it cz lt rb
ua fr pl en
se by
Apr 26

traven

 

Фестываль «Травень»: крыштальная чысціня беларускай музыкі

Гурты Re1ikt, «Людзі на балоце», HandMade, праект Naka piano і спявачкі Тацяна Беланогая і Кася Камоцкая стануць гасцямі першага акустычнага фестывалю «Травень».

Фестываль пройдзе 18 траўня на пляцоўцы мінскага клубу «Мулен Руж». У ім возьмуць удзел самыя цікавыя беларускія каманды і выканаўцы, якія працуюць у плыні акустычнай музыкі. Заяўлены выступ шасці выканаўцаў. І кожны з іх рыхтуе свой адметны сэт. Найлепшы беларускі гурт-2013 па версіі парталу Tuzin.fm Re1ikt прадэманструе сваё новае гучанне з духавымі інструментамі, Naka piano сыграе пад акампанімент піаніна новыя беларускія творы, поўным складам пакажа сваю абноўленую праграму гурт Handmade, Тацяна Беланогая прадставіць нізку песень на словы Яўгеніі Янішчыц, а «Людзі на балоце» на вершы Дануты Бічэль, свае найлепшыя песні за 25 год, а таксама некалькі новых зайграе першая беларуская рок-князёўна Кася Камоцкая.

Мерапрыемства ладзяць інтэрнэт-партал Tuzin.fm, грамадска-культурная кампанія «Будзьма беларусамі!» і творчая каманда паб-клубу «Графіці». «Мы збіраем на адной сцэне разам улюбёных музыкаў-сонграйтэраў, найлепшых прадстаўнікоў бард-року, гурты, якія з дапамогай толькі акустычных інструментаў дасягаюць неверагоднага гучання і надаюць вялікую ўвагу Слову», – кажуць арганізатары фестывалю.

«Травень» мае стаць традыцыйным і праходзіць двойчы на год. Ідэя фестывалю акустычнай музыкі ўжо выклікала вялікі водгук у беларускіх музыкаў, таму вырашана абвесціць адбор на другі фэст, які пройдзе ўжо гэтай восенню. Да 18 траўня музыкі, якія працуюць у фармаце unplugged, могуць падаваць заявы на ўдзел у адборачных канцэртах, якія будуць праходзіць цэлае лета.  Падрабязнасці пра ўмовы – тут.

Аўдыё, відэа, каментары ўдзельнікаў фестываля “Травень” – па гэтай спасылцы.

Інфармацыя для афішы:

18.05. Мінск, клуб «Мулен Руж» (вул.Кальварыйская, 1). Пачатак у 17.00. Фестываль «Травень»: Re1ikt, «Людзі на балоце», Handmade, Тацяна Беланогая, Naka piano і Кася Камоцкая. Вядучы – Алег Хаменка. Пачатак у 17.00. Квіткі – 120 000 – 170 000 руб. (танцпляц на cайце Kvitki.by і ў клубе «Графіці»; столікі – толькі ў клубе «Графіці»).

 

 

 

Тэгі:


Leave a Reply