі не звяртаюць... Пры тым, што такіх аб'ектаў на Магілёўшчыне больш няма! Мы марым, каб замак жыў, каб тут быў музей горада, агратурыстычны цэнтр: гатэльчык, кавярня ў старадаўнім стылі, цэнтр рамёстваў... Упэўнены, з замка можна зрабіць цукерачку!..

Тут маглі б атрымацца добрыя пакойчыкі для турыстаў

Са спадзяваннямі, што сітуацыя пераменіцца, мы палезлі ў падзямелле замка. Падчас існавання мэблевай фабрыкі тут былі склады. На глыбіні некалькіх метраў пад зямлёй — тунэлі і пакоі, загадкавыя нішы і цэлыя залы... Гатовы аб'ект для турыстаў!..

Сяргей Жыжыян распавядае гісторыю, як немцы ўзарвалі мясцовую царкву. Я здзівіўся — бо фашысты, пры ўсёй сваёй жорсткасці, не чапалі храмаў. Большасць цэркваў і касцёлаў знішчылі ўжо пасля вайны ваяўнічыя атэісты

— Яно так, — пагаджаецца спадар Сяргей. — Але было так, што з таго берага Дняпра савецкая артылерыя прыцэльна біла па горадзе. І немцы зразумелі, што тут нехта сядзіць і наводзіць гэтыя ўдары. Таму і ўзарвалі царкву — як найвышэйшы будынак Быхава...

А яшчэ ў Быхаве ёсць будынак, дзе сядзеў Карнілаў. Сяргей Жыжыян згадвае гісторыю гэтай турмы.

— Ад пачатку гэта быў корпус кляштара кармелітаў. Пасля ўваходжання Быхава ў склад Расійскай імперыі тут зрабілі жаночую гімназію, пасля турму. А ў час рэвалюцыйных падзей 1917 года тут сядзелі Карнілаў, Дзянікін ды іншыя лідары "белага" руху...

...І Сяргей Жыжыян, і старшыня выканкама, і, упэўнены, многія іншыя жыхары Быхава — любяць свой горад. І вельмі хочуць, каб помнікі гісторыі і архітэктуры ажылі, славілі Быхаў па ўсёй краіне і за яе межамі. Аднак толькі жадання тут мала. І мясцовымі сіламі ніяк не справіцца.

Тэгі: , ,