it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 24

Яўген ВАЛОШЫН, "Звязда"

Напярэдадні Дня барацьбы з наркотыкамі кожнае радыё і кожны тэлеканал распавядае пра значныя поспехі ў барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў. Разам з тым, ніхто не адмаўляе, што аб'ёмы наркатрафіку растуць, а колькасць спажыўцоў павялічваецца. Адкуль?

"Звязда" правяла сваё журналісцкае расследаванне. Аказваецца, прама ў цэнтры Мінска свабодна прадаецца рэчыва, якое па сваім уздзеянні мацнейшае за гераін і метадон. Яшчэ адзін парадокс — пра гэта ведаюць многія чыноўнікі...

Па якой схеме дзейнічаюць мінскія наркакіёскі і каму гэта выгадна?

Гэта звычайны харчовы мак,
14 тысяч за кілаграм.
Такім пасыпаюць булачкі.

 А гэта "бубкі", якія прадаюцца пад выглядам харчовага маку, 120 тысяч за кілаграм. З такога насення вырабляюць наркотык, які ўздзейнічае на арганізм горш за гераін.

У рэдакцыю "Звязды" не раз са скаргамі звярталіся бацькі наркаспажыўцоў і звычайныя неабыякавыя грамадзяне: "Прама на рынках прадаюць наркотыкі, страшнейшыя за гераін. Чыноўнікі не рэагуюць. Напішыце!"
У такія эмацыянальныя заявы верылася з цяжкасцю.

На жаль, аказалася, што чытачы не фантазіравалі.

— На простым слэнгу гэта называецца "бубкі" ці "бубасы". На беларускім наркарынку з'явіліся з 2003 года. На першы позірк, яны выглядаюць, як звычайнае насенне маку, якім пасыпаюць булачкі, — тлумачыць Аляксандр Шпакоўскі, каардынатар грамадскай ініцыятывы "Антымак". — Насамрэч насенне прапітана алкоідамі опію. Зварыўшы гэту атруту, наркаспажывец атрымлівае рэчыва, мацнейшае за гераін. Кілаграма звычайна хапае на чатыры дозы.

Аляксандр Шпакоўскі працягнуў мне паперы за подпісам аднаго з міліцэйскіх начальнікаў. У дакументах быў падкрэслены абзац, які тычыўся опію, падрыхтаванага з такога "маку": "Тэрмін жыцця яго спажывальнікаў, па некаторых ацэнках, складае 1-2 гады, у той жа час "жыццёвы рэсурс" гераінавага наркамана — каля 5 гадоў".

— У Міністэрстве ўнутраных спраў нам патлумачылі, што пра ўсё ведаюць. Але не могуць вырашыць праблему з-за перашкодаў з боку іншых чыноўнікаў. Тыя, напрыклад, матывуюць, што, маўляў, нельга абысціся без маку ў харчовай прамысловасці і наадрэз адмаўляюцца ад тэрмічнай апрацоўкі насення. А каб вырашыць пытанне, санкцыю трэба атрымаць ад шэрагу ведамстваў...

— Навошта камусьці пасутнасці перашкаджаць міліцыі змагацца са смерцю?

— Нехта зарабляе на "бубках" фантастычныя грошы. Магчыма, існуе нейкае макавае лобі. Верагодна, камусьці выгадна, што пад выглядам маку прадаецца смяротнае насенне... Мяркую, праваахоўным органам вядома, хто стаіць за гэтым бізнэсам. На "бубкі" перайшлі амаль усе наркаманы, якія раней спажывалі гераін, метадон і гэтак далей. Чаму б і не? "Бубкі" прадаюцца напаўлегальна. З-за даступнасці і беспакаранасці заразу падхапілі тысячы і дзясяткі тысяч маладых людзей. Прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці магчыма толькі тады, калі "бубкі" пачынаюць "варыць" у наркапрытоне. Колькі маладых людзей з-за гэтага ўжо ляжыць у трунах. У часы складанай дэмаграфічнай сітуацыі мы страчваем маладое пакаленне, павышаецца злачыннасць...

"Табе на іншы бок рынку, шукай кіёск з сухафруктамі"
Няўжо "бубкі" напраўду так адкрыта прадаюцца? Іду на крыты Камароўскі рынак і на першым жа гандлёвым пункце, дзе прадаюць засушаную садавіну і арэшкі, пытаюся пра мак.

— 14 тысяч за кілаграм, — адказвае прадавачка і насыпае мне паўкілаграма харчовага маку, якім звычайна пасыпаюць булачкі.

Натуральна, што з такога тавару наркотык не зварыш.

Наўпрост пытаюся ў мясцовых таксістаў пра пункты, куды часта наведваюцца наркаманы.

— Табе на іншы бок "Камароўкі", шукай кіёск з сухафруктамі, — пагадзіўся распавесці адзін з таксістаў. — Нядаўна завозіў туды аднаго "абдоўбанага", дык той не хацеў плаціць. Пачаў я сваіх хлопцаў выклікаць, дык суцішыўся. З таго кіёска мак пакетамі выносяць.

— Я ж на наркамана не падобны. Мне прададуць?

— Для іх важна адно — выгада. Прададуць...

Шапік, у якім журналісту "Звязды" прапанавалі смяротнае насенне.

Знаходжу той самы пункт з сухафруктамі, наўпрост прашу паўкіло "бубасаў" і працягваю 60 тысяч беларускіх рублёў (кілаграм каштуе 120 тысяч, тавар, вядома, не выстаўлены на вітрыну).
— Вось вам два пакецікі, тут 300 грамаў, тут 200. Вам ёсць куды пакласці? — хутка і акуратна працягнула мне прадавачка два каляровыя поліэтыленавыя скруткі.

Адышоўшы, гляджу на тавар. У каляровых пакетах ляжаць празрыстыя, а ў іх — зусім іншы мак, з едкім пахам, змяшаны з сапраўднай макавай саломай (наш ДАСТ, зацверджаны яшчэ ў 1976 годзе, дазваляе прымесі макавай саломы). Проста неверагодна! Вочы не хочуць гэтаму верыць.

Тавар нясу былому наркаспажыўцу з васьмігадовым стажам Вадзіму Хвалько (прозвішча зменена ў мэтах бяспекі героя матэрыялу. — "Звязда"). Сёння Вадзіму 28, калоцца ён пачаў на першых курсах універсітэта. Калі падціснулі гайкі з гераінам і метадонам, перайшоў на "бубкі". Ледзь не загінуў, пасля чаго з дапамогай сям'і здолеў вылечыцца.

— О, гэта і ёсць "бубкі"! Самыя сапраўдныя, — пацвердзіў Вадзім.

— Ці можна сказаць, што я набыў наркотык, не слабейшы за гераін ці какаін?

— Па ўздзеянні гэта амаль тое ж самае. Толькі "бубкі", можна легальна купіць. І ніхто нічога не зробіць. Толькі калі ты пачнеш іх дома "варыць", то пагражае крымінальная адказнасць за выраб. Але гэта нікога не спыняе... Як пераўтварыць "бубкі" ў наркотык, напісана ў інтэрнэце. Уздзеянне цяжкае — спачатку калы па ўсім целе, потым адпускае, і эфект амаль такі ж, як ад гераіну. Ломка такая ж: круціць ногі, суставы, пачуццё трывогі, паніка. Вось чаму "бубкі" сталі такімі папулярнымі. Аднойчы ў Мінск завезлі нейкія іншыя, французскія "бубасы": насенне маку, насычанае кадэінам. З выгляду — звычайны харчовы мак, без дадаткаў макавай саломкі. Прыход быў такі моцны, што адразу трое маіх знаёмых загінулі, аднаго адкачалі — бацька на 40 хвілін раней прыйшоў з працы. Я таксама здзіўляюся, як тады змог выжыць. Калідоры ў бальніцах былі застаўлены дадатковымі койкамі, "бубачнікаў" аднаго за адным прывозілі з усяго горада. Дзіўлюся, як пасля такога дазваляюць гэтым гандляваць? "Бубкі" — адзіны від прадукцыі ў Беларусі, які за некалькі гадоў падаражэў больш як у 20 разоў. Каштаваў 5 тысяч рублёў, а сёння — па 120 тысяч за кіло. Тыя, што не змаглі саскочыць з "бубак", паміралі адзін за адным. Выратоўвала тое, што наркаманы займаюцца дробнымі крадзяжамі і часта трапляюць у месцы пазбаўлення волі. Толькі за гэты год загінула чацвёра бубачнікаў, з якімі ў свой час я пачынаў калоцца. Жыву ў мікрараёне Сухарава, у маім двары два вялікія дзевяціпавярховікі. І ў кожным пад'ездзе мінімум па адным наркамане. Чаму б і не, у адным Мінску шэраг пунктаў з "бубкамі". Такая ж сітуацыя, кажуць, у іншых абласных цэнтрах.

Ці вырашаць праблему пастановы, накіраваныя на барацьбу з "бубкамі"?

У аўторак, 22 чэрвеня, прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам МУС, КДБ і Міністэрства аховы здароўя. За 45 хвілін было расказана пра поспехі беларускіх праваахоўных органаў у барацьбе з наркагандлярамі (а поспехі ёсць, і значныя). Звычайная прэс-канферэнцыя — службовыя асобы прамаўлялі, журналісты рупліва занатоўвалі інфармацыю. Самым гарачым момантам стала канцоўка прэс-канферэнцыі. Рэпарцёр Першага нацыянальнага тэлеканала заўважыў, што быў на Камароўскім рынку і высветліў, што там без праблемаў можна набыць наркатычныя сродкі, напрыклад, забароненыя курыцельныя сумесі з лінейкі "спайс". Следам задаў пытанне я, наконт "бубак" — ці бачаць праваахоўнікі праблему? Адказ быў такім:

Начальнік упраўлення па наркокантролі МУС Аляксандр Гаўрылаў лічыць праблему абароту "бубак" актуальнай. І лічыць, што ў будучыні з гэтым пытаннем "будзе прасцей".
— Мы вялі доўгую эпапею з гэтымі "бубкамі" і дабіліся свайго, — заўважыў Аляксандр ГАЎРЫЛАЎ, начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі. — 25 мая была падпісана пастанова Савета Міністраў № 779. Продаж нерасфасаванага маку на вагу быў забаронены. На ўпакоўцы павінна быць пазначана, хто вытворца, дата расфасоўкі, хто расфасоўшчык і гэтак далей. Апроч гэтага Дзяржстандартам перапрацаваны праект "Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы". Гэтай пастановай любыя іншародныя рэчывы ў маку будуць забаронены. Насенне маку, якое называюць "бубкамі", якраз наўмысна змяшана з макавай саломкай, якая і дае эфект. 26 ліпеня гэта пастанова ўваходзіць у сілу. Думаю, з гэтым стане прасцей.

— Якое пакаранне будзе чакаць гандляра "бубкамі"?

— Калі экспертыза дасць заключэнне, што ў насенні маку ёсць саломка, злачынца панясе крымінальную адказнасць...

Такія меры Міністэрства ўнутраных спраў лічыць перамогай. Што ж, у пэўным сэнсе гэта так. Нахабныя наркагандляры прынамсі перастануць прадаваць "бубкі", перамяшаныя з натуральнай макавай саломкай. Але ці вырашыцца праблема цалкам?

Вядома, не. Усё адно пад выглядам харчовага маку будуць прадаваць такое ж з выгляду насенне, насычанае алкоідамі опію.

Выгадны бізнэс будзе квітнець, а наркабароны будуць усміхацца, пералічваючы грошы, заробленыя на крыві тысячаў маладых людзей, якіх падманам уцягнулі ў наркатычны палон...

Рыхтуючы гэты матэрыял, сустрэўся з яшчэ адным былым наркаспажыўцом Аляксандрам Сяргеевым (прозвішча зменена ў мэтах бяспекі героя матэрыялу. — "Звязда"). Дзесяць гадоў ён знаходзіўся ў наркатычнай залежнасці. Ад смерці выратавалі шматлікія судзімасці, турэмныя зняволенні. Аляксандр адзін з тых рэдкіх спажыўцоў, хто вылечыўся. Сёння (з часу выратавання мінула два гады) ён займае кіруючую пасаду на будаўнічым прадпрыемстве, збіраецца ажаніцца.

— Год таму быў на прыёме ў аднаго высокага міліцэйскага начальніка, абмяркоўвалі праблему распаўсюджання "бубак", — узгадвае Аляксандр. — Высветлілася, што гэты чалавек валодае пытаннем да дробязяў. Пры нас ён паставіў тэлефон на гучную сувязь і сказаў, што набірае нейкай чыноўніцы з іншага ведамства. Павітаўся з ёй і сказаў: "Ну што, ці будзем вырашаць пытанне з макам?" А яна ў адказ з насмешкай: "Я булачкі з макам люблю..." І кінула трубку. На гэтым наш візіт да міліцыянера скончыўся, усе пытанні былі знятыя... Таму я спадзяюся, што страшная праўда пра "бубкі" дойдзе да вярхоў, і тады праблему пачнуць вырашаць. Але ўсё адно ўдар па моладзі быў нанесены агромністы. Гэта яшчэ аукнецца нам у будучыні...

У наступным нумары "Звязды" мы надрукуем споведзь наркаспажыўцоў, якія змаглі вылечыцца, выкладзем на старонках газеты іх жыццёвую праўду. Таксама распавядзем пра поспехі, якіх змаглі дасягнуць праваахоўныя органы і журналісты ў барацьбе з наркатычнымі курыцельнымі мікстамі лінейкі "спайс". Пра гэту праблему ў мінулым годзе гучна заявіла менавіта газета "Звязда".

(Працяг у наступным нумары...)

Яўген ВАЛОШЫН, загадчык аддзела журналісцкіх расследаванняў.

ПОГЛЯД ЗБОКУ
Мяне, чалавека, які вядзе здаровы лад жыцця, праблема наркаманіі раней ніколі не закранала. Жыццёвыя факты, з якімі давялося сутыкнуцца, рыхтуючы гэты матэрыял, шакіравалі.

Не магу зразумець, як асобныя чыноўнікі цягам не менш як сямі гадоў дапускалі гандаль смерцю? Няўжо матэрыяльныя даброты могуць перакрыць злачынства, якое так доўга чыніцца?

Былыя наркаспажыўцы, якім удалося выпаўзці з таго свету, і бацькі тых, што ўжо ляжаць на могілках, папрасілі: "Напішыце, каб вінаватых у гэтым бяспраўі, гэтых аматараў булачак з макам знайшлі і пакаралі..."

Людзі, якія пацярпелі ад "бубасаў", упэўненыя — спыніць іх распаўсюджанне можа толькі тэрмічная апрацоўка ўсяго маку, увезенага ў Беларусь. Гэта — адзіная гарантыя.

Тэгі: