it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Aug 27

Надрукавана ў сёньняшняй “Звяздзе” ў падборцы матэрыялаў пра стан беларускай мовы ў грамадстве.

Беларуская мова ў Мінску – рэдкі від. У паспяхова зрусіфікаванай камуністамі краіне – адпаведная сталіца. Мода на грэблівае стаўленне да беларускай мовы пайшла пасля апошняй вайны. Тады ў Мінску засталося каля 50-80 тысяч чалавек, зараз – пад 2 мільёны. Пасля смерці Сталіна, калі людзям выдалі пашпарты, вяскоўцы выправіліся ў горад шукаць лепшае долі. Да таго ж, паводле хітрага савецкага плану, людзей “тасавалі” між саюзнымі рэспублікамі – каб сцерці іх нацыянальную адметнасць, зрабіць іх аднолькавымі, касмапалітамі.

Тады і з’явілася гэтая грэблівае азначэнне – “калхозьнік”. Не, яно не было сінонімам “калгасніка” – чалавека, які працуе ў калгасе, на зямлі. Яно грунтавалася на недасканалым веданні рускай мовы, на прыродным беларускім акцэнце. Савецкі чалавек мусіў размаўляць выключна на “великом и могучем”. А каму гэта не зусім удавалася – той “калхозьнік”. І калі ў вёсцы моды на рускую мову не было, як няма і зараз, то “гарадскія” людзі мусілі выключна “абшчацца”, а не “размаўляць”. А прыхадні, што панаехалі сюды з усяго Саюзу, пасмейваліся над беларусамі за іх “г”, “ч” і “дз”. І пазаўчорашнія вяскоўцы ў такт пасмейваліся над вяскоўцамі ўчорашнімі.

Я шчаслівы, што не памятаю Савецкага Саюзу. Што пайшоў у школу ў 1993 годзе – і грамату за першыя класы меў ужо з гербам незалежнай Беларусі. Тады адраджаліся беларускамоўныя школы, але мае бацькі, як узорныя савецкія людзі, аддалі сына ў адзіную ў раёне рускамоўную – мяркуючы, што там адукацыя лепшая. Лёс усё вярнуў на свае месцы – і сын вырас годным беларусам.

Калі я вучыўся ў 7 класе, то па сваёй ініцыятыве пазнаёміўся з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Мова Дзядзькі Рыгора ўразіла мяне. Я стаў хадзіць на літаратурныя вечарыны, канцэрты беларускіх музыкаў, пазнаёміўся з гісторыкамі, мастакамі, навукоўцамі, пісьменнікамі…
Ведаеце – гэта зусім іншы свет. Гэта свет культурнага і інтэлектуальнага дыялогу, свет еўрапейскага (а не азіяцкага) мыслення, свет любові да гісторыі сваёй краіны, яе мовы і культуры.

Ці ўтульна мне ў сённяшнім Мінску? Я часам задаюся гэтым пытаннем. Мой асабісты свет – беларускі па духу і мове. Пераважная большасць маіх сяброў і знаёмых размаўляе па-беларуску. Пераважная большасць найлепшых інтэлектуалаў Беларусі – таксама. Ніхто мяне не пераканае ніколі, што беларус можа напісаць нешта вартае па-руску ці на якой іншай мове. Няма такога панятку, як “рускамоўная літаратура Беларусі”. Ёсць руская літаратура (паводле мовы) і беларуская (таксама паводле мовы).
Агмень Беларушчыны заўжды падтрымлівалі 300 спартанцаў. Ёсць яны і сёння. Таму калі нехта крычыць, што “мова гіне” – гэта не апошні крык. Мова гэтак сама гінула і пад царскім прыгнётам, і пад прыгнётам панскім. Як гінула ў час Багушэвіча, гэтак гіне і зараз.

А мы, наіўныя, радуемся, калі пачуем беларускае слова ў тралейбусе, на рэдкай-рэдкай рэкламе, з радыё… Прызнаемся сабе: беларуская мова ў шырокім грамадстве заняла батлейкавую ролю. Ролю шыльдаў і абвестак у транспарце. Калі ты сёння ў Мінску гаворыш у транспарце па-беларуску, на цябе глядзяць альбо як на вар’ята, альбо называюць “апазіцыянерам”. Я не вар’ят – ёсць даведка. І не апазіцыянер – ніколі не быў ні ў якім палітычным руху ці партыі. Я беларус – вось мая рэлігія і мова, вось мой дух і мая роля.
І прыцягнуць людзей да беларушчыны можна толькі сваім прыкладам – каб яны пераканаліся, што ты ні першае, ні другое – а нармальны адукаваны хлопец, якому ёсць, што сказаць.

…Тры гады таму я напісаў зычлівы ліст на фабрыку “Камунарка”. Маўляў, дзякуй вам за такія смачныя цукеркі, але давайце напішам на іх на дзвюх дзяржаўных мовах. І прапанаваў свае бясплатныя перакладніцкія паслугі. Кіраўніцтва фабрыкі ўспрыняло прапанову з вялікім энтузіязмам. Я за месяц ці два пераклаў іхныя 500 назваў цукерак і шакаладак. На падзяку мне зладзілі экскурсію па фабрыцы, пасля якой я не мог бачыць цукеркі ці не год. І вось цяпер у краме вы купляеце “Чырвоны Каптурок”, “Конік”, “Свавольнік Алёшка”, “Гарэза”…

Чым казаць, што мова гіне, давайце зоймемся такімі вось маруднымі штодзённымі справамі. Калі будзе 300 спартанцаў, нацыя выжыве.

Тэгі:


7 Responses to “300 спартанцаў беларускай культуры”

  1. 1. Мікалай Says:

    Дзякуй. Я ўжо (ці яшчэ?) 2 гады прыкладаю свае намаганні, каб звярнуць увагу людзей на беларускую мову. Пішу ва ўсіх дакументах, запаўняю ўсе бланкі, квіткі, усталёўваю сабе і іншым на працы (я сісадмін) беларускамоўны софт, пішу падзякі за ўжыванне белмовы арганізацыям ў кнігі заўваг ці скаргі за неўжыванне ці непаважлівае стаўленне да яе (памылкі у банкаматах, адсутнасць беларускамоўных варыянтаў сайтаў ды інш.). Але сам ну ніяк не магу пачаць размаўляць (увесь час) – толькі пішу і чытаю! Калі б ні гэты прыкры факт, то прасіў бы залічыць мяне ў 300 спартанцаў 🙂

  2. 2. Юрась Says:

    Дзякуй за цукеркі, пазітыўна!

  3. 3. astrynczanka Says:

    “Тады і з’явілася гэтая грэблівае азначэнне – “калхозьнік”. Не, яно не было сінонімам “калгасніка” – чалавека, які працуе ў калгасе, на зямлі. Яно грунтавалася на недасканалым веданні рускай мовы, на прыродным беларускім акцэнце”. Два гады таму з сяброўкай мела размову на гэтую тэму: яна таксама абзывала вясковых “гараджан” “калхознікамі”, а я ёй спрабавала давесці, што і сярод “калхознікаў” ёсць людзі, што, напрыклад, я не буду цурацца сваіх бацькоў толькі з-за таго, што яны размаўляюць на “трасянцы”. у выніку сяброўка ў кастрычніку выходзіць замуж за сына фермера 🙂 не так даўно нагадала мне нашую размову і сказала, што два гады таму я мела рацыю ў сваёй пазіцыі.

    Дзякуй за матэрыял. Можа пасля яго колькасць спартанцаў вырасце хаця б удвая.

  4. 4. Наталля Says:

    Дзякую, Глеб! Сапраўды, так яно ўсе было і есць. Большасць беларусаў як нарадзілася “хомасавецікус”, так відаць такімі і памрэ. Крыўдна за народ, які абірае гэты шлях і сення, жыве па прынцыпу была б толькі чарка і шкварка (хлеб і відовішчы), але ж па каментарыях бачу, што 300 спартанцаў-беларусаў усе ж не міф. Значыцца “будзе” ўсе ж такі пад сумненнем, можа і дачакаемся яшчэ хвалі адраджэння беларускасці.

  5. 5. Кастусь Says:

    Нажаль, мова нават ролю шыльд і аб’яў гуляе далёка не заўсёды. У Верхнядзвінску, напрыклад, з гэтым пакуль усё вельмі складана. Я паспрабаваў вынесці гэтае пытанне на форум, вось, што з гэтага атрымалася: http://v-dvinsk.info/forum/index.php?f=3&t=12&rb_v=viewtopic

  6. 6. vedmo4ka Says:

    я тоже за возрождение национальных культур. вот живу в Беларуси , а говорю на родном русском. Но… главное – понимать друг друга. Я верю в мировую религию в мировом госудврстве, а язык должен, вероятно, тоже быть мировым. Как-то гуляли в Питере с туристом-французом три часа случайно. Я говорю по-русски, белорусски, немецки, он владел английским, родным и итальянским, но как было тепло и приятно от общения на грани фантастики. Может, в будущем мы научимся читать сердцем в сердце))))))))))

  7. 7. Сяргей Says:

    У буфеце нашай установы “Свавольнік Алёшка” распрадаецца за некалькі хвілін. Ніхто з супрацоўнікаў не кажа “купи мне конфету” ці “батончик”, як на іншыя прысмакі, – толькі “Свавольніка Алёшку”. З перакладам карысць вельмі вялікая.

Leave a Reply