it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jan 14

Юра Сідун, Generation.by

Курсы беларускай мовы, якія ладзяцца ў галерэі «Ў», завуцца цяпер «Мова нанова» і маюць пастаянных вядучых – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская, якія добра вядомыя менскай публіцы, бо вялі папулярныя курсы «Мова ці кава», ініцыяваныя Кацярынай Кібальчыч, у мінулым годзе. Цяпер жа вядоўцы вырашылі ладзіць свае курсы, з падобным фарматам, з запрашэннем адметных гасцей, аднак з новым назовам — «Мова нанова». Як прайшоў першы занятак? Глядзім!


Чытаць далей »

Тэгі:

Jan 14

movananova
MOVANANOVA.BY

Тэгі:

Jan 14

сумесны праект Budzma.org і Labadzenka.by

Кніга Глеба Лабадзенкі “дзіцячая заМова” выйшла ў канцы студзеня 2013 года – і здабыла вялікую папулярнасць (і атрымала “спецнамінацыю” ў сёлетняй прэміі “Дэбют” імя М.Багдановіча, а таксама 2 месца на фестывалі ADNAK у намінацыі ДЫЗАЙН & ART DIRECTION, паднамінацыя Шматстаронкавыя выданні). Ужо разыйшлося больш за 1600 кніг. Кніга ўвабрала ў сябе 112 вясёлых малюнкаў пра складанасці і цікавосткі беларускай мовы. На старонках кнігі забаўныя персанажы – хлопчык і дзяўчынка – у няспынным дыялогу высвятляюць усе гэтыя акалічнасці. Простасць малюнкаў паказвае: так можа намаляваць кожны з вас!
Як прызнаецца Глеб, на гэтых 112 малюнках ідэі не скончыліся – проста варта было паставіць кропку і выдаць кнігу. Цяпер працяг “дзіцячай заМовы” будзе выходзіць на сайце budzma.org: штотыдзень па новым малюнку. У каментарах, калі ласка, пакідайце свае “заМовы”: якія моўныя цікавосткі варта намаляваць яшчэ?

Будзьма з моваю!

040-matuzki

нагадваю, што калі некаму патрэбная кніга поштаю (можна і самому забраць на офісе), замаўляйце на Prastora.by!

у Менску кнігу можна таксама набыць па наступных адрасах:

    • “Кніжны салон” (Калініна, 5, працуе штодня да 19.00, нядзеля выходны) . гарадзкі нумар 385-60-89
    • "Акадэмкніга" (працуе да 20.00, субота да 18.00, нядзеля выходны). тэлефон 292-00-52
    • На Сядзібе БНФ (Чарнышэўскага, 3).
    • На Сядзібе ТБМ (Румянцава, 13).
    • кнігарня ЛогвінаЎ (Незалежнасьці, 37а).
    • на сайце imbryk.by
    • У мастацкай "Галерэі" (КЗ Менск, Кастрычніцкая, 5)

(калі недзе няма -- калі ласка, паведамце)

таксама прапаную паглядзець магніты "дзіцячая заМова"

і набор паштовак "Самыя старыя будынкі Беларусі"

паглядзець старонкі з кніжкі можна ТУТ

пачытаць пра кніжку ТУТ, ТУТ і ТУТ

Тэгі:

Jan 12

kar-list1
Чытаць далей »

Тэгі:

Jan 10

dobry1
даслаў чытач Зьміцер Курза

дасылайце і вы прыклады беларускай мовы на таварах ці шыльдах на labadzenka@gmail.com !
для тавараў пазначайце назву брэнда і краіну-вытворца, для месцаў і ўстановаў -- населены пункт і адрас (прынамсі, вуліцу)
цяперашні "БЕЛЫ СЬПІС беларускай мовы" (больш за 250 пунктаў) можна паглядзець ТУТ
Чытаць далей »

Тэгі:

Jan 10

labadzenka-250n

Ад панядзелка, 13 студзеня, у Мінску пачынаюць працаваць бясплатныя курсы беларускай мовы “Мова нанова”. Заняткі будуць адбывацца кожны панядзелак а 19.00 у Галерэі сучаснага мастацтва Ў (Незалежнасьці, 37а). На занятках — бясплатная кава і гарбата для студэнтаў!

Глеб Лабадзенка, для naviny.by

Курсы будзе праводзіць філолаг Алеся Літвіноўская, ну і я там буду на падпеўках. Алесю прадстаўляць доўга ня трэба. Прафесійны філолаг, выкладала ў лінгвістычным універсітэце, навучыла беларускай мове былога амбасадара Амэрыкі Джорджа Крола, а таксама легендарнага амбасадара Швэцыі Стэфана Эрыксана. Навучыла так, што Эрыксан гаворыць па-беларуску лепей за большасьць беларусаў!

Чаму “Мова нанова”? Вось менавіта таму — што азначэньне “родная мова” дэвальвавалася, страціла сэнс. Што гэта за родная мова, калі людзі ня тое, што не гавораць на ёй — а папросту ня ведаюць? Памятаеце гэты зьдзеклівы выраз: “Беларусы настолькі шануюць і берагуць родную мову, што не гавораць на ёй”. Альбо іншы: “Беларуская мова настолькі цяжкая, што яе ня могуць вывучыць самі беларусы”. Бу-га-га, нічога не скажаш.

Дык вось, трэба кінуць хітрыкі і прызнацца: так, ня ведаем, ня можам вольна размаўляць. Нам трэба вывучыць мову нанова!

Але “вывучыць” — гэта ня значыцца сесьці за падручнікі і практыкаванні. Як ні круці, але “пасіўная” мова ў большасьці нашых людзей ёсць: калі чуюць, то ўсё (ці амаль усё) разумеюць.

Неяк так мы і разважалі, ствараючы курсы “Мова нанова”. І знайшлі аднадумцаў! Галерэя сучаснага мастацтва Ў (Незалежнасьці, 37а) бясплатна дала нам памяшканьне. А гэта крута — бо ўсяго 100 мэтраў ад метро “Плошча Перамогі”! Кампанія “Будзьма беларусамі” кожныя заняткі будзе ўзнагароджваць прызамі найлепшых слухачоў курсаў. Таксама будуць і падарункі ад тэлеканала “Белсат”, кнігарні “Логвінаў”.

Асобна варта сказаць пра бізнэсоўца Паўла Бераговіча, які ў мінулым годзе набыў у Ваўкавыскім раёне старадаўні маёнтак Падароск, каб ствараць там за свае сродкі… Музэй беларускай шляхты! Для поўнай карціны варта дадаць, што Павал зь Екацярынбургу (хоць ягоная бабуля адсюль). Вольна размаўляе па-беларуску, шмат вандруе па Беларусі, чытае шмат беларускіх кніг. Выступае як мецэнат. Падтрымаў і нашыя курсы: набыў апарат для кавы і гарбаты, забясьпечыў уласна каваю і гарбатаю, перадаў гукаўзмацняльную апаратуру, падтрымаў стварэньне сайта.

Увогуле — курсы сталіся дзякуючы падтрымцы добрых людзей. Дызайнэрка Настасься Арайс стварыла курсам лагатып. Шыкоўны! Глядзіш так — сонейка. Прыглядаешся — а гэта ж літары Ў! Праграміст Юрась Адамовіч цяпер якраз дапрацоўвае сайт курсаў.

Сайт — асобная гаворка. Фактычна гэта будуць бясплатныя дыстанцыйныя курсы беларускай мовы. Ужо цяпер там выкладзена багата заняткаў, кожны зь якіх утрымлівае тэматычныя слоўнікі, правілы, цікавосткі, мультымедыя. Сайт movananova.by пачне працу 13 студзеня а 19.00 — прэзентуем яго на першых занятках курсаў.

Што яшчэ будзе на першых занятках? Студэнты навучацца слушна віншаваць адно аднаго па-беларуску. Зь Верхнядзьвінску спэцыяльна прыедзе беларускамоўны пекар Кастусь Ларкоў (абяцаў з караваямі) і правядзе майстар-клас. Студэнты змогуць задаць пытаньні замежніку, які дасканала вывучаў беларускую мову. Падзяліцца між сабою цікавосткамі. Пачытаць “Нашу Ніву” за 1906 год. А напрыканцы паслухаць выступ гурта HandmadE.

На наступныя заняткі абяцаліся прыйсьці пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі, філосаф Валянцін Акудовіч, паэт Генадзь Бураўкін, бард Віктар Шалкевіч…

Апроч гэтага, госьцьмі кожных заняткаў будуць і “звычайныя” людзі — праграмісты, лекары, прадпрымальнікі, інтэрнэтнікі, дызайнеры, музейнікі... Усіх іх будзе аб’ядноўваць адна рыса — яны размаўляюць па-беларуску.

Каго мы чакаем на курсах? Тых, хто зусім не гаворыць па-беларуску — але хоча паспрабаваць. Тых, хто гаворыць, але хоча палепшыць мову. Тых, хто гаворыць вольна — але хоча знайсьці новых сяброў.

Карацей, Вас, Алена зь Серабранкі. Вас, Мікалай з Лошыцы. Вас, Васіль з Кунцаўшчыны. Вас, Валянціна з Паўднёвага Захаду. Вас, Сьвятлана з Аўтазу. Вас, …

P.S. Запрашаю таксама ў нашую суполку на фэйсбуку і вконтакте.

Тэгі:

Jan 10

heyah

http://www.heyah.pl/bialorus

даслаў чытач Зьміцер Бойка

дасылайце і вы прыклады беларускай мовы на таварах ці шыльдах на labadzenka@gmail.com !
для тавараў пазначайце назву брэнда і краіну-вытворца, для месцаў і ўстановаў -- населены пункт і адрас (прынамсі, вуліцу)
цяперашні "БЕЛЫ СЬПІС беларускай мовы" (больш за 250 пунктаў) можна паглядзець ТУТ

 

Тэгі:

Jan 09

Ксенія Ельяшэвіч, TUT.BY

Новыя курсы па беларускай мове, якія будуць праводзіць філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка, пачнуцца ўжо ў панядзелак 13 студзеня. Заняткі будуць ладзіцца ў сталічнай “Галерэі Ў” штотыднёва ад 19.00 да 21.00 гадзіны. 

Новыя бясплатныя курсы “Мова нанова”збяруць усіх, хто хоча вывучыць мову ці проста “падцягнуць” свае ранейшыя веды. Арганізатары ўжо дамовіліся, каб на некалькі наступных заняткаў завіталі беларускамоўныя замежнікі. Гаворка ідзе пра амерыканца Курта Вулхайзера, што выкладае ў Гарвардзе і цудоўна валодае беларускай мовай; гішпанку Ангелу Эспіносу, што стала вядомая беларусам, калі заспявала песню “Пагоня” (на словы Максіма Багдановіча) і “Малітву” (на словы Янкі Купалы). Таксама ў “Галерэю Ў”, па словах Глеба Лабадзенкі, на адзін з заняткаў завітае таемны госць - “швед, які добра ведае беларускую мову”. 

“У нас сабралася вельмі шмат напрацовак для вывучэння мовы, таму таксама вырашылі сабраць іх на асобным сайце курсаў movananova.by. Сайт ужо напоўнены інфармацыяй і чакае свайго запуску ў панядзелак. З яго дапамогай матэрыялы змогуць атрымаць не толькі студэнты курсаў, але і ахвотнікі з гарадоў і мястэчак, калі захочуць арганізаваць свае заняткі. А калі знойдуцца такія энтузіясты, то мы гатовыя прыехаць, падтрымаць і падзяліцца досведам”, - распавёў парталу TUT.BY Глеб Лабадзенка.

Як адзначаюць арганізатары курсаў, заняткі прысвечаныя не толькі мове і будуць далучацца матэрыялы па гісторыі, культуры і мастацтву Беларусі. Для цікавейшай прэзентацыі запрошаны знаўцы з кожнай галіны:

“Да прыкладу, завітае пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі і бардВіктар Шалкевіч. Генадзь Бураўнік раскажа, як ствараў беларускамоўнае тэлебачанне і быў яго кіраўніком 12 год. Прыйдзе на курсы і філосаф Валянцін Акудовіч. Вядомы тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі правядзе дыскусію наконт сучаснага беларускага тэатру. Завітаюць да нас і беларускамоўныя пекары, прадпрымальнікі, лекары, інтэрнэтнікі, праграмісты, дызайнеры, музейнікі. Усе гэта дзеля таго, каб паказаць, што па-беларуску можна размаўляць на любыя тэмы, а не толькі на тэму філалогіі і літаратуры. Нават у нашых СМІ ёсць цікавая тэндэнцыя, калі па-беларуску даюцца культурніцкія матэрыялы, а вось пра нешта сур’ёзнае - эканоміку ці грамадства, у нас пішуць па-руску. Хочам гэты стэрэатып разбурыць". 

Па словах Глеба Лабадзенкі, на курсы могуць прыходзіць нават тыя людзі, што “двух словаў па-беларуску звязаць не могуць”. Журналіст адзначыў, што паводле назіранняў, для навучання гэта не з’яўляецца асаблівай перашкодай.

Праект “Мова ці кава”, дзе раней амаль год выкладалі Лабадзенка і Літвіноўская, працягне сваю працу, але ўжо без іх.

Тэгі:

Jan 09

сябры! інфармую, што кніга "Лепей" у Акадэмкнізе (Незалежнасьці, 72) цяпер стаіць не па 146, а па 128 тысяч. з Новага году адмянілі нейкі там падатак -- гэта дазволіла кнігарні зьменшыць кошт.
іншыя месцы продажу кнігі і падрабязьнейшую інфармацыю можна пачытаць ТУТ
l33

Тэгі:

Jan 08

supolka003

Сябры!

Ад 13 студзеня (19.00) ў Галерэі сучаснага мастацтва Ў распачынаецца новы праект – модныя курсы беларускай мовы “МОВА НАНОВА”.

Вядуць курсы філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка.

Заняткі будуць адбывацца кожны панядзелак, ад 19.00 да 21.00. Уваход вольны!

Ужо цяпер - далучайцеся да суполкі курсаў у facebook і суполкі ЎКАНТАКЦЕ!

На кожным занятку будуць цікавыя беларускамоўныя госці -- як вельмі вядомыя людзі, гэтак і прафесіяналы ў сваёй справе, якія нячаста фігуруюць у прэсе. Прычым, не толькі з Беларусі -- ужо ў студзені навучэнцы змогуць паразмаўляць з сапраўднымі беларускамоўнымі амерыканцамі, шведамі і іспанцамі!

Назва курсаў “МОВА НАНОВА” тлумачыцца проста. Многія беларусы кажуць, што беларуская — іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе. Гэтае словазлучэнне “родная мова”вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова! Такія прыклады — калі народ адраджаў паўзабытую мову — ёсць у гісторыі, і яны натхняюць!

Канцэпцыя курсаў — неакадэмічнае вывучэнне мовы. То бок, уся інфармацыя — лексіка і граматыка, а таксама ўсемагчымыя цікавосткі — падаецца праверанай і пісьменнай. Але робіцца гэта ў інтэрактыўных формах, файна і нязмушана. Апроч уласна моўных практыкаванняў, вас чакаюць незвычайныя звесткі па гісторыі ды культуры Беларусі!

Першы занятак прынясе шмат цікавостак: адразу некалькі гасцей (адзін з іх – вядомы беларускамоўны замежнік), выступ лідара гурта HandmadE Яўгена Валошына, таямнічы госць з Верхнядзвінска, майстар-клас "Як слушна павіншаваць па-беларуску", хітрыкі з граматыкі, аўдыё, відэа, фота, мультымедыя…

На занятках будзе цёплая, сяброўская атмасфера, а таксама прыемная драбяза: дармовыя кава і гарбата. Хоць зіма і бясснежная, але ж прыемнасці ніхто не касаваў!

Чакаем вас на занятках!

PS Чаму "модныя"? Нам дужа хочацца, каб размаўляць па-беларуску сталася модна! А потым -- натуральна!

ПАРТНЁРЫ КУРСАЎ

Галерэя сучаснага мастацтва Ў

"Будзьма беларусамі!"

Кнігарня "ЛогвінаЎ"

"Белсат"

 

Тэгі: