it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jul 21

альбо Як я з-за няправільнай інструкцыі зламаў бензакасілку

На дзень народзінаў бацькі падаравалі мне трымер — бензінавую ручную касілку для газона. Я ўзрадаваўся — хоць і ўмею трохі трымаць у руках касу, але ж так зручней і цікавей, ды і больш сучасна.

Прыехаў я ў сваю сядзібу ў дачным кааператыве "Вітамін", выцягнуў з каробкі той трымер і пачаў вывучаць інструкцыю. Каб усталяваць на трымер нож (для ўсялякіх лопухаў ды пругкага пустазелля) альбо леску (якая за кошт хуткага кручэння ідэальна зразае траву), трэба было адкруціць гайку, што трымае гэтыя прылады. Трэба прызнацца, што раней усе гайкі ў маім жыцці — у хаце, камп'ютары ці аўтамабілі — адкручваліся традыцыйна, гэта значыць супраць гадзіннікавай стрэлкі.

Каб галоўка трымера не круцілася, я, згодна з інстукцыяй, замацаваў яе — засунуў у адтуліну адвёртку (гл. фота). А пасля — як паслухмяны спажывец — узяўся "адкручваць гайку". А яна не ідзе! Во — падумаў я — зусім здохлікам зрабіўся, толькі і хапае моцы, што на камп'ютары па клавішах артыкулы стукаць. Паклікаў на дапамогу сябра Валодзю Казанкова, вэб-рэдактара сайта тэлеканала СТВ. Я трымаў адвёртку ў адтуліне, а Валодзя з усяе моцы круціў гайку. А яна — ні на міліметр! Тады мы вырашылі, што, пэўна, бываюць жа гайкі, якія адкручваюцца і не па-чалавечы. Сталі круціць у іншы бок. Тое самае — колам стаіць. Праводзячы гэтыя практыкаванні, мы здорава раскалупалі тую адтуліну, куды засаджвалі адвёртку — метал мяккі, адвёртка перыядычна саскоквала, дзірка ў выніку павялічылася разы ў два. Была нядзеля — і, зразумела, што прадаўцы трымера, што сэрвіс-цэнтр — не адказвалі.

Трымаючы адной рукой адвёртку ў адтуліне (каб галоўка не круцілася), трэба было адкруціць другой рукой гайку

— Лабадзенка, кідай дурное, ён нейкі сапсаваны, — падсумаваў Валодзя. — Вязі ў сэрвіс-цэнтр, хай як хочуць адкручваюць.

У панядзелак я вярнуўся да тэмы. Прадавец паведаміў мне, што гайка напраўду адкручваецца не як звычайна, а па гадзіннікавай стрэлцы. Калі я запытаўся, чаму пра гэта ані слова ў інструкцыі, ён адказаў, што прадаў трыста такіх трымераў — і ні ў кога падобнай праблемы не ўзнікла. Прыемна чуць, што з трохсот чалавек адзін ты такі пень аказаўся!..

У сэрвіс-цэнтры майстры нейкім чынам адкруцілі тую гайку. Я папрасіў замяніць мне раздзяўбаную галоўку, бо яна стала горш круціцца пасля маіх спробаў прывесці трымеру рабочы стан.

— А гэта вашыя праблемы, што не дадумаліся, як гайку адкруціць, — адказаў мне начальнік сэрвіс-цэнтра. — Вы яе самі раскалупалі, таму памяняць яе можам толькі за ваш кошт.

Я запратэставаў: у інструкцыі не напісана, як адкручваць гайку. Паведаміў, што скончыў журфак БДУ, дзе — уявіць толькі! — мяне не вучылі адкручваць гайкі.

— Тут вам не Амерыка! — выскаліўся начальнік сэрвіс-цэнтра. — Гэта там вы маглі б з нас спагнаць за тое, што інструкцыя недакладная, а ў нас — плаціце грошы і мяняйце.

Я напісаў ім скаргу ў кнігу прапаноў, забраў трымер і пайшоў дахаты. Дома, каб пацвердзіць свае меркаванні, затэлефанаваў у грамадскае аб'яднанне "Мінскае таварыства спажыўцоў". Яны, што добра, па тэлефоне кансультуюць задарма. Чалавек на тым канцы дроту ўважліва выслухаў мяне і падтрымаў. Маўляў, у нас ёсць ДАСТ, дзе напісана: калі тавар мае асаблівасць выкарыстання, пра гэта трэба папярэдзіць спажыўца ў інструкцыі. Мне параілі напісаць скаргу (што я і сам ужо зрабіў), а калі атрымаю адмоўны адказ, тады звяртацца ў суд.

Я затэлефанаваў прадаўцу трымера. Але ён развёў рукамі: у нас дамова з сэрвіс-цэнтрам — усе пытанні па рамонце і абслугоўванні да іх. Аднак параіў звяртацца не да таго начальніка сэрвіс-цэнтра, а да ягонага дырэктара.

Дырэктара на месцы не было, быў ягоны намеснік спадар Андрэй — па голасе выхаваны чалавек гадоў трыццаці. Ён уважліва мяне выслухаў, узяў інструкцыю — і пагадзіўся, што нідзе не значыцца, як адкручваць тую праклятую гайку. Паабяцаў, што накіруе ліст вытворцам — каб дадалі такі пункт у інструкцыю. А мяне папрасіў прыехаць зноў — ён дасць распараджэнне замяніць мне сапсаваную частку трымера.

Я прыехаў у сэрвіс-цэнтр, як Канстанцін Астрожскі пасля бітвы пад Оршай. Спадар Андрэй асабіста спусціўся ўніз і даў каманду начальніку сэрвіс-цэнтра ў маёй прысутнасці замяніць тую галоўку. Начальнік меў выраз твару — як тры лімоны з'еў.

Я падзякаваў спадару Андрэю за цывілізаваны еўрапейскі падыход да вырашэння праблемы. А сабе падумаў — ну так, тут не Амерыка. Але ж і не Трынідад і Табага!

Тэгі: