it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Dec 24

Мне прысніўся Хрыстос паднябеснага росту,
Сінявокі,
русявы --
расчэсаны месяцам чуб.
Побач з ім
сінявокі,
русявы,
нябеснага росту апостал --
І ў абодвух усмешка не сыходзіла з губ.

Яны крочылі разам
па друзе,
па Менску згарэлым,
Збамбаваным ушчэнт грамадзянскай вайной,
І хрыстос нёс сувоі чырвонага з белым,
А апостал -- чырвона-зялёны сувой.

Як сцяна прад сцяной, яшчэ людзі на плошчах стаялі,
Але ўжо і ў Хрысце,
і ў апостале
пазнавалі адзін аднаго
І чырвоным, зялёным і белым
Скалечаны Менск бінтавалі,
І зацягвалі шнары, загойвалі раны Яго.

І ўставала чырвонае сонца, і белыя птахі луналі,
І сцялілася лета зялёнай травой на зямлю,
І сляпыя з відушчымі абдымалі адзін аднаго,
пазнавалі,
Цалавалі адзін аднаго і казалі
-- Люблю.

Даравальная нядзеля, 2009

Тэгі:

Dec 24
23.12.2010 «Вясна», фота Аляксандры Белавокай
Знакаміты рок-музыка Лявон Вольскі звяртаецца да ўсіх вядомых і аўтарытэтных людзей – беларускіх і замежных – музыкаў, літаратараў, мастакоў, спартоўцаў з заклікам павіншаваць асуджаных да арышту ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску з надыходзячымі Калядамі і Новым годам: «Вы – вядомыя людзі. Дык давайце ж разам створым сапраўдны Калядны цуд – асветлім змрочныя вязніцы!»

Зварот Лявона Вольскага

Шаноўныя сябры!

Мы прапануем Вам паўдзельнічаць у гуманітарнай акцыі. У Беларусі напярэдадні Калядаў і Новага году шмат людзей апынуліся ў месцах пазбаўлення волі. Яны былі арыштаваныя за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску. Ім наканавана правесці Каляды і Новы год за кратамі.

Гэта нявесела. Таму давайце крышачку расквецім іхнія шэрыя будні. Давайце напішам ім Калядныя паштоўкі! Канкрэтным людзям, у кожнага з якіх ёсць імя і прозвішча, праца, вучоба, каханне і ўлюбёная справа.

Выберыце, калі ласка, сабе асобу, якой Вы напішаце Калядную паштоўку. І пачынайце. Толькі не трэба надрыву, пафасу і слёз. Арыштаваным і без гэтага нялёгка. Давайце павіншуем нашых вязняў светла, радасна і з верай у лепшае. Вы – вядомыя людзі. Дык давайце ж разам створым сапраўдны Калядны цуд – асветлім змрочныя вязніцы!

* * *

Праваабарончы цэнтра “Вясна” вітае ініцыятыву рок-музыкі і прапануе далучыцца да гэтай віншавальнай акцыі ўсіх нераўнадушных людзей. На сайце spring96.org размешчаны спісы асуджаных: гэты спіс няпоўны і вельмі мала інфармацыі, хто ў якім месцы адбывае арышт, але спіс увесь час дадаецца, і бліжэйшыя дні мы спадзяемся праінфармаваць зацікаўленых больш дакладна. Таксама просім усіх, каму вядома, дзе адбываюць пакаранне канкрэтныя арыштаваныя – паведамляць пра гэта па электроннаму адрасу infocenter8@gmail.com Так разам мы вызначым, куды накіроўваць ім віншаванні з надыходзячымі святамі.

На сённяшні дзень вядома, што арыштаваныя знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску і Ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіна. Адрасы, па якіх можна накіроўваць паштоўкі:

220089

Мінск, 1-ы завулак Акрэсціна, 36

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў

Імя і прозвішча адрасата

222160

Мінская вобласць, Смалявіцкі раён, г. Жодзіна, вул. Сухаградская, 1

Жодзінскі РУУС

Імя і прозвішча адрасата

Тэгі:

Dec 23

Паводле іх версіі, карэспандэнту гэта прыснілася, а камяні не маглі трапіць у машыну з пяском

У мінулую пятніцу мы з калегам Яўгенам Валошыным, загадчыкам аддзела расследаванняў "Звязды", ехалі ў Гомель у камандзіроўку. Калі да Гомеля заставалася яшчэ 103 кіламетры, перад намі ўзнікла машына, якая пасыпала дарогу пяском. Ехала яна паводле правілаў — з мігалкай, з хуткасцю 40-50 кіламетраў за гадзіну.

Мы, шчыра кажучы, прыпазняліся. Таму, не парушаючы правілаў дарожнага руху, вырашылі абагнаць дарожную машыну. Калі параўняліся — апынулася, што з машыны разам з пяском ляцяць каменьчыкі і камяні. Хоць і праскочылі хутка — тры "раненні" на шкле. Не трэшчыны, сколы. Але з іх у любы момант могуць пайсці і трэшчыны...

— Та-а-ак, Глеб Паўлавіч, — працягнуў Валошын. — Былі б большыя камяні, маглі б з табой і ў лоб атрымаць... Што за бясчынства?! Гэта ж — небяспека для людзей! Чытаць далей »

Тэгі:

Dec 23

Юбілейны вечар Рыгора Барадуліна адбудзецца 28 снежня
ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску

"Як так, 75 гадоў Барадуліну споўнілася 24 лютага!" — заўважаць самыя пільныя чытачы "Звязды". Аднак яшчэ пільнейшыя згадаюць, што гэтую дату класік, на жаль, сустрэў у рэанімацыі — цэлы месяц медыкі змагаліся за жыццё дзядзькі Рыгора... І тое, што вечарына адбываецца толькі цяпер — не бяда. Такія даты, як 75 гадоў, святкуюцца не адзін дзень, а цэлы год!

Вечарына ў філармоніі пройдзе ў форме прэзентацыі фільма пра Барадуліна "Як па сухому..." рэжысёра Алеся Матафонава. Гледачы ведаюць спадара Алеся па цыклу бліскучых дакументальных фільмаў "Лабірынты" на тэлеканале ЛАД. Фільм пра Барадуліна атрымаўся не менш удалы — паэта здымалі на ягонай радзіме, ва Ушачах. Каля каміна, за пісьмовым сталом, ля бацькавага вяза. Гэтае дрэва ля брамкі Барадулінскай хаты — знакавае. Калі паэт вучыўся ў 10 класе, ён прымацаваў да яго шпакоўню. Невысока — як лесвічка дастала. Цяпер, каб пабачыць шпакоўню, трэба задзерці галаву — за прамінулы час шпакоўня ўзнеслася ў нябёсы метраў на дваццаць! Чытаць далей »

Тэгі:

Dec 23

у іх, пэўна, ёсьць сем'і, якія лічаць іх героямі. у іх ёсьць бацькі, якія іх выкармілі. ёсьць суседзі, якія не падазраюць, якая пачвара жыве зь імі ў адным пад'езьдзе. пачаўся абсалютна натуральны працэс. трэба ведаць свіх герояў. глядзець ТУТ

Dec 23


Рыгор Барадулін

чытачы Блогу Кацярына Казакова і Лявон Воўк з Гомелю прапанавалі цудоўную рэч -- павіншаваць усім ахвотным з Калядамі і Новым Годам народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, а таксама сястру Васіля Быкава Валянціну Ўладзімераўну.

чаму іх? магчыма таму, што на Блогу пра іх вялося неаднойчы, ды разам з Вамі мы ўжо так ці інакш дапамагалі гэтым людзям. пэўна, ім будзе прыемна атрымаць да Калядаў Вашыя паштоўкі.

хто за -- падкажу адрэсы, лістуйце на labadzenka@gmail.com

Валянціна Быкава

Тэгі: ,

Dec 22

Астатнія гарады зайздросцяць самым "прасунутым" райцэнтрам

Лідчукі не перастаюць прыемна здзіўляць. У ліпені, да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, там з'явілася вуліца Грунвальдская. А цяпер вось — бульвар імя князя Гедыміна! Заснавальнік горада ўсё ж, і замак збудаваў ён!

— Так і пішам людзям у дакументах — "бульвар князя Гедыміна", — кажа Аляксандр КАСЦЮЧЭНКА, намеснік начальніка Лідскай філіі Гродзенскага абласнога агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру. — Там шмат прыватных, а таксама шматкватэрных дамоў. Так што жыхароў бульвара князя Гедыміна будзе шмат! Раней гэтая вуліца называлася Чапаева. Некаторыя не зусім разумелі, навошта перайменавалі. Я ім тлумачыў, што Гедымін — заснавальнік Ліды. Тады згаджаліся. А вось жыхары вуліцы Ламаносава, якая стала часткай праспекта Перамогі, абураюцца і дагэтуль. Кажуць, Ламаносаў добры чалавек быў!.. Мы, дарэчы, людзям новы адрас рэгіструем бясплатна, і пашпартысты ім рэгістрацыю бясплатна змяняюць — бо гэта выкананне рашэння выканкама. Чытаць далей »

Тэгі:

Dec 21

Dec 21

чытачка Марыся з Гомелю просіць дапамогі чытачоў Блогу:
"Шукаю рэцэптуру Традыцыйнай каляднай стравы - Куцця (галодная, багатая)...Як прыгатаваць калядную Куццю?..."

Рэцэпты пакідайце ў камэнтах!

Dec 21

Тады вам — прамая дарога ў псіхіятрычную бальніцу!

І не спяшайцеся крыўдаваць. Напраўду — у адзіным у Беларусі доме-крэпасці 1613 года цяпер размяшчаецца такая медыцынская ўстанова. І гэта — сапраўднае шчасце для гэтага помніка архітэктуры. У той час, калі дзясяткі іншых палацаў і сядзіб стаяць у руінах, крэпасць у Гайцюнішках падтрымліваецца ў цудоўным стане! А зусім нядаўна медыкі зрабілі тут рамонт, у значнай ступені вярнулі крэпасці былую веліч. Адкуль у Воранаўскім раёне, на самай мяжы з Літвой такі цуд? Збудаваў яго Пётр Нонхарт, галандскі дойлід, які напрыканцы ХVІ стагоддзя быў прызначаны галоўным архітэктарам Вільні — а ў Гайцюнішках вырашыў атабарыцца (хоць да Вільні 50 км.). Паколькі Нонхарт спецыялізаваўся на абарончых пабудовах, сваё жытло "па інерцыі" змураваў, як сапраўдную крэпасць. Ды так удала, што шведы не змаглі ўзяць яе падчас вайны!..

...Яшчэ пару гадоў таму тут была строгая памежная зона, вас маглі запраста аштрафаваць за нелегальнае знаходжанне ў ёй. Цяпер Памежны камітэт, на шчасце, значна звузіў плошчу зоны. Пабачыць шматлікія помнікі архітэктуры стала прасцей! І, хоць дазвол па-ранейшаму трэба, цяпер усё лягчэй. Чытаць далей »

Тэгі: ,