it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 21

нядобра й некультурна сьмяяцца з чужой мовы. але, пабачыўшы ў  менскім ГУМе такі тавар, я нявольна ўсьміхнуўся. і згадаў, як адзін вядомы пэрсанаж расказваў нам пра "нармальныя, чалавечаскія яйца".

Тэгі:

Mar 21

Первое, что мне большего всего хотелось бы сделать после моей смерти, это почитать комменты.

http://fuzz.blog.tut.by

Тэгі:

Mar 19

часам у мяне ў галаве складаюцца, здавалася б, дзіўныя ланцужкі. я набыў сабе купюру 250 рублёў 1918 года -- люблю старыя рэчы. паставіў у рамачку на стол, любуюся. гляджу на дату -- "1918". што для вас "1918"? для мяне гэта -- БНР. зараз я з галавой у Радзівілах. а таму БНР -- гэта Альбрэхт Радзівіл і Раман Скірмунт, якія ў 1918 годзе як паўнамоцныя прадстаўнікі БНР паехалі ў Нямеччыну і Швайцарыю. сяджу -- і ў навушніках слухаю Эльжбету Радзівіл -- дачку таго самага князя Альбрэхта. і гляджу на купюру з датай "1918".

ланцужок злучыўся.

цікава, што якраз у 1918 годзе адбылася дэвальвацыя. і калі да восені гэтая купюра азначала месяцовы заробак салдата-чырвонаармейца, дык па восені такімі паперкамі тапілі печы. я, вядома, перакананы, што мая -- зімовая ці максымум летняя 😉

Тэгі:

Mar 18

аўтар фота (с) Алесь Калесьнікаў

Тэгі:

Mar 16

Аляксей Кульбіцкі -- геніяльны дызайнэр, разам зь якім мы зараз робім кнігу пра Радзівілаў, завёў сабе ЖЖ. Чытаць ТУТ

Тэгі:

Mar 15

Выйшаў першы том унікальнай кнігі Сяргея Шапрана "Васіль Быкаў: гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах".

734 старонкі, цьвёрдая вокладка, 20 глянцавых аркушаў ілюстрацыяў, многія зь якіх друкуюцца ўпершыню.

Сяргей Шапран -- геніяльны чалавек і журналіст, па сумяшчальніцтву вось ужо 8 гадоў мой добры сябар. Ягоная кніга -- тытанічная праца, вартая цэлага літінстытута, якую за 5 год выканаў адзін чалавек. Сяргею ўдалося сабраць найдрабнейшыя дэталі з жыцьця і творчасьці Васіля Быкава, ажно да невядомых франтавых малюнкаў і крытычных артыкулаў з газет, у якіх бравыя ветэраны травілі Быкава. Пасьля працы Сяргея ўжо ніхто і ніколі не назаве сваю кнігу "Невядомы Быкаў". Бо кожны з нас будзе мець контраргумент.

(клікайце для павелічэньня)

Замовіць кнугі з персанальным аўтографам аўтара Сяргея Шапрана можна па электроннай пошце labadzenka@gmail.com

Кошт 35 тысяч.

Дастаўка па Беларусі -- бясплатная.

Тэгі:

Mar 15

пакуль грэецца кавамашына, у мяне заўжды ёсьць хвілінка-другая чаканьня-думаньня.

сёньня мне чамусьці падумалася пра трасянку. падумалася ў сувязі з ...Эльжбетай Радзівіл. цікавы факт, што яе бацька, князь Альбрэх Радзівіл і ягоная жонка-амэрыканка Дарота Дыкен гадавалі дзіця па-французску. а па-польску пані Эльжбета пачала размаўляць толькі зь першым мужам, князем Вітольдам Чартарыйскім. і нават зараз ёй прасьцей і ўтульнай размаўляць па-французску, фотаздымкі ў ейных альбомах падпісаныя збольшага на гэтай мове.

калі пані Эльжбета гаворыць, яна часта ўжывае словы, і нават фразы зь іншых моваў -- французскай, ангельскай, часам нейкіх іншых. але ці ж можна назваць гэта трасянкай? у звыклым нам сэньсе -- не. гэта -- такая сабе інтэлігенцкая  трасянка. калі чалавек, валодаючы некалькімі мовамі, выбірае да сваіх думак найбольш дакладны адпаведнік сярод усіх словаў, якія ведае.

некалі адзін ліцэйскі выкладчык сказаў цікавую для мяне фразу: размаўляць сьвядома на трасянцы можа толькі той, хто дасканала ведае беларускую мову. і прывёў у прыклад Лявона Вольскага, які лобіць "пакрыўляцца".

інтэлігенцкая трасянка можа мець дзьве мэты. першая, як было сказана вышэй, -- ужываньне найбольш пасуючых словаў. другая мэта -- крыўляцца, імітаваць нейкага канкрэтныга ці зборны вобраз "беларускага калхозьніка" (альбо чыноўніка).

я не магу не любіць трасянку. так -- гэта зьдзек з дзьвюх моваў. але мая бабуля, якая зь пялюшак дала мне беларускае слова, беларускую мову, гаворыць на-трасянцы, на жывой беларускай мове.

можа, таму мяне заўжды бянтэжыць, калі я чую правільную, стэрэлізаваную, літаратурную беларускую мову.

я ўдзячны бабулі за тое, што ведаю сапраўдную беларускую мову, а выкладчыкам -- за тое, што магу пісаць на правільнай, літаратурнай.

пра мяне, і пра кожнага з нас, хто валодае мовай, вялікі Купала напісаў: "Я слова беларускага ўладар!"

Тэгі:

Mar 12

доўгі час гэты фотаздымак заставаўся для мяне загадкай. у Нацыянальным гістарычным архіве, дзе ён захоўваецца, подпіс нешматслоўны: "Фото атлета". але нашто Радзівілам захоўваць у сябе фота невядомага атлета?..

у часе апошняй сустрэчы з князёўнай Эльжбетай Радзівіл сакрэт быў раскрыты. паглядзеўшы на экране ноўтбука павялічаны варыянт і параўнаўшы зь іншымі фота, пані Эльжбета дакладна сказала: чалавек на фота -- Ежы Радзівіл (1921-2007), сын князя Леона Радзівіла (1888-1959), яе роднага дзядзькі.

урэшце было высьветлена, што ад Ежы на здымку застаўся толькі твар -- па-майстэрску выразаны, ён быў прыклеены да цела невядомага атлета. бо, паводле пані Эльжбеты, сам Ежы быў "дробненькі".

у такім выглядзе Ежы, сямейная мянушка якога была "Туль", даслаў фота сваёй бабулі Марыі Ружы "Бішэт" Браніцкай (1863-1941), якая тады была найбагацейшай кабетай Эўропы. такі вось радзівілаўскі фоташоп!

гэта -- толькі адзін з чатырох соцень здымкаў, якія ўвойдуць у маю будучаю кнігу "Прыватны фотаальбом князёўны Эльжбеты Радзівіл".

і за кожным зь іх -- такая гісторыя.

Тэгі: ,

Mar 10

Эўрарамонт у Нясьвіжскім замку ідзе сямімільнымі крокамі. Жалезабетонныя канструкцыі ўпэўнена ўзмацняюць недаробкі таварыша Яна Марыя Бернардоні. Недарэчныя скляпенні замяняюцца падвяснымі столямі "Армстронг", у прыбіральнях кладзецца польская плітачка Opoczno, дзе-нідзе ўжо зьявіліся пласмасавыя дзьверы -- як у краме!..

У гадзіньнікавай вежы захаваліся ўнікальныя парэнчы. Такія самыя былі і на балкончыку галоўнага корпуса.

Гэта добра відаць на здымку 1927 года. У кадры -- князь Альбрэхт Радзівіл (1885-1935).

Зараз парэнчы, як відаць на здымку, зруйнаваныя.

Утульныя нумары гатэлю ў Нясвіжскім замку гатовыя прымаць наведнікаў!..

Салігорскаму будаўнічаму трэсту №3 давялося выпраўляць тое, што навараціў недарэка-італіец Бернардоні ў XVI стагодзьдзі.

Пра тое, каб ашчадна захаваць рэшты аўтэнтычнага дэкору, гаворкі ня йшло...

Залатая заля. Зьнішчаныя два каміны, дэкор на сьценах.

Так Залатая заля выглядала 90 гадоў таму.

А вось так у XVI стагодзьдзі рабілі столі.

Гэта ўвогуле цырк. Калі хтосьці не разгледзеў, на налепцы напісана...

Калі і зараз хтосьці не зразумеў прыкола: шыба стаіць НАЛЕПКАЙ ВОНКІ.

Так выглядае галерэя, якую салігорскія будаўнікі зьнішчылі дазваньня й адбудавалі нанова. Красівенька, нічога не скажаш!.. Дарэчы, зьнішчаная частка замка была збудаваная ў 1750-х гадах.

Калі я запытаўся ў Эльжбеты Радзівіл, дачкі князя Альбрэхта, што яна думае пра гэтую "цыбуліну" на гадзіньнікавай вежы, князёўна адказала: "Ну што я думаю? Ідыёты і крэтыны".

У гэтай частцы замка на першым паверсе быў гараж, на другім -- пакоі для гасьцей.

Цяпер тут -- "ОПАСНАЯ ЗОНА"!

Яшчэ адзін прыклад аўтэнтычнай рэстаўрацыі -- танная цэгла і бетонныя пліты. Напэўна, ім прыемна будзе адчуваць сябе часткаю Сьпісу сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА...

Тут аднаўляюць дамавую капліцу замка.

У ідэале павінна атрымацца так.

Відаць, і атрымаецца. Не дарма ж замаўлялі падвясныя паталкі "Армстронг"!..

А гэта -- сьвятая сьвятых, Штаб па руйнаваньню рэстаўрацыі Нясвіжскага замка. Уваход у яго, для зручнасьці чыноўнікаў і вялікіх рэстаўратараў зрабілі пласмасава-шклопакетны -- як у прадуктовай краме. Радзівілам, напэўна, такое і ня сьнілася!..

Тэгі:

Mar 08

прэзэнтацыя адмыслова для наведнікаў Блогу (Валошын так і кажа напачатку 🙂 )

Ніколі (муз. Я.Валошын, сл.Г.Лабадзенка)

Пампуйце тут: nikoli (valoszyn-labadzenka) (6,77 мБ)

Тэгі: