it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Jun 17

і ён нават заходзіў да мяне ў госьці. прысьніцца ж такое!..

здымак (с) Ганны Лейбовіц

сон сёньня быў вельмі даўгі і чамусьці запомніўся вельмі дакладна. сэнс такі. я праводзіў дабрачынную акцыю зь нейкім дзіцячым домам. і выхаванцы папрасілі сабе кожны пярсьцёнак. помню, што трэба было 52 пярсьцёнкі. а мне з сябрамі ўдалося набыць толькі некалькі -- штукі 4 ці 5. і вось прыязджае Абама. я паказваю яму відэа, дзе дзеткі кажуць пра свае жаданьні. Абама зьяжджае, і раптам мне прыходзіць пасылка -- каробка фармату А4 з чорным аксамітам, а ў ёй, у прарэзах -- патрэбная колькасьць пярсьцёнкаў.
пасьля Абама прыязджае зноў, выступае на трыбуне. я падыходжу да яго з гэтай каробкай і прашу слова. пасьля распавядаю ўсім, што гэта ён, Абама, выканаў жаданьні выхаванцаў нашага дзіцячага дома. пасьля кажа сам Абама. а пасьля ён заходзіць да мяне ў госьці.
і чаго ён мне прысьніўся? напэўна, таму, што я ўчора першы раз за апошні год паглядзеў тэлевізар (бо наладжваў бабулі каналы) -- і там у навінах выступаў Абама )))))))

Тэгі:

Jun 16

і пашкадаваў, што некалі зарэгіўся там. амаль год -- а ні разу не было ніякай карысьці, адзін спам час адымаў.
хапае скайпу, гмэйлу і аські. а розныя фэйсбукі-аднакласьнікі-кантакты-твітэры... занадта маленькае жыцьцё, каб марнаваць яго на непатрэбшчыну.

Jun 15

не таму, што я там працую і друкуюся.

сам я выпісаў "Звязду" тры гады таму. аргумэнтаў у мяне асабіста было два. па-першае, гэта адзіная ў Беларусі штодзённая беларускамоўная газэта. і мне не хацелася б, каб яна зьнікла.

па-другое, я выпісаў "Звязду" дзеля штодня новых фантастычных здымкаў Майстра -- Анатоля Клешчука. а калі даведаўся, што шаноўны Анатоль Кляшчук нарадзіўся за тры кіломэтры ад вёскі маёй бабулі, дык і ўвогуле пацяплела.

"Звязда" адрозьніваецца ад іншых дзяржаўных газэтаў. на яе не прымушаюць падпісвацца, як на вядомую вам каляровую туалетную паперу. так, "Звязда" дзяржаўная газэта -- і таму хваліць уладу. але практычна ніколі не ліе бруд на апанэнтаў. цікава, дарэчы, было даведацца, што "Звязда" практычна самаакупальная газэта -- датацыі складаюць усяго некалькі адсоткаў, а больш чым на 95% газэта жыве за кошт рэклямы. зноўку ж, напрошваюцца параўнаньні з газэтай, у якой некалі наклад за адну ноч павялічыўся з 350 да 500 тысяч. у многіх вёсках тады паболела матар'ялу для растопкі і самакрутак.

наклад "Звязды" сёньня 33 тысячы 310 асобнікаў. гэта вельмі мала. бо ва ўмовах сёньняшняга інфармацыйнага грамадзтва народу ўжо няма патрэбы атрымліваць навіны з газэты.

выпішыце "Звязду", бо яна ня мусіць зьнікнуць. няма ахвоты ці часу чытаць самім -- падпішыце бабулю ці суседку. такая мая просьба.

падпіска працягваецца, здаецца, да 24 ці 25 чысла. на месяц каштуе 12400, на тры месяцы 37200, на паўгады 74400.

Тэгі:

Jun 15

сьвежая фотка з Рагачова: на вуліцы імя Ўладзімера Караткевіча зьявіліся шыльды. па-беларуску, дарэчы.
цешуся, што крыху спрычыніўся да гэтага. рух пачаўся пасьля крытычнага артыкула на адрас рагачоўскіх уладаў. пасьля гэтага імі быў распрацаваны плян дзеяньняў па ўшанаваньню памяці Караткевіча. адным з пунктаў было якраз перайменаваньне вуліцы, на якой стаіць дзедава хата Караткевіча, дзе напісаўся "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Віно дажджоў", "Сівая легенда", "Ладзьдзя Роспачы", часткова -- "Каласы пад сяропоім тваім". раней вуліца называлася Чкалава. відаць, Чкалаў над імі пралятаў.
"за" перайменаваньне прагаласавалі ўсе дэпутаты, апроч аднаго, які сказаў: "не магу галасаваць за перайменаваньне, бо я -- афіцэр, і Чкалаў -- афіцэр".
калі ўжо вырашылі пераназываць, то ўзьнікла іншая праблема: каб сэканоміць грошы, хацелі пераназваць ня ўсю вуліцу, а толькі тую частку, дзе стаіць хата -- і зрабіць яе "завулкам Караткевіча". давялося на месцы ўпэўніваць рагачоўскіх чыноўнікаў, што ў юбілейны год "завулак" будзе занадта несалідна, ды і праславіў Рагачоў Караткевіч няслаба -- заслужыў вуліцу, калі не праспэкт ці плошчу. дзякаваць Богу, удалося пераканаць.
мару ў кожным нашым мястэчку пабачыць па вуліцы Караткевіча, а таксама іншых выбітных беларусаў -- замест савецкіх катаў і ашавуркаў, якія альбо зьнішчалі беларусаў, альбо ня маюць да нас аніякага дачыненьня.

Тэгі:

Jun 14

Завяршаецца праца над "Ладзьдзёй Роспачы", нарэшце зробленыя апошнія штрыхі.
Самае галоўнае, што я ня мог прысьпешваць, але вельмі чакаў, -- народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін напісаў прадмову "Узьнёслая сага". Нагадаю, "Ладзьдзя Роспачы" прысьвечаная менавіта Барадуліну -- і менавіта ў Барадуліна ўсе гэтыя 46 гадоў захоўваўся рукапіс твора, зь якога мы і робім факсыміле.

Таксама вялікая ўдача -- з падказкі Сяргея Шапрана я адшукаў у бібліятэцы імя Якуба Коласа (пры Акадэміі навук) рукапісныя чарнавыя накіды да "Ладзьдзі" (5 аркушаў фармату А4). Загадчык адзьдзелу рукапісаў і старадрукаў Аляксандар Стэфановіч ласкава пагадзіўся адсканаваць іх для нашага выданьня.

Таксама цягам працы знойдзеныя некалькі здымкаў Караткевіча, якія нідзе раней не друкаваліся -- і якіх няма нават у музэі Караткевіча ў Воршы. Знайшліся лісты, паштоўкі Караткевіча, пісаныя з Рагачова і ў Рагачоў (менавіта там была напісаная "Ладзьдзя".)

У шаноўнага Васіля Сёмухі для выданьня я адсканаваў ягоны пераклад "Ладзьдзі" на расейскую мову -- з рукапіснымі праўкамі Караткевіча. Менавіта ў гэтым варыянце твор упершыню быў надрукаваны (часопіс "Нёман" №2 за 1968 год). Я зьверыў друкапіс з часопісным тэкстам, вылучыў усе рэдактарска-цэнзарскія праўкі. Усё гэта -- у кнігу.

Сканчаем вёрстку, пасьля рукапіс ідзе на рэцэнзыю, пасьля -- у друк.
Спадзяюся, цягам некалькіх тыдняў усе Вы, хто ахвяраваў на кнігу -- і без каго яна б ня выйшла -- атрымаеце свае асобнікі.
А Беларусь атрымае першае непадцэнзурнае выданьне Уладзімера Караткевіча.

Тэгі:

Jun 11

Cем стагоддзяў нашай драўлянай архітэктуры


У публікацыі за 8 чэрвеня мы размаўлялі пра самыя старыя мураваныя будынкі Беларусі. Зразумела, што нягледзячы на ўсе катаклізмы, іх захаванасць больш верагодная. Бо пажар можа знішчыць дах, вокны-дзверы, начынне, але сцены выстаяць. А вось для драўлянага будынка пажар...

Тым не менш, у беларусаў ёсць унікальная мажлівасць паглядзець і дакрануцца да драўляных будынкаў, якім 200, 300, 400 і нават 700 гадоў!
Чытаць далей »

Тэгі: ,

Jun 09

Пахавалі былога кіраўніка Менгарвыканкама. Мне, як чалавеку, які нарадзіўся і 23 гады жыве ў Менску, Паўлаў запомніўся некалькімі рэчамі:
* зносам шапікаў, у выніку -- каб купіць жуйку, трэба ісьці ў краму; 40 000 чалавек засталіся беспрацоўнымі. збольшага гэта -- жанчыны (прадавачкі), якія часьцяком сваёй працай кармілі сям'ю. За знос кіёскаў Паўлава пракляў увесь горад. Зрэшты, неўзабаве ён і захварэў на гэты страшны рак...
* пабудовай Менскай ратушы. За гэта -- паклон! Адбудова сымбалю самакіраваньня, зьнішчанага ўсходнімі суседзямі-азіятамі, была справай гонару для нашай сталіцы.
* абсалютна безгустоўным падсвятленнем горада: неэстэтычна і неэканомна.
* менавіта пры Паўлаве руйнаваньне помнікаў архітэктуры дасягнула апагею: "Мінская спадчына" атрымала поўны карт-бланш на зьнішчэньне старых будынкаў, якім карыстаюцца і па сёньня.

Зразумела, што было зроблена таксама шмат добрага для гораду, але найперш чамусьці згадваецца вось гэта. Але ацэньваць Паўлава ўжо ня нам.

Jun 08

Дзень, як сын дачаканы, падрос.
Ціша стому вярнула дадому.
І ступаў малады Хрыстос
Па вадзе, як па сухому.

Тыя, што над вадой
І ў вадзе,
Ўсе нямелі ў нябесным зьдзіве,
Ведалі,
Гэта Сейбіт ідзе
Сеяць душы
На горкай ніве.

Досьвітак загараўся й гас.
І рабіліся блізкімі далі.
Хвалі ўрэшце дагналі час
І Хрыстовы
сьляды захавалі.

Ростань выкне вініць успамін.
У сустрэчы сьцежка крывая.

Калі Госпаду верыш, як Сын,
Дык цябе і вада трымае...

Рыгор Барадулін

24 лютага 2007, рэанімацыя

Тэгі:

Jun 08

Дзе паспаліты люд можа памацаць 900-гадовую сценку і пабачыць храм, які памятае Вітаўта Вялікага?

Запытайся ў каго, каторыя помнікі архітэктуры ў нас найстарэйшыя, дык назавуць які Мірскі ці Нясвіжскі замак. Гэта натуральна — бо згаданыя аб'екты найбольш рэкламаваныя, цяпер абодва замкі аднаўляюцца, паломніцтва турыстаў туды не спыняецца круглы год. Аднак Мірскі замак, паводле самых смелых падлікаў, пачаў будавацца ў 1506 годзе, Нясвіжскі — у 1583-м. Няўжо няма нічога старэйшага? Ёсць! Паспрабуем пералічыць у храналагічным парадку тыя будынкі, дзе захавалася прынамсі істотная частка аўтэнтыкі. У асноўны рэйтынг дзеля роўнасці не будзем браць драўляныя пабудовы і падмуркі храмаў. Па часе абмяжуемся прамежкам да XV стагоддзя ўключна. Такім чынам..

Чытаць далей »

Тэгі: , ,

Jun 08

10 чэрвеня (чацьвер) 19 00
на малой сцэне
Купалаўскага тэатра

Алесь Камоцкі
МІТУСЬНЯ КАЛЯРОВЫХ ДЗЁН
сустрэча з песьнямі

Спосаб набыцьця квіткоў толькі адзін -
патэлефанаваць +375 29 2532504 і набыць,
і ніяк іначай.

PS. І зноў абсалютна выпадкова сталася так, што чэрвеньская сустрэча практычна супала з Днём Народзінаў Алеся Камоцкага. 😉

http://kamocki.livejournal.com/

Тэгі: