it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 23

Тэкст: Яўген ВАЛОШЫН, "Звязда"

Калі сустракаюся з дасведчанымі асобамі, абавязкова пытаюся ў іх пра сэнс існавання, сакрэты поспеху і гэтак далей.

Разумны чалавек абавязкова задумваецца над такімі глабальнымі пытаннямі і ніколі не скажа: "Чуеш, не дуры галаву".

На гэтым тыдні рыхтаваў матэрыялы па гучных справах, звязаных са злоўжываннямі службовых асобаў. Праехаў каля 1500 км па Беларусі, нагледзеўся на чалавечыя беды, трагедыі, несправядлівасці. Вырашыў заехаць да сваёй бабулі Мані ў адну з вёсачак Рэчыцкага раёна, каб галава адпачыла.

Па біяграфіі маёй бабулі можна пісаць гісторыю Беларусі ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя. Яна прайшла і праз камуністычныя рэпрэсіі (бацька Міхаіл Лук'янавіч быў "сакратаром", і яго пасадзілі за тое, што "запісаў кулакоў у беднякі"), і праз палачкавую сістэму ў калгасах, незалежнасць Беларусі і гэтак далей.


Гадоў дзесяць таму ў бабулі здарыўся інфаркт. У той дзень яна павінна была вяртацца ад дзяцей са сталіцы ў вёску. Але рэйс "Мінск—Камарын" адмянілі, упершыню за 20 гадоў. На аўтавакзале бабулі стала дрэнна, яе завезлі ў рэанімацыю, зрабілі аперацыю. Ніхто і не думаў, што яна здолее так доўга пражыць пасля таго.

<І>"Чаму так здарылася?" — не раз задумваўся я. "Відаць, каб бабуля расказала мне пра сваё мудрае і простае бачанне сэнсу жыцця..."

Ядзім вясковую яечню з дранікамі, п'ём каркадэ і размаўляем, для чаго жывуць людзі.

Для чаго? — усклікае бабуля, нібыта гэта самае простае пытанне ў жыцці. — Вось для чаго. Радзі дзяцей жыла. Так і ўсе, пажалуй. А як не ўсе, так бальшанство. Хоць я цяпер і не гожая, урэмя ў мяне самае шчаслівае. Прыязджаюць дзеці, памагаюць, на зіму забіраюць. Радасна, што вы жывяце. А пакуль дзеці былі неўпараджаныя, што гэта было за жыццё. Кожны дзень хадзіла са смерцю побач. Памёр тата, праз тыдзень дачка, потым баба. Спраўлялі то похараны, то 40 дзён, то паўгода, то год. Дзень нараджэння ніколі не спраўляла, а толькі похараны.

Бабуля некалькі разоў шматзначна падкрэслівала, што самае галоўнае — "застацца з чыстай душою". А гэта, напрыклад, выканаць свой абавязак перад бацькамі — дагледзець старых. Хто пераступіць гэтае правіла — грэшнік.

— Таму што не сіляем мы, а дзеці далжны бацькоў глядзець, бо ў іх жа таксама дзеці ёсць, — будуе бабуля лагічны ланцужок. — Як павядзешся, так і набярэшся. Не, е ў нас сацработнікі, прыязджалі, пыталіся, каму трэба дапамога. Але на сабаку мне плаціць грошы, каб прыйшлі і насеклі мне дроў? Ці гатовых прывезлі. А мне потым трэба печ вытапіць. А я не сіляю. Лепш тыя грошы дзецям аддаць, і каб яны дзяціны доўг свой споўнілі.

А пенсію ў нас самі прывозяць. Пошта едзе — "пі-пі!", на табе грошы, і добра на лапу даюць.

К Перваму мая дадалі 50 тысяч, к дзевятаму — 100, на Дзень незавісімасці яшчэ 50. Як для мяне, дык і радасна.

Асцярожна пытаюся ў бабулі, ці будзе дзецям якое пакаранне за тое, што дрэнна даглядаюць бацькоў?

— У нас у вёсцы амаль няма такога, каб дзеці адмаўляліся ад старых. Але аднаго старога не забралі-такі, ён выйшаў на двор та й памёр, і снегам замяло. Добра, што хвортачку адчыніў, людзі ішлі і пабачылі — ногі са снегу тырчаць. Яшчэ адну дзеці не сільна хацелі бачыць. Перазімавала яна адну зіму, і на гэту, што была, засталася. Была ператруджаная. Дачка яе прыехала і кажа: "Няхай бы вы сабраліся, старыя, у адну хату і сацработніка нанялі". І што? Старая гэта ў сваёй собсцвеннай хаце ўпала ля пасцелі, паламала ў бядры нагу і ляжала на выцяжцы. Дык выходзіць, што не хацелі глядзець узімку — і на табе на лета ляжачую. Хочаш не хочаш, а трэба бацькоў дагледзець. А кара Божая не бывае тым маментам і ў тую мінуту. Але яна е.

Да бабулі Мані зайшла сястра Ліда. Якраз скончыліся навіны па беларускім тэлебачанні. Бабулі пачалі абмяркоўваць геапалітычную сітуацыю ў свеце і канфлікт з Расіяй...

А я сядзеў і думаў думу — як у мітусні жыцця часта забываюся пра родных. Бо вернасць і абавязак правяраюцца найперш у адносінах з блізкімі. Не маеш ладу ў сваёй сям'і — які ты на халеру абаронца для іншых?

У простых словах — глабальныя рэчы.

Тэгі: ,