it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Mar 23

У Слуцку адбудзецца прэзентацыя факсіміле Рыгора Барадуліна

Факсімільнае перавыданне першага паэтычнага зборніка народнага паэта Беларусі “Маладзік над стэпам” будзе ўпершыню прэзентавана ў Слуцку 24 сакавіка. Адбудуцца дзве літаратурныя імпрэзы: а 13-й гадзіне – ў гімназіі № 1, а 17-й – у літаратурнай гасцёўні “Алімп” у Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Прэзентаваць кнігу будзе Глеб Лабадзенка, журналіст газеты “Звязда”, які прапанаваў Рыгору Барадуліну перавыдаць яго першы зборнік праз 50 гадоў. “Гэта ўнікальнае выданне,  якое пабачыла свет зусім нядаўна і стала падарункам да 75-годдзя Рыгора Барадуліна, – расказаў у размове з карэспандэнтам “Кур’ера” Глеб Лабадзенка. – Факсіміле зроблена з асобніка, які паэт падпісаў сваёй маці Акуліне Андрэеўне, і ўтрымлівае два аўтографы аўтара”. На прэзентацыі можна будзе набыць паэтычны зборнік і камплект сувенірных паштовак, выдадзеных да юбілею Рыгора Барадуліна.
Таксама ўдзельнікам імпрэз будзе прэзентаваны дыск “ГАЛАСЫ Ўладзімера Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна. 1968 год”. На дыску змешчаны ўнікальныя архіўныя запісы: вершы і песні Караткевіча, вершы Ларысы Геніюш і Рыгора Барадуліна — усё ў аўтарскім выкананні.
І гэта яшчэ не ўсё. Глеб Лабадзенка абяцае пачытаць слуцкай публіцы ўласныя вершы, а таксама прывезці з сабой калегу з газеты “Звязда” Яўгена Валошына, лідара гурта “HandmadE”. Ён выканае аўтарскія песні і распавядзе, як прарываўся ў беларускі шоў-бізнэс.

Прэзэнтацыя адбудзецца ў межах кампаніі “Будзьма!”

http://kurjer.info


Leave a Reply